Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як белы генэрал родам зь Беларусі стаў чэскім военачальнікам


1920 год.

1920 год.

Чэскае інтэрнэт-выданьне Tyden піша пра Сяргея Вайцяхоўскага, былога царскага афіцэра, які нарадзіўся ў Віцебску, а пасьля зьвязаў сваё жыцьцё з Чэхаславаччынай, і як сям’я энтузіястаў адраджае памяць пра свайго земляка ў Беларусі.

1938 год.

1938 год.

«Накірунак нашым высілкам дала выпадковасьць», — кажа Андрэй Радаеў, беларускі бізнэсовец і гісторык-аматар. Радаеў, які пастаўляе з Чэхіі ў Беларусь мадэлі самалётаў, аднойчы ў праскай кнігарні знайшоў выданьне аб рускай эміграцыі. Прачытаўшы дома кнігу, зацікавіўся асобай Сяргея Вайцяхоўскага — былога царскага афіцэра, які эміграваў пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Чэхаславаччыну, даслужыўся там да генэрала арміі ды камандуючага войскамі рэгіянальнага ваеннага штабу ў Празе, а ў 1945 годзе быў арыштаваны СМЕРШам і памёр у сыбірскім працоўным лягеры. Лёс Вайцяхоўскага і тое, што ён нарадзіўся ў Віцебску, так уразілі Андрэя і ягоную жонку Іну, што яны вырашылі: на радзіме павінны даведацца пра свайго земляка.

Задумалі зрабіць выставу пра Вайцяхоўскага. Але гэта патрабавала вялікай працы ў чэскіх і расейскіх архівах. Ім пашанцавала: удалося знайсьці спонсара, дапамогу прапанавалі і чэскія архівісты. Праблемы ўзьніклі пры супрацоўніцтве зь некаторымі расейскімі гісторыкамі: «Напрыклад Георгі Канінскі зь Екацерынбургу, біёграф генэрала Вайцяхоўскага. Ён напісаў, што супрацоўніцтва павінна быць узаемавыгадным, але ў той час у нас на руках яшчэ нічога не было. Ягонае стаўленьне, аднак, адразу зьмянілася, калі мне ўдалося тое-сёе адшукаць у Чэхіі і я мог перадаць яму свае першыя вынікі,» — кажа Радаеў.

Сям’я Радаевых літаральна прачэсвала крамы антыкварыяту, на адным аўкцыёне нават знайшлі сямейны альбом Вайцяхоўскага. Уладальнік зьбіраўся прадаць яго за € 2500 пакупніку зь Вялікабрытаніі, але ў выніку зьмяніў меркаваньне, і прадаў Радаевым за сымбалічны кошт, практычна падараваў. У верасьні 2012 году ў іх было так шмат матэрыялу, што яны змаглі сарганізаваць выставу ў Нацыянальным гістарычным музэі ў Менску.

Акно на дзяржаўнае тэлебачаньне

На адкрыцьцё выставы запрасілі кіраўніцтва дзяржаўнага тэлебачаньня і прадусарскую кампанію, якая спэцыялізуецца на дакумэнтальных фільмах. «Нам пашанцавала, што чалавек, які прымае рашэньне пра здымкі, сам быў вайскоўцам, некаторы час жыў ва Ўладзівастоку і ведаў, што там знаходзяцца магілы легіянэраў,» — кажа Радаеў.

1912 год.

1912 год.

Фільм здымала рэжысэрка Анастасія Мірашэнкава, яго не аднойчы паказвалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах, дзе можа зьявіцца толькі тое, што супадае з афіцыйнай палітычнай лініяй краіны. «Гэта азначае, што Вайцяхоўскі набыў статус асобы, прызнанай дзяржавай», — кажа Радаеў. Яшчэ некалькі гадоў таму цяжка было ўявіць, што беламу генэралу, імігранту і вязьню ГУЛАГу аддадуць у Беларусі такую пашану. Напрыклад, калі Радаевы прапанавалі тэму Вайцяхоўскага маладому рэпарцёру з вайсковай газэты, у ягонага рэдактара гэтая ідэя ня выклікала ніякага энтузіязму. «Сказаў яму, каб ня лез у гэтую справу», — расказвае Радаеў.

Страх перад белым генэралам

Наконт Вайцяхоўскага ў Іны і Аляксандра Радаевых вялікія пляны. Яны хочуць зрабіць выставу таксама ў іншых гарадах: у Празе, Маскве і Санкт-Пецярбургу. Хацелі б усталяваць памятную дошку ў Віцебску, дзе нарадзіўся генэрал. Пытаньне ў тым, дзе павесіць яе — ніхто ня ведае, дзе сапраўды стаяў дом, у якім ён нарадзіўся. «Я спадзяюся, што ня ўзьнікне ніякіх перашкодаў,» — кажа Іна Радаева, але поўнай упэўненасьці няма — яна апасаецца, ці пагодзіцца на такую дошку цяперашні ўладальнік будынка: «Вы ведаеце, белы генэрал... Хоць гэта справа і даўняя, але частка насельніцтва па-ранейшаму прытрымліваецца погляду: усё, што не чырвонае — дрэннае».

XS
SM
MD
LG