Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў як слухач, аўтар і любоў Свабоды


У вёсцы Бычкі Вушацкага раёну прайшлі ўрачыстасьці з нагоды 92-га дня народзінаў народнага пісьменьніка Васіля Быкава.

У дзень чарговага юбілею народнага пісьменьніка Васіля Быкава ў ягонай роднай вёсцы Бычкі сабраліся госьці.

Сярод больш як дзьвюх соцень гасьцей былі і вельмі вядомыя ў Беларусі асобы — палітыкі Аляксандар Мілінкевіч і Мікалай Статкевіч, амбасадар Чэхіі ў Рэспубліцы Беларусь Мілан Экерт, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, літаратары Ўладзімер Някляеў і Уладзімер Арлоў, арганізатарка і натхняльніца мастацкіх плэнэраў Ада Райчонак, пачэсны старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык. І яшчэ шмат мастакоў, паэтаў, пісьменьнікаў, журналістаў, сьпевакоў, музыкаў і ўсіх, хто проста любіць Васіля Быкава і яго творы.

Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч
Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч

На жаль, у гэтым годзе ўдзел у сьвяткаваньні не змагла ўзяць родная сястра пісьменьніка Валянціна Быкава. Штогод яна была пачэснай госьцяй сьвяткаваньняў, але гэтымі днямі яна знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленьні Віцебскага абласнога шпіталя. Тры тыдні таму на амаль што 90-гадовую жанчыну ў яе ўласнай хаце накінуўся невядомы. У спадарыні Валянціны паламаная рука і некалькі рэбраў. Лекары ацэньваюць яе стан усё яшчэ як цяжкі, кажуць пра станоўчую, але дужа марудную дынаміку, і ў сувязі з паважным узростам пацыенткі ўхіляюцца ад любых прагнозаў, што да ейнага здароўя.

Навумчык: Бібліятэку імя Леніна трэба перайменаваць у бібліятэку імя Быкава

Разам пажадаць ёй найхутчэйшай папраўкі і вяртаньня на родную Вушаччыну прапанаваў адзін з выступоўцаў Іосіф Навумчык:

Госьці. Крайні зьлева ў першым шэрагу - Іосіф Навумчык
Госьці. Крайні зьлева ў першым шэрагу - Іосіф Навумчык

«І яшчэ я маю шэраг прапановаў, выказаных нашымі актывістамі яшчэ даўно, але якія ўладам варта было б увасобіць зараз, калі сёлета абвешчаны Год культуры. Было б выдатна адсьвяткаваць шэраг юбілеяў нашых літаратараў на самым высокім ўзроўні, бо наперадзе юбілеі Ўладзімера Някляева, Сяргея Законьнікава, Анатоля Вярцінскага. Было б добра, каб цяпер нарэшце зьявіліся ў нашых гарадах вуліцы імя Бураўкіна, Барадуліна, Быкава. І каб зноў вярнуцца да даўняй прапановы — аб перайменаваньні віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава».

Аляксандар Лукашук: «Быкава ведалі, чыталі, цанілі, любілі, ня толькі тут, але і шмат дзе ў сьвеце»

У дзень 92-х угодкаў імя Васіля Быкава гучала ў выступе кожнага прамоўцы. Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук заўважыў, што Быкаў — гэта вялікая асоба, якой хапае на ўсіх, і тым ня менш, у кожнага ён свой:

Прамаўляе Аляксандар Лукашук
Прамаўляе Аляксандар Лукашук

«Я раскажу пра «трох Быкавых». Першы гэта Быкаў — слухач Свабоды. Другі Быкаў — аўтар Свабоды. І трэці Быкаў — як любоў Свабоды. Васіль Уладзімеравіч распавядаў, што заўжды слухаў Радыё Свабода, і разам зь лістамі гэта быў сродак сувязі з Радзімай, калі ён жыў у замежжы. Падчас лекаваньня ў Празе мы перадалі яму прыймач. Аднак у шпіталі былі тоўстыя сьцены, і кароткія хвалі не лавіліся. Таму мы запісвалі для яго на магнітафон перадачы і прыносілі ў шпіталь, каб ён мог паслухаць. Мець такога слухача было вялікім шчасьцем і вялікай адказнасьцю... Але Быкаў быў ня толькі слухачом — яшчэ й аўтарам Радыё Свабода. У кнізе «Быкаў на „Свабодзе“ сабраны дзясяткі матэрыялаў — ягоныя камэнтары, водгукі, выступы падчас „круглых сталоў“... Ён ніколі не адмаўляў на нашыя просьбы нешта пракамэнтаваць. Але самая вялікая наша праца была, калі пасьля шматлікіх размоваў на гэтую тэму ён пагадзіўся напісаць успаміны. І я быў самым першым чытачом „Доўгай дарогі дадому“. У нас была перадача, дзе аўтары самі чыталі свае ўспаміны. І мы ўгаварылі Васіля Быкава прыехаць у Прагу, і кожны дзень на працягу тыдня ён як на працу прыходзіў у рэдакцыю, каб начытаць свае ўспаміны.

І нарэшце — Быкаў як любоў. Быкава ведалі, чыталі, цанілі, любілі. Ня толькі тут, але і шмат дзе ў сьвеце. Але так шчыра любіць і цаніць яго, памятаць яго і шанаваць будуць толькі ў Беларусі».

Мілінкевіч: Прэмія Быкава была заснаваная на ўзор прэміі «За свабоду думкі» імя Сахарава

Менавіта ў Беларусі была заснаваная прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, нагадаў лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч:

Аляксандар Мілінкевіч (крайні справа)
Аляксандар Мілінкевіч (крайні справа)

«Гэтая прэмія была заснаваная на ўзор прэміі „За свабоду думкі“ імя Сахарава, заснаванай Эўрапарлямэнтам. У 2006 годзе ляўрэатам гэтай прэміі абралі мяне, а ў 2008 мы вырашылі: а давайце зробім уласную прэмію на ўзор той. Бо мы хочам будаваць эўрапейскую Беларусь. І вырашылі надаць гэтай прэміі імя, прычым без усялякіх спрэчак, аднагалосна вырашылі: гэта мусіць быць прэмія імя Васіля Быкава. Гэтая прэмія — як сёньняшняе мерапрыемства, ад душы, ад сэрца, і ўручаецца яна не ў палацах, а тут, у быкаўскіх мясьцінах. Мы хочам, каб тут, у Бычках, разьвівалася культурніцкае і грамадзкае жыцьцё. Таму група віцебскіх актывістаў выкупіла хату — былую школу, дзе вучыўся Васіль Быкаў. Бо было б добра, каб гэты дом жыў. І мы паспрабавалі зладзіць тут летнік „Школа Быкава“. Моладзь добраўпарадкавала гэтую будыніну, працы наперадзе яшчэ шмат, але мы спадзяемся, што ў будучыні ў гэтай вёсцы будзе ня толькі музэй, але й грамадзка-культурніцкі цэнтар».

Віцебскія мастакі, удзельнікі плэнэраў, арганізаваных нястомнай актывісткай Адай Райчонак, гатовыя падараваць колькі сваіх працаў мастацкай галерэі, калі яна зьявіцца ў новым «быкаўскім» цэнтры. Пра гэта абвясьціла Сьвятлана Баранкоўская , удзельніца плэнэраў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі Саюз мастакоў».

Мазынскі: «Калі ў час вялікіх выпрабаваньняў мы здолеем выйсьці разам, узяўшыся за рукі, — нас ніхто ня здужае!»

А імя чарговага, 13-га ляўрэата прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава прысутным прадставіў адзін з ранейшых ляўрэатаў, пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

«Рэжысэр Валеры Мазынскі паставіў знакавыя спэктаклі па творах Уладзімера Караткевіча, пазьней — спэктаклі па творах Аляксея Дударава. Мы хадзілі на іх, каб натхняцца! А потым Валеры стварыў уласны тэатар „Вольная сцэна“, які вельмі хутка заняў адметнае месца ў беларускай культуры, і там таксама былі выбітныя спэктаклі... Але, як кажуць, вялікія дрэвы прыцягваюць маланкі. Пачаўся складаны пэрыяд, Валерыя Мазынскага адлучылі ад створанага ім жа тэатру. Ён знайшоў сябе ў кіно, паставіў фільм пра Вячаслава Лапіцкага, аднаго з актывістаў пасьляваеннага антысавецкага супраціву з „Саюзу беларускіх патрыётаў“ — моладзевай арганізацыі студэнтаў Глыбоцкай і Пастаўскай пэдвучэльняў. Ніякія жыцьцёвыя выпрабаваньні не зламалі Валерыя Мазынскага, а толькі загартавалі! Жадаю яму, каб ён заўжды нагадваў сваіх герояў!»

Валер Мазынскі
Валер Мазынскі

Валеры Мазынскі атрымаў традыцыйныя ўзнагароды — памятны дыплём і скульптуру аўтарства Віктара Копача, далучыўшыся да тузіна ўганараваных раней. З 2008 году ўганараваныя званьнямі ляўрэатаў былі славутыя паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, літаратары і палітыкі Ўладзімер Някляеў і Павал Севярынец, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, краязнаўцы Ада Райчонак і Алесь Белакоз, музыка Лявон Вольскі, сьпевакі-барды Зьміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч.

Разважаючы пра ўзнагароду, спадар Мазынскі прызнаўся:

«Гэта вельмі прыемна, бо ранейшыя прэміі дзяржаўныя — зусім ня тое! Тут ты навідавоку, і ўсе ведаюць, што ты зрабіў. Калі нешта робіш, то проста робіш, і ўсё. А сёньня стаіш і адчуваеш: напэўна, і насамрэч нешта добрае зрабіў. Слушна ж: што яшчэ пасьля цябе застанецца? Толькі тое, што ты зрабіў. І тое шчырае, добрае, што пра цябе сказалі.

Валер Мазынскі
Валер Мазынскі

У мяне ёсьць мара. Баюся, яна ня зьдзейсьніцца пры маім жыцьці... Але самая вялікая мара мая, каб падчас вялікага выпрабаваньня мы здолелі ўзяцца за рукі і зрабіць жывы крыж. Ці жывы ланцуг. Пакуль гэта немагчыма. Бо мы пакуль не навучыліся любіць Беларусь і паважаць саміх сябе. Мы пакуль ня вылезьлі з „тутэйшасьці“. Мы яшчэ пакуль вяскоўцы, якія жывуць у сваім плоце-гародзе, а за плотам — гэта „не маё“. Сёньня толькі нараджаецца новая грамадзкая супольнасьць у Беларусі, якая мусіць узрошчваць у сабе гарадзкую культуру. А гэта значыць адказнасьць ня толькі за самога сябе і за свой двор, гэтая адказнасьць шырэй — за Бацькаўшчыну. І калі мы зможам сабрацца разам, узяцца за рукі, дараваўшы адно аднаму ранейшыя правіны, — гэта будзе больш значна, чым прыватныя адчуваньні прыватнай асобы — зьявіцца адчуваньне Радзімы, Бацькаўшчыны. І тады нас з вамі ніхто не пераможа!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG