Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Старшыня Эўракамісіі заявіў пра магчымае паступовае зьняцьце санкцыяў з Расеі праз паўгода


Жан-Клёд Юнкер (зьлева) і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу, 16 чэрвеня 2016 году

Жан-Клёд Юнкер (зьлева) і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу, 16 чэрвеня 2016 году

Старшыня Эўрапейскай камісіі Жан-Клёд Юнкер выказаў здагадку, што санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў бліжэйшыя дні працягнуць яшчэ на паўгода, пасьля таго могуць пачаць здымаць паступова ў адказ на крокі Масквы ў выкананьні менскіх дамоўленасьцяў.

«Цяпер цалкам відавочна, што ў чэрвені мы працягнем санкцыі. Але на працягу наступных шасьці месяцаў мы маем высьветліць, ці быў дасягнуты дастатковы прагрэс у выкананьні менскіх дамоўленасьцяў, каб зьняць частку санкцыяў», — сказаў ён у інтэрвію эўрапейскай тэлесетцы «Эўраньюс».

«Толькі на мінулым тыдні я быў у Санкт-Пецярбургу на эканамічным форуме і сустракаўся з прэзыдэнтам (Расеі) Пуціным. І ў сваёй прамове, і падчас перамоваў з расейскім прэзыдэнтам я выразна даў ведаць, што менскія дамоўленасьці павінны быць выкананыя. Папросту кажучы, чым большым будзе выкананьне менскіх дамоўленасьцяў, тым менш будзе санкцыяў», — заявіў Юнкер.

Знаходзячыся ў Санкт-Пецярбургу ў Расеі 16 чэрвеня, старшыня Эўракамісіі заявіў, што шлях да аднаўленьня адносінаў паміж Эўразьвязам і Расеяй «павінен пачацца з Украіны». Ён нагадаў Расеі, што яна зьяўляецца бокам менскіх дамоўленасьцяў (Масква пастаянна спрабуе аспрэчыць гэта), і адзначыў, што толькі поўнае выкананьне гэтых дамоўленасьцяў зьяўляецца адзіным шляхам да адмены санкцыяў. Тады пра паступовае зьняцьце гэтых санкцыяў ён не казаў.

З падобнымі заявамі аб паступовым скасаваньні санкцыяў супраць Расеі ў абмен на частковае выкананьне ёю менскіх дамоўленасьцяў ужо ня раз выступаў таксама міністар замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер і некаторыя іншыя дзеячы, з такім заклікам выступіў і Сэнат (верхняя палата парлямэнту) Францыі.

Цяпер афіцыйная пазыцыя кіраўніцтва Эўразьвязу і краінаш-сябраў, а таксама кіраўніцтва ЗША і іншых краінаў «Групы сямі», заключаецца ў тым, што санкцыі ў дачыненьні да Расеі, накладзеныя за яе агрэсію на ўсходзе Ўкраіны, будуць адмененыя толькі пасьля поўнага выкананьня Расеяй менскіх дамоўленасьцяў.

Галоўны пакет такіх санкцыяў ЭЗ, як чакаецца, будзе на гэтым тыдні падоўжаны яшчэ на паўгода.

У мінулую пятніцу Эўразьвяз працягнуў яшчэ на год іншы зь некалькіх пакетаў санкцыяў у дачыненьні да Расеі, які накладвае абмежаваньні на адносіны з акупаваным Расеяй украінскім Крымам. Эўразьвяз, як і ЗША і краіны «Групы сямі», заяўляюць, што «крымскія» санкцыі будуць дзейнічаць да дэакупацыі паўвострава.

XS
SM
MD
LG