Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне былы ахоўнік Асьвенціму асуджаны на пяць гадоў


Каля 1,4 мільёна чалавек, зь якіх каля 1,1 мільёна складалі габрэі, былі забітыя ў Асьвенціме.

Былы ахоўнік канцлягеру Асьвенцім Райнхальд Ханінг прызнаны вінаватым у саўдзеле ў забойстве 170 тысяч чалавек і асуджаны да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня. Такое рашэньне прыняў суд у горадзе Дэтмольд.

94-гадовы Ханінг служыў у лягеры сьмерці, які разьмяшчаўся ў акупаванай нацыстамі Польшчы. Судовы працэс над ім стаў адным з апошніх у Нямеччыне па справах, зьвязаных з Галакостам.

Ханінг, які добраахвотна ўступіў у СС ва ўзросьце 18 гадоў, удзельнічаў у сыстэматычных забойствах з 1943-го па 1944 год у Асьвенціме. Падчас судовага працэсу абарона сьцьвярджала, што простая прысутнасьць Ханінга ў лягеры не азначала, што ён быў непасрэдна адказны за забойства, у той час як пракуроры заявілі, што ён можа быць асуджаны за садзейнічаньне дзейнасьці канцлягера. Ханінг служыў у лягеры падчас апэрацыі па дэпартацыі і зьнішчэньню 425 тысяч вугорскіх габрэяў. У Асьвенціме на працягу трох месяцаў 1944 года іх атручвалі газам.

Канцэнтрацыйны лягер і лягер сьмерці Аўшвіц-Біркенаў — комплекс нямецкіх канцэнтрацыйных лягераў і лягераў сьмерці, які разьмяшчаўся ў 1940-1945 гадах каля гораду Асьвенцім ў 60 кілямэтрах на захад ад Кракава. У сусьветнай практыцы прынята выкарыстоўваць нямецкую назву «Аўшвіц», а не польскую «Асьвенцім», паколькі менавіта нямецкая назва выкарыстоўвалася нацысцкай адміністрацыяй.

Лягер быў вызвалены 27 студзеня 1945 году савецкімі войскамі. Каля 1,4 мільёна чалавек, зь якіх каля 1,1 мільёна складалі габрэі, былі забітыя ў Асьвенціме. Асьвенцім-Біркенаў быў найбуйнейшым і найбольш доўга праіснаваў з нацысцкіх лягераў зьнішчэньня, таму ён стаў адным з галоўных сымбаляў Галакосту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG