Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пабываў у Варшаве, трапіў на 200-годзьдзе ўнівэрсытэту, атрымаў на сьвяце «скурачкі» з надпісам «Пашпарт Каралеўства Польскага».

Была ў нас калісьці акцыя маральнага супраціву: добраахвотны сымбалічны запіс у грамадзяне БНР. Кажуць, заявы падалі некалькі тысяч чалавек, але большых вынікаў кампанія ня мела, да меркаваных камітэтаў грамадзян – як супольнасьці БНР унутры РБ – справа не дайшла. І паступова забылася. Не магла не забыцца, умовы трывалі неспрыяльныя. Калі казаць агульна, гэта быў пратэст супраць заціраньня любых праяваў беларушчыны, супраць таптаньня герба і сьцяга. За іх арыштоўвалі, цягалі па судах, каралі несусьветнымі штрафамі. За атрыбуты дзяржаўнасьці незалежнай Беларусі.

Ціск працягваўся гадамі, але нарэшце гайкі крыху паслабілі. Можна вярнуцца да задумы, зрабіць яе тэатральнай, адукацыйнай, гульнёвай. Як зрабілі палякі, нагадаўшы, між іншага, аб пашпартах колішняга Каралеўства Польскага.

Перад брамай з залатым арлом, што перад Варшаўскім унівэрсытэтам, публіку забаўлялі жанглёр і асобы на хадулях. На падворку адбывалася гістарычнае прадстаўленьне: прафэсары, дэканы ў гістарычных строях зачытвалі дакумэнты аб адкрыцьці альма матэр, хор сьпяваў «Гаўдэамус ігітур». Стаялі жаўнерскія шыхты. У навакольлі можна было пабачыць сцэны тагачаснага жыцьця: паненак у фаэтонах, спадара, што раздаваў газэту, на варштаце адбівалі манэты.

Мнішкі, каля іх «старша пані» ў вайсковым мундзіры

Мнішкі, каля іх «старша пані» ў вайсковым мундзіры

Паненкі

Паненкі

Улан

Улан

Варштат

Варштат

Мне было па-добраму зайздросна. Падумалася: мы ў Горадні маем тры гады, каб ажывіць сцэны стогадовай даўніны. Урад БНР зьбіраецца на пасяджэньні, адзначае першыя ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці. Няхай зь цяжкасьцямі, але ствараецца беларускі полк. Уяўляю першую сцэну пад адкрытым небам у падворку ў гістарычнай забудове. Жаўнераў, якія выходзяць з брамы на брук цяперашняй Савецкай вуліцы. Прыцягнуць можна актораў, паказаць сцэнку з «Тутэйшых», якімі вызначыўся лялечны тэатар. Запрасіць клюбы гістарычнай рэканструкцыі. Дарэчы будуць і фальклёрныя гурты. Дый сярэднявечная музыка не пашкодзіць. Прыкладуць руку гісторыкі, мастакі. Вось тады будзе дарэчы і пашпарт грамадзяніна БНР, узор нейк паказвалі ў нашым музэі ў Новым замку. Такая падзея дазволіць адукаваць гараджан, выклікаць у душах гонар за нашу гісторыю.

Загадзя можна падбаць, каб зь Менску прыехала моладзь, якой будзе цікавым такое сьвята. У выходныя можна ўбачыць нямала маладых менчукоў, якіх вабіць Горадня нават без такой цікавай падзеі, проста таму, што горад ёсьць, што ў ім захаваўся сякі-такі гістарычны дух.

І начальству неабходна ў прэамбуле сцэнару патлумачыць карысьць сьвята на 100-годзьдзе БНР у Горадні. Няхай людзі ведаюць, што горад быў, няхай хістка, але сталіцай БНР. А то абываталю здаецца: польскі тут горад і кропка, улада ж польская была некалі, з 1919-га да 1939-га… А што беларускай не далі быць, народ ну проста фатальна ня ў курсе дзела. А гэта, калі мець мазгі, шкодзіць справе пабудовы беларускай дзяржаўнасьці сёньня. Ва ўсякім разе — не спрыяе.

Шыбеніца

Шыбеніца

Вяртаючыся ў Варшаву: за сто мэтраў ад унівэрсытэцкай брамы трывала значна гучнейшая падзея, хоць і даволі нешматлікая. Пацярпелыя крэдыторы банкаў прывезьлі шыбеніцу, пратэставалі, патрабавалі дапамогі. Прамаўлялі праз мэгафон. Закончыўшы, заклікалі прайсьці па вуліцах маршам. І тут прагучала нечаканае: мы зьвярнуліся да ўладаў, каб далі прайсьці па вуліцы Новы Сьвет, а яе зьнянацку перакрылі, абвясьціўшы сьвята з нагоды Дня абароны дзяцей, хаця ён даўно прайшоў! Гэта цалкам «беларускія стандарты!» — выгукнуў у мэгафон прамоўца. Я ажно дрыжыкі адчуў ад нечаканасьці. Сапраўды: у нас гэта звычайнай справай было — адмовіць, спаслаўшыся на сваё мерапрыемства, як было ў час тых жа «маўклівых акцый» пяць год таму ў Горадні.

Сапраўды вуліца далей была занятая дзіцячымі атракцыёнамі, намётамі. Сотні паліцыянтаў у «баявой» экіпіроўцы чакалі ўздоўж іншых вуліц у цэнтры Варшавы, ня ведаючы, у які бок накіруецца шэсьце, хоць сама падзея не прыцягнула асаблівай увагі мінакоў, а саміх удзельнікаў было зусім мала.

Але дзеля справядлівасьці: і на адкрыцьці сьвята 200-годзьдзя Варшаўскага ўнівэрсытэту публікі было таксама няшмат. Чаму? Ня ведаю. Можа таму, што ў такім горадзе як Варшава цягам дня адбываецца мноства цікавых падзей «до выбору, до колёру», як кажуць самі палякі.

Між іншым, у варшаўскім Беларускім доме мы сфатаграфаваліся з Алесем Зарэмбюком на фоне вядомага здымка павялічанага памеру: урад БНР. Такі будзе вельмі дарэчы на будучым сьвяце ў Горадні. Да 100-годзьдзя засталіся тры гады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG