Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыйныя структуры дамовіліся аб каардынацыі падчас выбараў. БНФ адасобіўся


Апазыцыйныя дэмакратычныя арганізацыі Беларусі 21 чэрвеня завяршылі працэс падпісаньня пагадненьня аб каардынацыі сваёй дзейнасьці падчас падрыхтоўкі і правядзеньня выбарчай кампаніі 2016 года, паведамляе БелаПАН.

Пагадненьне было падпісана ў межах пастаянна дзеючай кансультатыўнай рады прадстаўнікамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», руху «За Свабоду», руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць», руху салідарнасьці «Разам», незалежнага прафсаюзу РЭП, арганізацыйных камітэтаў па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Партыі працоўных, Партыі жанчын «Надзея», Партыі свабоды і прагрэсу.

Будзе прынятая сумесная заява з прапановамі Цэнтрвыбаркаму аб павышэньні празрыстасьці выбарчага працэсу, фарміраваньні камісій і падліку галасоў.

Бакі дамовіліся распрацаваць сумесную частку пасланьня выбаршчыкам, узгадніць вылучэньне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Прадстаўнікам апазыцыйных дэмакратычных арганізацый рэкамэндуецца праводзіць сумесныя пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты, сумесныя сустрэчы з выбарцамі, а таксама ўзгадняць назіраньне за падлікам галасоў.

«Гэта максымальна, на што здольная пайсьці сёньня апазыцыйны рух у сумесных дзеяньнях падчас выбарчай кампаніі», — заявіў лідэр аргкамітэту па стварэньні Партыі працоўных Аляксандр Бухвостаў.

Былы палітвязень Мікола Статкевіч, таксама які падпісаў пагадненьне, назваў гэты дакумэнт «досыць сьціплай» формай каардынацыі. «Гэта і зразумела, бо кансультатыўная рада — гэта пляцоўка больш для дыялёгу. Але тым ня менш, ёсьць і канкрэтныя важныя рашэньні, у прыватнасьці, што тычацца рэакцыі на магчымыя фальсыфікацыі», — адзначыў палітык.

Партыя БНФ падпісваць пагадненьне адмовілася, прыняўшы адпаведнае рашэньне на паседжаньні сойму 18 чэрвеня. «Падпісваць нейкія сумесныя праграмы, плятформы мы не зьбіраемся, нам гэта абсалютна нецікава. Гэта слаба ў параўнаньні з нашай перадвыбарнай плятформай», — заявіў лідэр партыі Аляксей Янукевіч. Ён назваў дакумэнт «псэўдаабʼяднальнай ініцыятывай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG