Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 550 грамадзянаў зьвярнуліся да Ўсебеларускага сходу: «Не давяраем ўладам»


Людміла Кучура

Людміла Кучура

«Прыйшоў час перайсьці ад паслухмянага падняцьця рук на Ўсебеларускім сходзе да падыманьня рэальных праблем на гэтым форуме», — зьвяртаюцца да ўдзельнікаў праўладнага мерапрыемства 559 грамадзянаў Беларусі.

Зварот ініцыявалі людзі, якія лічаць, што іх грамадзянскія правы парушаныя. Яны называюць праблемы, якія, на іх думку, найбольш хвалююць усё беларускае грамадзтва. У тым ліку гэта неабароненасьць грамадзянаў перад свавольствам чыноўнікаў, немагчымасьць ў незалежным судзе абараніць свае правы, парушаныя несумленнымі супрацоўнікамі міліцыі, сьледзтва і пракуратуры. Таксама падпісанты падтрымалі крытычныя высновы аўтараў звароту адносна эканамічнай і сацыяльнай сытуацыі ў краіне.

Народ ператвараецца ў жабракоў і памірае.

«Народ ператвараецца ў жабракоў і памірае, бо якасная мэдыцына недасягальная, лекі дарагія, заробкаў і пэнсій хапае толькі на выжываньне, бо квартплата і кошты растуць вар’яцкімі тэмпамі, вяршэнства закону цалкам адсутнічае. Між тым „слугі народу“ на гэтым фоне становяцца толькі багацейшымі і здаравейшымі, ды ўпэўнена павучаюць народ, як яму жыць і колькі пар абутку насіць», — сказана ў звароце да Ўсебеларускага сходу.

Адзін з аўтараў звароту — менчанка Людміла Кучура, якая больш за 10 год дамагаецца перагляду справы свайго мужа, якога суд асудзіў за забойства. Пасьля марных скаргаў у суды і зваротаў да чыноўнікаў Людміла Качура вырашыла наўпрост зьвярнуцца да ўдзельнікаў Усебеларускага сходу. Жанчына спадзяецца, што будзе пачутая, хаця пакуль яе зваротамі дзяржаўныя мэдыі не зацікавіліся. Акрамя крытычных заўваг на адрас ўладаў Людміла Кучура прапанавала шэраг крокаў па рэфармаваньні законаў і ўладнай структуры, пра якія паведаміла карэспандэнту Свабоды.

Нават ў Расеі ёсьць амбудсмэн, а на яе прыклад ў нас любяць спасылацца.

«Першае, ў Беларусі абавязкова трэба прызначыць ўпаўнаважанага па правах чалавека, як яго называюць яшчэ — амбудсмэна. Гэты інстытут нам вельмі патрэбны, калі дзяржава сапраўды клапоціцца пра нашы правы, як яна заяўляе. Вось хай ўдзельнікі сходу гэта абмяркуюць і выкажуць сваю пазыцыю. Нават ў Расеі ёсьць амбудсмэн, а на яе прыклад ў нас любяць спасылацца.

Яшчэ мы прапануем стварыць незалежную камісію па перагляду спрэчных на нашу думку крымінальных ды іншых спраў і абмеркаваць працу судоў, пракуратуры, МУС, Сьледчага камітэту, Адміністрацыі прэзыдэнта за мінулыя 5 год. У нас меркаваньне, што гэтую працу варта прызнаць нездавальняючай. І нарэшце мы патрабуем скараціць заробкі і пэнсіі чыноўнікам, а падвысіць працоўным, сялянам і служачым. Цікава, а што на гэта скажа сход?» , — сказала Людміла Кучура.

Іншыя патрабаваньні падпісантаў звароту да Ўсебеларускага народнага сходу можна знайсьці на сайце «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру». Подпісы пад зваротам да Ўсебеларускага сходу «Народ не давярае ўладам» сабраныя на 38 аркушах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG