Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абмяркоўваюць: Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч, Валер Карбалевіч.


Глод: Падчас учорашняй сустрэчы з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым і старшынёю праўленьня Нацбанку Паўлам Калаурам Лукашэнка прызнаўся, што асабіста скараціў тэрміны. Кіраўнік дзяржавы палічыў, што марудзіць няма сэнсу, і загадаў пачаць працэс з 1 ліпеня. Лукашэнка падкрэсьліў, што гэта сур’ёзны і палітычны момант, а само мерапрыемства ў нейкай ступені непапулярнае.

Тое, што пераход на новыя грошы — сур’ёзная справа, сумневу няма. І тут з Лукашэнкам можна пагадзіцца.

Пакуль людзі будуць разьбірацца, што да чаго, і прывыкаць да новых грошай, пік цяжкасьцяў можна будзе пераскочыць. Таму, гэта безумоўна спроба адцягнуць увагу ад крызісу.

Я думаю, што кіраўнік дзяржавы мае рацыю, калі называе эмісію новых грошай і палітычнай справай. І вось чаму. У людзей істотна зьменшыліся заробкі. Давер да ўладаў, у тым ліку і да Лукашэнкі, таксама падае. А новыя грошы як раз і могуць зьбіць нэгатыўныя настроі і нават гнеў насельніцтва. Пакуль людзі будуць разьбірацца, што да чаго, і прывыкаць да новых грошай, пік цяжкасьцяў можна будзе пераскочыць. Таму, гэта безумоўна спроба адцягнуць увагу ад крызісу. У гэтым, мне падаецца, і хаваецца палітычны аспэкт гэтай справы, якая закране кожнага жыхара Беларусі.

Цяпер пра трэці аспэкт пераходу на новыя грошы: тое, што Лукашэнка назваў непапулярнай мерай. Кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што пад шумок улады могуць радыкальна зьмяніць стаўкі па крэдытах і дэпазытах, а таксама ўвесьці шэраг іншых захадаў, каб перанесьці груз даўгоў і плацяжоў зь дзяржавы на простых грамадзян. Навуковец таксама кажа, што міністэрства гандлю ня зможа бясконца стрымліваць цэны, каб забясьпечваць заплянаваны ровень інфляцыі. І ў такім выпадку дэнамінацыя можа прыйсьціся як раз дарэчы:

Назіраючы болей за 20 год, як Лукашэнка выкручваецца са складаных сытуацыяў, я мяркую, што і пераход на новыя грошы ён падасьць як прыклад дзяржаўнага клопату пра народ.

«Калі даляр будзе спачатку каштаваць два рублі, а потым падрасьце на 50 капеек або на рубель, беларусы паставяцца да гэтага псыхалягічна прасьцей. І нейкая частка людзей будзе нэўтралізаваная».

Калі падсумаваць усё гэта, то выглядае, што такім чынам Лукашэнка зьмяшчае акцэнты. Бо праблема ня ў новых грошах, а ў тым, што беларусы бяднеюць, што інфляцыя падразае іх прыбыткі. Назіраючы болей за 20 год, як Лукашэнка выкручваецца са складаных сытуацыяў, я мяркую, што і пераход на новыя грошы ён падасьць як прыклад дзяржаўнага клопату пра народ.

А якія ў вас меркаваньні, калегі?

Грузьдзіловіч: Я б дадаў міжнародны фактар. Абмяжуем яго граніцамі СНД ці, дакладней кажучы, Эўраазійскага эканамічнага саюзу. Мне падаецца, што Лукашэнка рыхтуе гэты абмен грошай як фактар замежнага ўмацаваньня беларускага рубля. Ён хоча надаць яму нейкаія прыкметы валюты, каб на будучыню засьцерагчыся ад увядзеньня агульнай валюты на гэтай прасторы, каб захаваць кантроль над сваімі грашыма. Гэта галоўная мэта. А зьмяненьне аблічча беларускага рубля даць новы імпульс Беларусі змагацца за рынкі і ў Расеі, і ў Казахстане, і ў Армэніі, і ў іншых краінах, на якія разьлічвае Лукашэнка. Новы імідж беларускага рубля, магчыма, дапаможа яму атрымаць нейкія крэдыты ад МВФ, Расеі або іншых структур.

Новы імідж беларускага рубля, магчыма, дапаможа яму атрымаць нейкія крэдыты ад МВФ, Расеі або іншых структур.


Глод: Я быў на першай прэсавай канфэрэнцыі, калі прадстаўлялі гэтыя грошы. І першае пытаньне задаваў карэспандэнт Расейскага тэлебачаньня. Пытаньне было: чаму гэтыя грошы не падобныя да расейскіх, чаму яны больш падобныя да эўра? Расейцы вельмі балюча перажывалі, што Беларусь нават зьнешне фінансава адвязваецца ад Расеі

Грузьдзіловіч: Відавочна, што Лукашэнка баіцца ўвядзеньня агульнай валюты, як у пачатку 2000-х гадоў ён усяляк адпіраўся ад таго, каб перайсьці на расейскі рубель. І працягвае гэтую тактыку, якая ўжо і стратэгія, бо страта кантролю над грашыма — гэта страта ўлады.

Карбалевіч: Дэнамінацыя — гэта тэхнічная апэрацыя, і яна вялікага ўплыву на палітыку, ані эканамічную, ані нават замежную, не акажа. Няма сумневу, што дэнамінацыя аб’ектыўна насьпела і нават перасьпела. Працаваць з грашыма, на якіх вялікая колькасьць нулёў, проста нязручна — і суб’ектам гаспадараньня, і фізычным асобам. Асабліва калі гаворка ідзе пра вялікія сумы. Новыя грошы былі надрукаваныя некалькі год таму. Калі б з такой інфляцыяй пачакалі яшчэ пару гадоў, то капейкі ўжо б і не спатрэбіліся.

Тут варта ўзгадаць, што за гады кіраваньня Лукашэнкі гэта трэцяя дэнамінацыя. Беларусь сярод сусьветных лідэраў па тэмпах інфляцыі. Гэта яшчэ адзін штрых да агульнай карціны эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў.

Адно з наступстваў дэнамінацыі — непазьбежны рост цэнаў.

Ня думаю, што дэнамінацыя можа адцягнуць увагу насельніцтва ад крызісу. Наадварот: пэўная нязручнасьць ад таго, што паўгода будуць разам хадзіць старыя і новыя грошы, будзе толькі раздражняць людзей.

Думаю, людзі даволі хутка разьбяруцца і з заробкамі, і з цэнамі, і працэнтамі на банкаўскіх дэпазытах. Бо гэта тое, што трэба чалавеку штодня. І тут наўрад ці ўдасца неяк абхітрыць народ, каб той не заўважыў.

Адно з наступстваў дэнамінацыі — непазьбежны рост цэнаў. Бо калі адбываецца акругленьне, то яно абавязкова робіцца ў бок павышэньня.

Суб’ектам гаспадараньня давядзецца выдаткоўваць рэсурсы, каб пераналадзіць кампутарныя праграмы. Таксама нязручнасьць.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG