Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік амэрыканскага джаз-бэнду Ambassadors: Мы закахаліся ў беларусаў


У менскім Доме дружбы выступіў амэрыканскі джаз-бэнд Ambassadors, які зьяўляецца часткай аркестра Ваенна-паветраных сіл ЗША ў Эўропе.

Аркестар базуецца на нямецкай авіябазе Ramstein, заснаваны ён быў у 1945 годзе.

Аркестар называюць «музычнымі амбасадарамі ЗША». У Менску ён вітаў вэтэранаў Другой сусьветнай вайны, салдатаў-аўганцаў, а таксама ліквідатараў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Як распавёў Свабодзе падпалкоўнік Майкл Менч (Michael Mench), кіраўнік аркестра Ваенна-паветраных сіл ЗША ў Эўропе, аркестар выступае ня толькі ў Эўропе, але і ў Афрыцы. Гэта падтрымка вайсковых традыцыяў, музычнае афармленьне цырымоніяў і сацыяльна значных падзеяў, якія датычныя да вайсковай справы, а таксама ўганараваньне вэтэранаў і салдатаў з розных краінаў.

— Менчукі ўжо высока ацанілі ваш выступ каля Ратушы, а якія вашыя ўражаньні ад Беларусі, ад людзей?

Майкл Менч

Майкл Менч

— Гэта другі раз, калі мы ў Беларусі. Першы раз быў летась, калі мы бралі ўдзел у парадзе ў гонар 70-годзьдзя перамогі, а таксама выступалі ў Берасьцейскай крэпасьці і ў музэі Вялікай Айчыннай вайны. Тое быў наш першы раз, калі мы сустрэлі людзей Беларусі і мы проста закахаліся ў іх з-за іх гасьціннасьці. Сёлета нас запрасілі ізноў, каб мы зрабілі тыя самыя рэчы. І гэта проста неверагодна. Што асабліва незвычайна для мяне і для ўсяго джаз-бэнду — гэта мець шанец сустрэць вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны тут ў Беларусі. У ЗША мы ўганароўваем нашых вэтэранаў, якія ўдзельнічалі ў Другой усясьветнай вайне, але мы маем магчымасьць далучыцца да сьвяткаваньня і ў краінах-хаўрусьніках.

— Якая ўвогуле місія аркестра Ваенна-паветраных сіл ЗША?

— Гэта падтрымка вайсковых традыцыяў, музычнае афармленьне цырымоніяў і сацыяльна значных падзеяў. Таксама мы будуем супрацу з рознымі краінамі і людзьмі, таму што мы выкарыстоўваем музыку для таго, каб аб’ядноўваць людзей. Нам нават не патрэбная мова. Мы хочам пашыраць супрацу па ўсім сьвеце і выкарыстоўваем для гэтага музыку.

— Як вы ставіцеся да Беларусі з вайсковага пункту гледжаньня? Гэта незалежная краіна ці частка вайсковай сілы Расеі?

— Наш джаз-бэнд у захапленьні ад магчымасьці прыехаць у Беларусь. Адбылося гэта дзякуючы Міністэрству замежных спраў і Міністэрству абароны Беларусі. Мы прыехалі таксама і на запыт ад нашай амбасады тут, у Менску. Наша асноўная задача — сьвяткаваць разам з вэтэранамі Вялікай Айчыннай вайны, аўганцамі і ліквідатарамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Але што да палітычных дачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю, я б хацеў пакінуць гэтае пытаньне для амбасадара — гэта яго сфэра.

— Ці ведаеце вы якіх-небудзь беларускіх музыкаў? Можа чулі пра беларускага дырыжора Міхаіла Фінбэрга?

— На жаль, не. Я спрабаваў знайсьці інфармацыю пра вядомых беларускіх музыкаў да таго, як мы прыехалі, але не знайшоў. Але летась мы знайшлі беларускага кампазытара, які жыве ў ЗША. Ён напісаў для нас музычны твор, поўны беларускіх нацыянальных матываў. Мы выконвалі той твор летась у Беларусі.

XS
SM
MD
LG