Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Amnesty International: Беларусь хавае зьвесткі пра сьмяротныя пакараньні


«Улады многіх краін не публікуюць інфармацыю пра сьмяротнае пакараньне. У Беларусі, Віетнаме і Кітаі інфармацыя аб ужываньні сьмяротнага пакараньня лічыцца дзяржаўнай таямніцай» — піша праваабарончая арганізацыя Amnesty International у сваёй справаздачы аб тым, дзе і ў якой колькасьці выконваліся сьмяротныя прысуды ў 2015 годзе.

Арганізацыя зазначае, што інфармацыя зь некаторых краін (у прыватнасьці, Емэну, Паўночнай Карэі, Лаосу, Малайзіі і Сырыі) у 2015 годзе была частковай або адсутнічала з прычыны дзяржаўнай забароны і/або ўзброенага канфлікту. Таму, падкрэсьлівае Amnesty International, лічбы ў справаздачы ўяўляюць сабою мінімальную ацэнку, а рэальная статыстыка хутчэй за ўсё вышэйшая.

Amnesty International зафіксавала рэзкае (на 54%) павелічэньне
колькасьці пакараньняў сьмерцю, праведзеных па ўсім сьвеце, у параўнаньні з 2014 годам. Як мінімум 1 634 чалавекі былі пакараныя за 2015 год, на 573 чалавек больш, чым было зафіксавана ў 2014 годзе. Як і ў папярэднія гады, у гэтыя лічбы ня ўключаны паказчыкі па пакараньнях сьмерцю ў Кітаі, дзе інфармацыя пра сьмяротнае пакараньне лічыцца дзяржаўнай таямніцай.

З другога боку, летась чатыры краіны адмянілі сьмяротнае пакараньне ў сваіх заканадаўствах: Мадагаскар, Фіджы, Рэспубліка Конга і Сурынам.

З усіх пакараньняў сьмерцю, зафіксаваных у 2015 годзе, 89% былі праведзены ўсяго ў трох краінах: Іране, Пакістане і Саудаўскай Арабіі. Кітай, гаворыцца ў справаздачы, па-ранейшаму праводзіць больш пакараньняў сьмерцю, чым любая іншая краіна ў сьвеце. І хоць Amnesty International не публікуе зьвестак, якія тычацца Кітаю, арганізацыя ўпэўненая, што штогадовы лік пакараньняў сьмерцю ў Кітаі ідзе на тысячы.

Адносна Беларусі Amnesty International адзначае, што ў 2015 годзе ў краіне былі вынесеныя два сьмяротныя прысуды, але ў рубрыцы «выкананьне сьмяротных прысудаў» зьвесткі па Беларусі адсутнічаюць.

Некаторыя зьвесткі Amnesty International па колькасьці вядомых выпадкаў выкананьня сьмяротнага прысуду летась:

Іран — 997
Пакістан — 326
Саудаўская Арабія — 158
ЗША — 28
Ірак — 26
Самалі — 25

XS
SM
MD
LG