Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі парлямэнт, які знаходзіцца на вакацыях, сёньня сабраўся на пазачарговую сэсію, каб ушанаваць памяць Джо Кокс, члена парлямэнту ад лейбарысцкай партыі, якая памерла ад агнястрэльных і нажавых ран. Кокс была забітая ў мінулы чацьвер у сваёй выбарчай акрузе ў Заходнім Ёркшыры. Нападнікам быў жыхар гарадка Бэрстал Томас Мэйр.

Заля палаты абшчын была перапоўненая. На галерэі для гледачоў знаходзіліся сваякі і сябры Кокс, у тым ліку яе муж Брэндан зь дзецьмі і яе бацькі. У часе паўтарагадзіннага пасяджэньня выступілі сьпікер парлямэнту, прэм’ер-міністар і члены ўсіх палітычных партый. Лідэр лейбарыстаў Джэрэмі Корбін назваў забойства Джо Кокс атакай на дэмакратыю, якая шакавала ўсю краіну. Прэм’ер-міністар Дэйвід Кэмэран падкрэсьліў што цяперашнія і будучыя парлямэнтарыі будуць шанаваць памяць Джо Кокс, пацьвярджаючы, што дэмакратыя, якую яна адстойвала, непарушная. Па завяршэньні парлямэнцкай сэсіі дэпутаты прайшлі ў царкву Сьв. Маргарыты ў Вэстмінстары, дзе адбылася жалобнае набажэнства.

Паводле інфармацыі газэты Таймс, Джо Кокс павінна была выступіць у парлямэнце з адмысловым дакладам, прысьвечаным радыкальнаму нацыяналізму ў Брытаніі. Яна праводзіла кампанію за захаваньне членства Брытаніі ў Эўрапейскім Зьвязе.

Прыпыненая ў сувязі з забойствам Джо Кокс кампанія напярэдадні рэфэрэндуму аб членстве Вялікай Брытаніі ў ЭЗ, аднавілася. Рэфэрэндум прызначаны на 23 чэрвеня.

Абвінавачаны ў забойстве Джо Кокс 52-гадовы Томас Мэйер паўстаў перад судом у Лёндане ў суботу і ў панядзелак. Калі судзьдзя Вэстмінстэрскага суду папрасіў яго назваць сваё імя, Мэйер выгукнуў: «Сьмерць здраднікам, свабоду Брытаніі!». Судовае пасяджэньне па справе аб забойстве Джо Кокс перанесена на чацьвер.

XS
SM
MD
LG