Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трагедыя ў Карэліі: «Толькі вар’ят мог пайсьці ў такое надвор’е ў адкрытае возера»


Падлеткі, якія выратаваліся

Падлеткі, якія выратаваліся

Расейскія ўлады 20 чэрвеня вырашылі зачыніць дзіцячы лягер у Карэліі, у якім 14 дзяцей загінулі падчас сплаву ў мінулыя выходныя.

18 чэрвеня 47 дзяцей і чацьвёра дарослых зь дзіцячага аздараўленчага лягеру «Парк-гатэль Сямозера» на двух лодках і рафце патрапілі ў шторм, лодкі перакуліліся. Дзеці спрабавалі дабрацца да берага ўплаў, аднак з-за вялікіх хваляў і нізкай тэмпэратуры вады зрабіць гэта змаглі ня ўсё. Выратавальная апэрацыя пачалася толькі праз 20 гадзін, пасьля таго, як аб трагедыі стала вядома ад адной зь дзяўчынак, якая выратавалася.

У Карэліі і Маскве 20 чэрвеня аб’яўлены днём жалобы. Сёньня раніцай у Маскве прызямліўся самалёт МНС зь целамі загінулых дзяцей. Раней Дэпартамэнт працы і сацыяльнага забесьпячэньня кіраўніцтва Масквы апублікаваў сьпіс ахвяраў трагедыі. У ім 14 імёнаў, узрост дзяцей — 12-13 гадоў. Знойдзены целы 13 дзяцей, пошукі яшчэ аднаго школьніка працягваюцца. Як мінімум дзесяць загінулых былі з малазабясьпечаных сем’яў ці сіротамі.

Па справе аб гібелі дзяцей затрыманыя пяць чалавек: дырэктар лягеру, яго намесьнік, двое інструктараў і важаты. Сьледчы камітэт Расеі пачаў расьсьледаваньне крымінальнай справы па артыкуле аб выкананьні прац або аказаньнi паслуг, якія не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі і якія прывялі да сьмерць дзьвюх або больш асобаў, пакараньне па якім прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Паводле зьвестак сьледзтва, на паходзе настаялі важатыя, нягледзячы на пратэсты дзяцей, якія казалі, што па лягеры ходзяць чуткі аб блізкім шторме.

На месцы трагедыі пабываў журналіст карэльскай тэлекампаніі «Ніка Плюс» Аляксандр Гнетнеў, які паразмаўляў з Радыё Свабода.

Гнетнеў: Наогул, для разуменьня таго, што адбылося, важна ўяўляць клімат Карэліі. У нас, на самай справе, вельмі непрадказальнае надвор’е, гэта значыць раніцай можа быць сонечна, а вечарам і ноччу — велізарны шторм. І дзеці патрапілі менавіта ў такі шторм на Сямозеры. Тыя, хто ня быў у Карэліі, ведаюць Анескае возера, Ладаскае возера. Сямозера, насамрэч, таксама буйны вадаём, і ён характэрны тым, што небясьпечны, ён можа генэраваць даволі вялікую хвалю.

Дзеці на двух каноэ і на адным рафце адправіліся ў паход на астравы. На Сямозеры ёсьць астравы, на якіх дзеці павінны былі зрабіць начлег. І ў працэсе перамяшчэньня туды яны трапілі ў шторм.

Мне ўдалося пагаварыць з трыма дзецьмі, гэта былі падлеткі — двое па 10-12 гадоў, адзін быў старэйшы, яму было на выгляд гадоў 14-15. Усе яны былі дастаткова адэкватныя, у нармальным стане, але трэба зрабіць папраўку, што гэта былі дзеці, якія былі на плыце, які прычаліў да выспы. Паводле іх, яны накіроўваліся на нейкі востраў Зьмяіны. Дзеці былі ў нармальным стане, але зноў жа, папраўка, яны ня бачылі самой трагедыі, ня бачылі, як танулі іх аднагодкі. Наколькі зразумела, перакуліліся дзеці на каноэ. Суправаджалі дзяцей таксама ледзь ці ня дзеці — 19-гадовыя інструктары, і нават кажуць пра аднаго 17-гадовага важатага. Цяпер гэтыя людзі затрыманыя, роўна як і кіраўніцтва лягеру.

РС: Ці зразумела, ад чаго загінулі дзеці — зразумела? Ці на іх не было ратавальных камізэлек? Або яны загінулі ад пераахаладжэньня?

І ратавальнікі, і іншыя спэцыялісты, якія там знаходзіліся, сьцьвярджаюць, што толькі вар’ят мог пайсьці ў такое надвор’е ў адкрытае возера

Гнетнеў: На гэты час дакладнай афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма. Ёсьць папярэдняя інфармацыя пра тое, што адно дзіця захлынулася, а ўсе астатнія загінулі ад пераахаладжэньня і траўмаў галавы. Гэта папярэдняя інфармацыя нашых калегаў, якія яе здабылі са сваіх крыніцаў. Тыя дзеці, зь кім я размаўляў, былі ў ратавальных камізэльках, але трэба разумець, што яны былі пасьля эвакуацыі, і гэтыя камізэлькі на іх маглі надзець ратавальнікі, якія за імі накіраваліся на востраў. А ці былі яны ў ратавальных камізэльках, калі адпраўляліся ў паход на Зьмяіны востраў — невядома. Роўна як і тое, як столькі людзей зьмясьцілася на каноэ. Я ня бачыў гэтых лодак, на якіх яны сплаўляліся, але лодкі-каноэ, якія звычайна выкарыстоўваюць на турбазах, даволі маленькія і не прызначаныя для штормаў. І ратавальнікі, і іншыя спэцыялісты, якія там знаходзіліся, сьцьвярджаюць, што толькі вар’ят мог пайсьці ў такое надвор’е ў адкрытае возера. Гэта даволі буйны і вельмі небясьпечны вадаём.

XS
SM
MD
LG