Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якая роля ў палітычным жыцьці Беларусі адведзеная «Белай Русі»?

Карбалевіч: У суботу 18 чэрвеня на пашыраным пасяджэньні рэспубліканскага савета «Белай Русі» абмяркоўвалася пытаньне ўдзелу гэтай арганізацыі ў парлямэнцкіх выбарах. Былі вылучаны яе прадстаўнікі ў тэрытарыяльныя і акружныя выбарчыя камісіі.

З самага пачатку ўзьнікненьня «Белай Русі» ў 2007 годзе сярод экспэртаў існавалі і цяпер існуюць розныя вэрсіі, дзеля чаго створаная гэтая структура. Шмат гаварылася пра тое, што фарміруецца «партыя ўлады». Многія аглядальнікі пасьпяшаліся параўнаць «Белую Русь» з пуцінскай «Единой Россией», сталі разглядаць яе як новы мэханізм ўтрыманьня ўлады.

Але ішоў час, «Белая Русь» у партыю не ператваралася, застаецца грамадзкай арганізацыяй. А паводле беларускага заканадаўства роля грамадзкіх арганізацый у выбарчым працэсе абмежаваная, яны, напрыклад, у адрозьненьне ад партый, ня могуць наўпрост вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Арганізацыі, праўда, могуць вылучаць кандыдатаў у выбарчыя камісіі, чым і карыстаюцца. Але гэтую функцыю добра выконвалі раней і выконваюць цяпер іншыя абдзяржаўленыя грамадзкія арганізацыі, кшталту Фэдэрацыі прафсаюзаў, БРСМ, саюзаў вэтэранаў, жанчын, афіцэраў ці розных спартовых партый.

У беларускай сацыяльнай мадэлі партыя ўлады непатрэбная, лішняя. Тут «Бацька нацыі» апэлюе непасрэдна да народу без усялякіх пасярэднікаў у выглядзе парлямэнту, партый, прафсаюзаў і іншых элемэнтаў палітычнай сыстэмы. А ролю народу выконвае, напрыклад, Усебеларускі народны сход, які дзяржаўныя мэдыі называюць «народным вечам».

Функцыю партыі ўлады тут эфэктыўна выконвае ўладная вэртыкаль.

Да таго ж кіроўная партыя патрэбная для ўтрыманьня ўлады ва ўмовах прапарцыйнай выбарчай сыстэмы, а ў Беларусі дзейнічае мажарытарная выбарчая сыстэма. Функцыю партыі ўлады тут эфэктыўна выконвае ўладная вэртыкаль.

Думаю, усё тлумачыцца значна прасьцей. У свой час атачэньне Лукашэнкі доўга ўгаворвала яго ў неабходнасьці такой структуры. І ён махнуў рукой і сказаў, маўляў, добра, стварайце, няхай будзе на ўсялякі выпадак, можа і спатрэбіцца ў гаспадарцы. І «Белая Русь» сёньня ў палітычнай сыстэме Беларусі як пятае кола ва ўладная калясьніцы, як валізка без ручкі: і кінуць шкада, і цягнуць цяжка.

Партыя ўлады — гэта такая рэч, якая патрэбная перш за ўсё самой намэнклятуры.

Цыганкоў: Партыя ўлады — гэта такая рэч, якая патрэбная перш за ўсё самой намэнклятуры. Тая ўжо звыклася з аўтарытарнай уладай і ведае, як сябе паводзіць. Але з нараджэньнем партыі ўлады зьявіліся б новыя магчымасьці, новыя акалічнасьці, да таго ж (хаця гэта ўслых не прынята казаць) частка намэнклятуры думае, што будзе пасьля Лукашэнкі. Зразумела, што мець такую партыю, якая займала б шматлікія кіроўныя пасады, было б карысна для таго слоя, які мы называем намэнклятурай, паколькі гарантыяй іх прысутнасьці ва ўладзе зьяўляецца сам Аляксандар Лукашэнка.

Але яго атачэньне хацела б захаваць свае ўладныя паўнамоцтвы і ў выпадку, калі той не будзе кіраўніком краіны. Аднак гэта тое, што самому Лукашэнку на дадзены момант не патрэбна. Размовы пра кіроўную партыю вядуцца даўно, і ўпіраюцца менавіта ў нежаданьне самога Аляксандра Лукашэнкі нешта зрабіць, каб узьняць аўтарытэт, функцыі, паўнамоцтвы Белай Русі. Яна ўжо некалькі гадоў знаходзіцца ў незразумелым стане грамадзкай арганізацыі, якая з аднаго боку не ператвараецца ў сапраўдную партыю ўлады, з другога — адыгрывае такую псэўдафункцыю.

Дракахруст: Галоўнай перашкодай для таго, каб «Белая Русь» ператварылася ў сапраўдную партыю ўлады, сапраўды зьяўляецца нежаданьне Аляксандра Лукашэнкі, якое вынікае зь яго палітычнай філязофіі ўзаемадзеяньня ўлады і народу. Магчыма, ў яго ёсьць перасьцярогі наконт таго, што будзе нейкая партыя, у яе зьявяцца свая герархія, ідэалёгія, якая хай і будзе звышляяльная, але асобная ад яго, якую ён не зможа кантраляваць, як паводле славутага анэкдота пра пераборку бульбы.

Чыноўнікі, як правіла, кепскія палітыкі, хай нават і праўладныя.

Аднак, разважаючы з пункту гледжаньня ўстойлівасьці сыстэмы, тут Лукашэнка сёе-тое губляе. Таму што вось такая мадэль абсалютна пэрсаналісцкай улады даволі старамодная, не надта структурна ўстойлівая. Вы, Валер, сказалі, што ролю партыі ўлады ў Беларусі выконвае «вэртыкаль». Я ня згодны з гэтай тэзай. «Вэртыкаль» выконвае ролю «вэртыкалі». Чыноўнікі, як правіла, кепскія палітыкі, хай нават і праўладныя.

Мы гэта бачылі ў часы перабудовы, калі чальцам камуністычнай партыі, якая стала своеасаблівай «вэртыкальлю», даводзілася раптам выконваць ролю палітыкаў. І кепска ў іх гэта атрымлівалася.

Нейкія палітычныя арганізацыі, якія падтрымлівалі ўлады, у сучасных аўтарытарных рэжымах, як правіла, ёсьць. Я ўжо не кажу пра камуністычныя краіны, пра былы СССР, пра цяперашні Кітай. Скажам, лацінаамерыканскія дыктатуры, як правіла, абапіраліся на свае праўладныя партыі. Цяперашнія аўтарытарныя рэжымы на постсавецкай прасторы, такія як Казахстан, Расея, таксама падобныя партыі маюць. Беларусь тут зьяўляецца выключэньнем.

Нават сярод іншых аўтарытарных рэжымаў яна вызначаецца сваёй старамоднасьцю. У сытуацыі «каляровых рэвалюцыяў», якіх улада так баіцца, пэрсаналісцкая структура выглядае больш крохкай за рэжым, які грунтуецца на больш шырокай палітычнай аснове, чым адно чынавенства. Сёньня яна «вэртыкаль», а заўтра можа хутка стаць «гарызантальлю».

Праўда, жыцьцё паказвае, што часам партыі ўлады ў крытычнай сытуацыі мала на што ўплываюць. Калі прыгадаць расейскую гісторыю, то «чорная сотня» ў асноўным паказвала сябе ў габрэйскіх пагромах, а калі справа дайшла да абароны манархіі, то дзе яна была? Але ў аўтарытарных уладароў прынамсі можа быць спадзеў, што калі адны людзі выйдуць на плошчу супраць улады, то іншыя людзі могуць выйсьці на плошчу і абараніць гэтую ўладу.

Карбалевіч: А навошта Лукашэнку іншыя палітыкі? Ён жа ганарыцца тым, што ў краіне адзін палітык, і гэта як бы перавага Беларусі. А тое, што сыстэма крохкая — ну, пакуль яна працуе. І толькі нейкі моцны крызыс можа паказаць, наколькі яна крохкая, і наколькі моцная. Ну а крызысу пакуль нават на гарызонце не бачна.

Цыганкоў: Параўнаньне з «чорнай сотняй» не зусім супадае з правіламі цяперашняга рэжыму, якому нават у падтрымку Лукашэнкі не трэба ініцыятыўнасьць і самастойнасьць. Падтрымка Лукашэнкі павінна быць па строга вызначаных правілах, а калі нават ёсьць актывісты, якія праяўляюць самастойнасьць, то гэта непатрэбна.

XS
SM
MD
LG