Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве аднавілі прызыў у войска на сталай аснове


Прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце падпісала закон аб увядзеньні ўсеагульнага вайсковага абавязку на сталай аснове. У 2015 годзе прызыў у войска быў адноўлены часова, на 5 гадоў.

У прэсавай службе прэзыдэнта адзначылі, што прызыў у войска дазволіць стварыць зьмешаную ваенную мадэль, паведамляе партал tut.by.

«Зьмешаная ваенная мадэль, дзе войска складаецца з прафэсіяналаў і прызыўнікоў, стварае больш цесную сувязь грамадзтва і вайскоўцаў, дапамагае лепш зразумець агульную гатоўнасьць да абароны краіны, а таксама неабходная ў якасьці найбольш эфэктыўнага сродку стрымліваньня», — адзначана ў паведамленьні.

Штогод плянуецца прызваць 3500-4000 салдат. Апытаньні насельніцтва паказалі, што 68 працэнтаў рэспандэнтаў падтрымліваюць аднаўленьне абавязковага прызыву ў войска.

Заканадаўчыя папраўкі ўступяць у сілу з 1 верасьня.

Літва адмовілася ад прызыву ў войска ў 2008 годзе, перавёўшы яго на прафэсійную аснову. У 2015 годзе дзяржаўная рада па абароне Літвы прапанавала на пяць гадоў вярнуць вайсковы прызыў з-за абвастрэньня геапалітычнай сытуацыі. Адпаведны закон быў падпісаны прэзыдэнтам у сакавіку летась.

XS
SM
MD
LG