Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гэтае пытаньне абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч.


Карбалевіч: Надрукаваны праект праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2016-2020 гады, якая будзе абмяркоўвацца на пятым Усебеларускім народным сходзе. Калі вынесьці за дужкі патасную рыторыку пра павышэньне якасьці жыцьця насельніцтва, пра тое, што ў кожнай беларускай сям’і будзе магчымасьць пабудаваць свой дом або кватэру, а зьвярнуцца да канкрэтных лічбаў і тэзісаў, то што зьвяртае на сябе ўвагу...

Рост валавога ўнутранага прадукту заплянавана за пяцігодку на 12-15%. Нагадаю, што ўрад прапаноўваў рост толькі на 10%. Відаць, дзеля прапагандысцкіх мэтаў вырашылі павялічыць гэтую лічбу, не зьвяртаючы ўвагі на яе рэалістычнасьць.

Інфляцыю да 2020 году плянуецца зьнізіць да 5%. Лічба даволі рэальная, калі Нацбанк будзе працягваць цяперашнюю жорсткую манэтарную палітыку.

Гэтая праграма ствараецца не для таго, каб яе выконваць. Гэта, хутчэй, прапагандысцкі дакумэнт. У гэтым яго функцыя.

Але мяне больш за ўсё зацікавіла тая частка праграмы, дзе гаворка ідзе пра эканамічную лібэралізацыю эканомікі і стварэньне рынкавага мэханізму. Вось, напрыклад, плянуецца забясьпечыць свабодную куплю-продаж акцый айчынных і замежных арганізацый — усіх формаў уласнасьці. Гэта значыць, што на фондавым рынку можна будзе купіць акцыі МАЗу ці Беларуськалію? Вы ў гэта верыце? Дык у першы ж дзень акцыі Беларуськалію купяць замежныя кампаніі, і самае багатае прадпрыемства краіны пяройдзе ў рукі замежнікаў. Не магу паверыць, што цяперашняя ўлада на гэта гатовая. Тады навошта такое пісаць?

У дакумэнце запісана, што скасуюць абавязковы продаж суб’ектамі гаспадараньня замежнай валюты на біржы, абмежаваньні на адкрыцьцё рахункаў у замежных банках.

Ці вось яшчэ: «Увядзеньне адміністрацыйнай (а пры паўторным зьдзяйсьненьні — крымінальнай) адказнасьці за ўмяшаньне службовых асоб, праваахоўных (кантралюючых, наглядных) органаў у законную дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня». Дык гэта ж амаль рэвалюцыя ў сацыяльнай сыстэме, у сыстэме ручнога кіраваньня гаспадаркай. Тады чым жа будуць займацца гэтыя органы?

Думаю, увогуле гэтая праграма ствараецца не для таго, каб яе выконваць. Гэта, хутчэй, прапагандысцкі дакумэнт. У гэтым яго функцыя. Як, уласна, функцыя і самога Ўсебеларускага народнага сходу.

Глод: Запісаць можна ўсё, што толькі хочаш. Скажыце, хто будзе памятаць, што запісалі пяць гадоў таму? Я паспрабаваў, не праглядаючы адпаведных матэрыялаў, прыпомніць — што галоўнага запісалі ў праграме такога ж сходу? Успомнілася толькі адно — абяцалі заробак, эквівалентны адной тысячы даляраў. Таму я згодны са спадаром Карбалевічам, што УНС — гэта, па сутнасьці, своеасаблівая рэклямная акцыя, хоць Лукашэнка ўвесь час і падкрэсьлівае, што гэта не піяр-акцыя. Без сумневу, празь пяць год людзі забудуцца, што прымалася ў 2016 годзе.

І зьнешне, і па сутнасьці Ўсебеларускі народны сход нагадвае сабой зьезд КПБ пры савецкай уладзе.

Гэтымі пяцігодкамі і зьнешне, і па сутнасьці УНС нагадвае сабой найперш зьезд КПБ пры савецкай уладзе. Там таксама даказвалі пра дасягненьні за мінулую пяцігодку і зацьвярджалі пляны на новую. І даволі часта пасьля завяршэньня чарговай пяцігодкі высьвятлялася, што многія паказьнікі засталіся нявыкананымі, бо ад самага пачатку яны былі нерэалістычнымі і папулісцкімі.

Так выйшла і з праграмай, якую прымалі на папярэднім УНС. Праваленыя заданьні па росту валавога ўнутранага прадукту, па павялічэньні аб’ёмаў вытворчасьці, што ў прамысловасьці, што ў сельскай гаспадарцы.

Мяркую, што так будзе і з той праграмай да 2020 году, якую празь пяць дзён пачнуць прымаць на УНС. Цяпер ужо ясна, што лепшыя часы для Беларусі, калі нафта каштавала болей за 100 даляраў за барэль, а газ для беларусаў удвая-ўтрая ніжэй, чым для эўрапейцаў, засталіся ў мінулым. Як і ранейшыя аб’ёмы расейскіх крэдытаў. Таму спадзявацца на высокія паказьнікі ў новай пяцігодцы не выпадае.

Каб дамагчыся прарыву, трэба карэнным чынам зьмяняць умовы гаспадараньня, прывабліваючы ў Беларусь замежных інвэстараў. Але на такія зьмены, на лібэралізацыю эканомікі і заканадаўства Лукашэнка згоды не дае. Але калі ён і надумае нешта зьмяніць, то рашацца гэта будзе не на УНС.

Галоўнае на гэтым мерапрыемстве — адзінадушна ўхваліць палітыку кіраўніка дзяржавы.

Мне падаецца, што на сходзе ніхто нават не паставіць пытаньня пра рэалістычнасьць праграмы. Галоўнае на гэтым мерапрыемстве, зноў жа як і на камуністычных форумах савецкіх часоў, — аднадушна ўхваліць палітыку кіраўніка дзяржавы. І гэта яшчэ болей робіць Усебеларускі народны сход падобным да партыйнага зьезду.

Грузьдзіловіч: Вы, Уладзімер, назвалі дэлегатаў на Ўсебеларускі сход дэпутатамі. І гэта агаворка цікавая. Маецца на ўвазе, што яны нібыта нешта абмяркоўваюць, вырашаюць і аналізуюць за сыстэму. Безумоўна тое мерапрыемства, якое нам трэба перажыць, — гэта цалкам прапагандысцкі форум, зусім не скіраваны на тое, каб сапраўды нешта аналізаваць, рабіць высновы, што зроблена, чаго не зрабілі, і чаму. Гэта ўсё прааналізавана і зробленыя высновы недзе там, у «чырвоным доме», а людзям толькі трэба прыйсьці, і сваім, нават не галасаваньнем, як у парлямэнце фармальна, а проста сваёй прысутнасьцю (гэта будзе трансьлявацца па ўсіх каналах) засьведчыць, што народ нібыта ўсё гэта падтрымлівае. Немагчыма ўхваляць савецкую сыстэму гэтых зьездаў, яна была дрэнная і неэфэктыўная, але нават тады былі фармальныя справаздачы, што было зроблена, у чым недахопы. Выходзілі выступоўцы, якія крытыкавалі. Нейкія 5% выступу — але мусілі-такі прызначацца нейкай крытыцы. Цяпер увогуле гэтага няма, і чакаць не даводзіцца. Адзінае, што я заўважыў у тых дакумэнтах, якія цяпер зьявіліся, гэта вынаходкі, якія перарасьлі нават савецкія. Фармулёўка, што ў 2000-м годзе кожная беларуская сям’я будзе мець магчымасьць пабудаваць сабе дом ці кватэру... Ну, магчымасьць, значыцца, у цябе была, але ты сам ёй не скарыстаўся — сам вінаваты. Ты ж мог пайсьці ў банк, узяць крэдыт пад вялізарны працэнт, нешта будаваць. Зарабіць канец канцом. У нас жа рынак — зарабляй. А папраўдзе такіх магчымасьцяў безумоўна няма, і робіцца іх усё менш.

Кантралёраў трэба неяк стрымліваць. Нават увесьці для іх адказнасьць.

Правільна заўважылі, што нібыта зьбіраюцца ўвесьці адказнасьць адміністрацыйную, а потым і крымінальную за ўмяшаньне кантрольных органаў у справы гаспадарнікаў. Гэта і праўда ўжо ня проста аскоміна. Усім відавочна, што кантралюючыя органы ня проста замінаюць — яны робяць вялізарную шкоду людзям і эканоміцы. Гэта, праўда, адбываюцца не заўсёды, але такія прыклады ёсьць. Вось, па справе Шарэйкі гэта добра відаць. Некалі гэта было відаць са справы Мальцава на Барысаўдрэве. І таму кантралёраў трэба, відаць, неяк стрымліваць. Нават увесьці для іх адказнасьць. Зірнем на праблему шырэй. У нас кантралюючых органаў і структур да дзесятку, і ў кожным па тысячы чалавек працуе! Галоўны мэтад стрыманьня — гэта проста скараціць іх колькасьць, зьменшыць іх штат да мінімуму. Вось і будзе кантроль.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG