Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя пагражае крымінальнай адказнасьцю за экалягічны пікет


Вітальд Ашурак з плякатам на рынку ў Бярозаўцы Лідзкага раёна, 17 красавіка 2016 году

Вітальд Ашурак з плякатам на рынку ў Бярозаўцы Лідзкага раёна, 17 красавіка 2016 году

Актывіст зь Бярозаўкі Лідзкага раёну Вітольд Ашурак атрымаў папярэджаньне зь Лідзкага РАУС раней, чым адмову зь мясцовага гарвыканкаму на правядзеньне пікету супраць экалягічна шкоднай вытворчасьці шклаваты ў Бярозаўцы.

У афіцыйным папярэджаньні зь Лідзкага РАУС гаворыцца, што апроч адміністрацыйнай адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванага пікету Ашурак можа быць прыцягнуты і да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.

Сам Ашурак, які ўжо аднойчы быў пакараны за правядзеньне несанкцыянаванага пікету супраць пагаршэньня экалягічнай сытуацыі ў сваім гарадку на 20 базавых велічынь, быў зьдзіўлены апэратыўнасьцю міліцыянтаў.

Вітольд Ашурак

Вітольд Ашурак

— Мяне зьдзівіла тое, што я яшчэ не атрымаў адказу з гарвыканкаму на права правядзеньне пікету, а міліцыянты ўжо нясуць папярэджаньне. Я напісаў скаргу ў РАУС і пракуратуру раёна на тое, што міліцыянты мяне палохаюць крымінальнай адказнасьцю, занёс яе на пошту, адправіў, а толькі потым атрымаў ліст з гарвыканкаму.

У правядзеньні пікету гарвыканкам Ашурку адмовіў. Бо той, маўляў, ужо ладзіў несанкцыянаваныя пікеты ў сваім гарадку.

— Тым ня менш, у гарадку паветра стала чысьцейшае, бо раённая санэпідэмстанцыя нібыта прыпыніла працу цэху па вытворчасьці шклаваты да тае пары пакуль не ўсталююць дадатковага абсталяваньня па ачыстцы шкодных выкідаў у атмасфэру. Мы пакуль ня можам выпытаць, ці гэта і праўда так, але правядзеньне акцый я пакуль спыняю.

Спробы Свабоды высьветліць у Лідзкай санэпідэмстанцыі, ці праўда, што існуе афіцыйны дакумэнт аб прыпыненьні ў Бярозаўцы працы цэху па вытворчасьці шклаваты, вынікаў не далі. Галоўны лекар санэпідэмстанцыі Аляксей Орачаў адмовіўся даваць інфармацыю на тэлефон.

На сайце гуты зьмешчана інфармацыя аб тым, што па выніках візыту дэлегацыі прадпрыемства ў Італію падпісана дадатковае пагадненьне з кампаніяй «Gamma Meccanica S.p.A.» аб дапрацоўцы (мадыфікацыі) абсталяваньня для скарачэньня ўтрыманьня шкодных рэчываў у газах, якія выходзяць зь печы палімэрызацыі вытворчай лініі шклаваты. Увесь комплекс мерапрыемстваў плянуецца выканаць на працягу 6 месяцаў.

Ашурак ужо выходзіў на пікет з прычыны таго, што ў мястэчку пасьля запуску вытворчасьці шклаваты на працягу году значна пагоршылася экалягічная сытуацыя: на вуліцы чуваць хімічны пах, пачалі хварэць дзеці — у іх зьявіўся сухі кашаль, баліць галава, а тэмпэратуры няма.

Калі раптам ізноў зьявіцца гэты хімічны пах, і цяжка будзе дыхаць, то я пайду на пікеты нават без дазволу, бо здароўе маіх дзяцей мне даражэйшае за ўсё.

XS
SM
MD
LG