Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі беларусізуе «Лідзкае піва»


Кадар з новага рэклямнага роліку «Лідзкага піва»

Кадар з новага рэклямнага роліку «Лідзкага піва»

Сёлета ў красавіку «Лідзкае піва» заявіла пра пераход адной са сваіх лінеек — брэнду «Лідзкае» на беларускамоўную камунікацыю.

Для новага піва зьнялі рэклямны ролік, які ў студыі «Беларусьфільму» зрабілі музыка Лявон Вольскі і дыктар Ільля Курган.

«Асноўным крытэрам выбару тых, хто будзе агучваць рэкляму, былі адпаведнасьць галасавых здольнасьцяў, тэмбар і размова на прыгожай клясычнай беларускай мове, — распавяла Ірына Капілава, дырэктар па маркетынгу „Лідзкага піва“. — Спачатку мы сапраўды арыентаваліся выключна на тэмбар, але ўвесь час трымалі ў галаве ідэю, што было б цудоўна падабраць легендарных асобаў. Нам падалося, што Ільля Львовіч — менавіта той герой і той прадстаўнік культурнага пласту і школы радыё- і тэлежурналістыкі, які нам падыдзе. Такога ж меркаваньня мы і пра Лявона Вольскага».

Ірына Капілава адзначыла, што пакуль яшчэ ня ўся прадукцыя лідзкага бровару перайшла на беларускамоўную рэкляму і аздабленьне, але кампанія працуе над тым, каб гэта адбылося:

«Але поўны пераход на беларускую мову — пытаньне выключна часу. Усё „Лідзкае“ піва пяройдзе на беларускую мову. Быў час, калі па дасьледаваньнях кампаній мы бачылі, што цікавасьць да беларускасьці і гістарычных каранёў была нізкай і знаходзілася ў стане сну. Цяпер жа ўздым відавочны. Пра гэта сьведчаць вынікі камунікацыйных кампаній буйных брэндаў».

Лявон Вольскі адзначыў, што насьцярожана ставіцца да прапановаў агучыць рэкляму алькагольных напояў, але падтрымлівае бізнэс-ініцыятывы што да беларускамоўнага брэндынгу:

«Чаму я пагадзіўся на агучку? Ды таму што падтрымліваю беларускамоўны брэндынг. Сам я беларускае піва фактычна ня п’ю, але тут зьявілася нагода пакаштаваць. Мне вельмі даспадобы той працэс беларусізацыі, які адбываецца на лідзкім бровары».

XS
SM
MD
LG