Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве Беларусі: адна для беларускай і расейскай публікі, другая — для Эўропы


Заява прадстаўніка Беларусі пры ЭЗ і NATO пра небясьпеку расейскіх войскаў на мяжы з Беларусьсю, выстава Быкава ў МЗС і словы намесьніцы міністра аб эўрапейскасьці пісьменьніка — што гавораць гэтыя жэсты пра зьнешнюю палітыку краіны?

Дракахруст: Новапрызначаны сталы прадстаўнік пры Эўразьвязе і NATO Аляксандар Міхневіч у інтэрвію тэлеканалу СТВ выказаўся адносна нарошчваньня вайсковага кантынгенту ля межаў Беларусі.


Гаворачы пра нарошчваньне ваенных кантынгентаў ля межаў Беларусі, Аляксандар Міхневіч заўважыў, што «нарошчваньне вайсковага патэнцыялу каля нашых межаў ні на Ўсходзе, ні на Захадзе стабілізацыі сытуацыі не прыносіць нікому. Ні тым краінам, у якіх разьмяшчаецца, ні тым болей тым краінам, якія, нібыта, як бы ні пры чым, але закладнікамі міжволі ў выніку свайго геаграфічнага становішча ў гэтай сытуацыі робяцца. Таму мы не прыхільнікі таго, каб прыцягваць на сваю тэрыторыю нейкія вайсковыя аб’екты замежныя, узброеныя сілы».

20 чэрвеня ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры «Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому...», прымеркаваная да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Выставу адкрыла намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына, якая сказала: «Васіль Быкаў заўсёды казаў пра эўрапейскасьць Беларусі. Гэта значыць, што ён усё сваё жыцьцё, і нават у цяжкія дні вайны, глядзеў у будучыню».

На ўрачыстасьці прысутнічалі кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу, паслы Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Баўгарыі, Іраку, Лібіі, Палестыны, Сырыі, Кіргізстану, Туркмэністану.

Раней беларуская дзяржава не была заўважаная ў асаблівым піетэце да Быкава. Тут робіцца адмысловая выстава

Спадар Міхневіч — дыплямат высокага рангу. На пасаду прадстаўніка пра ЭЗ і НАТА ён быў прызначаны з пасады першага намесьніка міністра. І ў першай жа сваёй заяве на новай пасадзе наўпрост асуджае ваенную палітыку саюзьніка Беларусі — Расеі. НАТА ганілі заўсёды, што нам ня трэба чужых войскаў на сваёй зямлі — гаварылі не заўсёды, але ўжо здаўна, можна прыгадаць жарсьці вакол авіябазы. Але хіба не ўпершыню беларускі чыноўнік заяўляе: тое, што Расея разьмяшчае свае войскі на сваёй тэрыторыі, але ля нашай мяжы — гэта кепска, гэта небясьпечна. Што Расея, што НАТА — абое рабое.

Раней беларуская дзяржава не была заўважаная ў асаблівым піетэце да Быкава. Тут робіцца адмысловая выстава і ізноў жа дыпляматка высокага рангу робіць акцэнт на эўрапейскасьці пісьменьніка, якая, паводле яе, погляд у будучыню. Пра Расею, зь якой жыцьцё Быкава было зьвязанае таксама і ваенным, і літаратурным лёсам — ані слова. І я нездарма прывёў сьпіс, дыпляматы якіх краінаў прыйшлі на імпрэзу. І каго там не было — прадстаўнікоў пасольства Расеі.

Мне здаецца, што гэтыя два факты сьведчаць пра надзвычайную вастрыню і напружанасьць беларуска-расейскіх адносінаў. Апошні саміт, які не прынёс асаблівых вынікаў, быў паказьнікам канфліктаў у двухбаковых адносінах.


Карбалевіч: Дасюль на афіцыйным узроўні беларускія ўлады выказвалі заклапочанасьць нарошчваньнем ваенных кантынгентаў ля межаў Беларусі толькі з заходняга боку. Пра гэта казаў і Аляксандар Лукашэнка, і міністар замежных спраў Уладзімер Макей, і міністар абароны Андрэй Раўкоў. Маўляў, вось у Польшчы, краінах Балтыі ствараецца новая інфраструктура NATO, ладзяцца вучэньні, і гэта нас непакоіць.

І вось упершыню афіцыйная асоба, пасол Беларусі ў Бэльгіі, Люксэмбургу, сталы прадстаўнік пры Эўразьвязе і NATO Аляксандар Міхневіч, прычым у інтэрвію беларускаму тэлеканалу СТВ, выказаў заклапочанасьць з нагоды нарошчваньня вайсковага кантынгенту не толькі на Захадзе, але і на Ўсходзе.

Унутры краіны ўлады вельмі неахвотна ідуць на ўшанаваньне памяці Быкава

Магчыма, гэтую заяву Міхневіча можна разглядаць як жэст у адказ на рашэньне Расеі скараціць пастаўкі нафты Беларусі. Так бывала шмат разоў раней, калі Менск хацеў прадэманстраваць Маскве сваё незадавальненьне, то рабіў крок у бок Захаду. Што тычыцца выставы Быкава ў МЗС, то тут цікава, што стаўленьне ўладаў да знакамітага пісьменьніка на вонкавы сьвет, і ўнутры Беларусі адрозьніваюцца. Унутры краіны ўлады вельмі неахвотна ідуць на ўшанаваньне памяці Быкава. Яны ня хочуць падтрымліваць ініцыятывы грамадзкасьці называць вуліцы Менску яго імем. А вось для замежжа, для Захаду дэманструюць выставу.

Усё гэта можна разглядаць як працяг лініі на размарожваньне адносін з Захадам. МЗС выконвае тую задачу, якую перад ім паставіў Лукашэнка. Афіцыйны Менск працягвае дыпляматычнае манэўраваньне.

ёсьць дзьве Беларусі: адна для беларускай і расейскай публікі, другая — для Эўропы

Цыганкоў: Гэтае дыпляматычнае манэўраваньне адбываецца ў такі знакаміты спосаб, калі ёсьць дзьве Беларусі: адна для беларускай і расейскай публікі, другая — для Эўропы. Яшчэ зусім нядаўна на форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі Лукашэнка, зьвяртаючыся да расейцаў, зазначыў, што тут жывуць «малодшыя, але вашы браты». Напярэдадні таго форуму ён ізноў, толькі у відазьмененай форме, даводзіў пра тое, што беларусам першым прыйдзецца класьціся пад заходнія танкі, калі раптам што.

І вось літаральна праз тры тыдні пасьля гэтага пасол Беларусі, таксама афіцыйная асоба, але ўжо на Захадзе, гаворыць іншыя рэчы.

Гэтае дыпляматычнае манэўраваньне адбываецца ў такі знакаміты спосаб, калі ёсьць дзьве Беларусі: адна для беларускай і расейскай публікі, другая — для Эўропы. Беларусь такім чынам ізноў праяўляе сваю занепакоенасьць станам адносінаў з Расеяй, які зараз існуе. І Лукашэнка ізноў ўжывае сваю традыцыйную тактыку: калі няма прарыву ў беларуска-расейскіх адносінах па якімсьці пытаньні, ён ці іншыя прадстаўнікі беларускай улады робяць больш актыўныя крокі, заявы, жэсты ў бок Захаду, каб чарговы раз напалохаць Расею. Маўляў, вось што мы можам, калі вы не пойдзеце нам насустрач.

Палітыкі і аналітыкі даўно кажуць, што гэтая тактыка не павінна ўжо Маскву пераконваць. Але шмат разоў гэтая тактыка спрацоўвала, і, як бачым, Масква чарговы раз прымае гэта на веру.

Напачатку вэрхал пачынае расейская шавіністычная прэса, потым тэму падхоплівае расейскі афіцыёз, а ў выніку гэта даволі часта прыводзіць да нейкай зьмены пазыцыі па тым ці іншым пытаньні. Наколькі зараз гэтак будзе, будзе залежыць ад агульнай зьнешнепалітычнай сытуацыі адносінаў Расеі з Захадам.

У прынцыпе, паводле досьведу можна даць прагноз, што Беларусь гэтай сваёй тактыкай ізноў даможацца ад Масквы саступак. Ёсьць, праўда, адно але: той варыянт, калі Масква пойдзе на зусім рэзкую канфрантацыю з Захадам, тады яна будзе патрабаваць, каб Беларусь выконвала свае саюзьніцкія абавязкі без пярэчаньняў і ўласных інтэрпрэтацыяў. І гэта быў бы самы непрыемны варыянт для афіцыйнага Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG