Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вера беларусаў — савецкая, бог беларускі — Ленін


Малады мастак са Смаргоні Анро (Андрэй Рогач)
Малады мастак са Смаргоні Анро (Андрэй Рогач)

Малады мастак са Смаргоні Анро малюе Леніна, каб папярэдзіць пра спаўзаньне ў маральную бездань: «Беларусы засталіся ў савецкай веры, бо Ленін для савецкага чалавека быў гэткай жа велічынёй, як Езус для хрысьціяніна», — кажа ён.

Мастацкая і плякатная ленініяна сем дзесяцігодзьдзяў была абавязковым атрыбутам камуністычнай ідэалёгіі, але зьнікла як зьява ў выніку параду сувэрэнітэтаў — пакаленьне народжаных па-за часовымі рамкамі СССР ня бачыць прычынаў шанаваць невядомае імя.

Бадай, адзіны мастак у Беларусі, які вяртаецца да гэтай тэмы, — малады экспэрымэнтатар Анро (вынік спалучэньня першых складоў імя і прозьвішча Андрэй Рогач). Яму 28 гадоў, жыве і працуе ў Смаргоні на Гарадзеншчыне.

Пустапарожнія зьезды і працяглыя аплядысмэнты

У 2013-м Анро распачаў сэрыю «The Lost», дзе ў якасьці зыходнага матэрыялу выкарыстаў партрэты зьніклых людзей. Сьледам пачаў распрацоўваць праект «Face in Shadow» — спроба візуалізацыі вобразаў палітычнай намэнклятуры. Летась, калі ў рукі трапіла падшыўка старых часопісаў «Новый мир», яго старонкі сталі месцам для новага экспэрымэнту — сэрыі графічных працаў «New World», у якіх, удакладняе сам аўтар, вывучаюцца карані шчымлівай настальгіі па «савецкай утопіі»:

Анро. За зялёным сталом
Анро. За зялёным сталом
Анро. Партыйны актыў
Анро. Партыйны актыў

«Гэта больш зварот да тэмы нашай дадзенасьці: мы дагэтуль жывём у савецкім антуражы. Адзінае — што сёньня гэта крыху больш завуалявана, чым калісьці. Так, мы ганарова называемся Рэспубліка Беларусь, але сутнасна зусім недалёка адскочылі ад „саўка“. Зноў жа, з Расеяй межаў няма, размаўляем на мове руска-савецкай. Па-сутнасьці, новы этап пад пільнай апекай старэйшага „брата“ ці „сястры“, як каму бачыцца. У Маскве ж не хаваюць: як толькі ў Беларусі зьявіцца намёк на нейкую рэвалюцыю, то яна хутка стане часткай Расеі. Што, уласна кажучы, адбываецца на ўсходзе Ўкраіны».

Вобразы невынішчальнай савецкасьці ў сэрыяле «New World» Анро падмацоўвае бюстамі і помнікамі бальшавікоў, партыйнымі нарадамі і пасяджэньнямі, адыходамі ў іншы сьвет і пахавальнымі працэсіямі. Усё тое, без чаго немагчыма ўявіць жыцьцё і ў сучаснай саветызаванай Беларусі:

Анро. Вечныя «засядацелі»
Анро. Вечныя «засядацелі»
Анро. Аматары круглых сталоў
Анро. Аматары круглых сталоў

«Усё гэта ня толькі перайшло ў спадчыну, яно шануецца і набывае новыя формы, — гаворыць суразмоўца. — Напрыклад, у выглядзе пустапарожніх Усебеларускіх народных сходаў, якія праходзяць у поўнай адпаведнасьці з колішнімі зьездамі КПСС. Нейкія законы ад імя народа прымаюцца, а насамрэч ніякага абмеркаваньня з народам няма. Увогуле ня чую, каб за апошнія гады хоць нешта ў палітычным жыцьці было супраць, „аднагалосна“ і пад „бурныя аплядысмэнты“. А гэта азначае, што працуе, як савецкі партыйны мэханізм. Яшчэ адно пацьверджаньне, якая ў нас спадчына».

Ідалапаклонства эпохі навуковага атэізму

Анро. Ленін у тумане
Анро. Ленін у тумане

Асобнай лініяй у творчасьці Анро праходзіць асэнсаваньне ленінскага вобразу, які ня толькі без асаблівых узрушэньняў перакачаваў у сувэрэнную Беларусь, а досыць камфортна сябе пачувае. Мастак задаецца пытаньнем: чаму «Рэвалюцыя годнасьці» ва Ўкраіне прычынілася да «віруснага» зьвяржэньня камуністычных ідалаў ды так званага «ленінападу», а тут чужы ва ўсіх сэнсах Ленін працягвае цэмэнтаваць цэнтральныя плошчы гарадоў? Дарэчы, першы Ільіч у калекцыі Андрэя Рогача мае смаргонскую прапіску — той, што стаіць пад вокнамі будынку райвыканкаму:

Анро. Смаргонскі Ленін
Анро. Смаргонскі Ленін
Анро. Бюст правадыра
Анро. Бюст правадыра
Анро. Жывейшы за ўсіх жывых
Анро. Жывейшы за ўсіх жывых

«Ленін — гэта сымбаль, які жыве на нашай зямлі да сёньняшняга дня. У кожным горадзе галоўная вуліца — ці Леніна, ці ў крайнім выпадку Савецкая. На кожнай цэнтральнай плошчы стаіць хто? Ён самы, Ленін. Людзі зь цягам часу да ўсяго гэтага прывыкаюць і не заўважаюць. Але можна з упэўненасьцю казаць: гэта своеасаблівы сымбаль савецкай веры. Так, мы ведаем, што ў савецкі час панаваў навуковы атэізм, але ён пасьпяхова замяніўся новымі ідаламі, партыйнымі. Дык вось Ленін для савецкага чалавека быў гэткай жа асобай, як для хрысьціяніна Езус. Але да чаго тое ідалапаклонства давяло — усе мы ведаем».

Анро. Ідалапаклонства
Анро. Ідалапаклонства
Анро. Чорная плошча
Анро. Чорная плошча

Навошта малады чалавек узяўся за мала ўдзячную місію — праз мастацтва гаварыць пра тое, у якім гістарычным пэрыядзе затармазіліся ягоныя суайчыньнікі? Анро адказвае словамі героя, зноў жа, савецкага кінафільму — «за дзяржаву крыўдна»: «Беларусы — бадай, адзіныя на постсавецкай прасторы, якія найменей зьмяніліся ў сваёй сутнасьці»:

Анро. Кампанія аднадумцаў
Анро. Кампанія аднадумцаў
Анро. Калектыўны мозг
Анро. Калектыўны мозг

«Стаўленьне да жыцьця тут цалкам савецкае. Тое, што зьмянілася навокал, — усяго толькі праява масавай культуры: у крамах зьявіўся выбар прадуктаў, у молах — брэндавыя рэчы. Але ўся сыстэма плянавага кіраваньня, выбудоўваньня чалавечых адносінаў засталася ранейшай. Адчуваецца, што людзі закрытыя адзін да аднаго, баяцца, што нехта на некага „стукане“, даложыць куды трэба. І каб пра гэта гаварыць, трэба задзейнічаць сымбалі, якія ёсьць у кожным горадзе і вядомыя кожнаму чалавеку. На жаль, беларусы цяпер у стане, так бы мовіць, ня вельмі відушчым. Людзі як у тумане: знаходзяцца на гэтай тэрыторыі, але не заўважаюць уплыў таго, савецкага часу».

Пастка для дармаедаў: зроблена ў РБ па ліцэнзіі СССР

У якасьці яшчэ адной праявы савецкасьці Анро называе рэанімацыю сумнеўных мэтадаў навядзеньня парадку ў той ці іншай галіне. Напрыклад, жаданьне паставіць на ўлік дармаедаў, абклаўшы іх дзяржаўным «аброкам». У гэты шэраг трапляюць і творчыя асобы — мастакі, літаратары, музыкі, — чыя дзейнасьць не пацьверджаная профільнымі саюзамі:

Андрэй Рогач ў майстэрні (в. Вайнідзяняты)
Андрэй Рогач ў майстэрні (в. Вайнідзяняты)

«Безумоўна, такая праблема наўпрост ці ўскосна, але закранае і мяне. А ўвогуле гэта дзіўны перажытак, бо, як вядома, зьявілася адмысловая камісія, якая павінна выявіць (!) і зафіксаваць здольнасьці мастака. Норма бярэцца за аснову такая: калі мастак зьяўляецца сябрам прафэсійнага саюзу, значыць, ён сапраўдны мастак. А калі ты па-за суполкай, то мусіш даказваць сваё права займацца справай. Апрыёры на цябе глядзяць як на другараднага рамесьніка — маўляў, што за творца без «корачкі»?

З калегам-мастаком Сяргеем Верамейчыкам
З калегам-мастаком Сяргеем Верамейчыкам

Андрэй Рогач ня цешыць сябе спадзяваньнямі, што зь першай спробы ўдасца атрымаць статус творчага работніка. Як кажа сам, найперш не дадаюць аптымізму гісторыі «забракаваных» калегаў — у прыватнасьці, ня так даўно прачытаў на Свабодзе пра менскага мастака Вячаслава Кліменку, які ня ўразіў чальцоў камісіі, але атрымаў добрыя водгукі па выніках пэрсанальнай выставы ў адной са сталічных галерэй:

Анро: заслужаны перакур
Анро: заслужаны перакур

«Ня ведаю, як будзе ў маім выпадку, бо апарат толькі пачынае працу, і што прыдумаюць далей — сказаць цяжка. У мяне неўзабаве будуць выставы, можа гэта стане нейкай падставай да прызнаньня. Але ўвогуле сама пастаноўка пытаньня, што мастак мусіць нешта даказваць — мякка кажучы, нядобрая. У гэтым ёсьць нешта такое, што прыніжае чалавека. Дый увогуле такога паняцьця як дармаедзтва ў цывілізаваным сьвеце няма. Проста прыдумваецца спосаб выпампоўваньня сродкаў. А права кожнага — жыць так, як лічыць патрэбным».

На дно: камуністычны «тытанік» і ягоны баляст

Беларусь разам з Расеяй засталіся адзінымі краінамі ў рэгіёне, якія не хаваюць настальгічных пачуцьцяў па савецкай мінуўшчыне. Тым цікавей, як кажа мастак Анро, будзе назіраць за зьвяржэньнем ідэалягічных пастамэнтаў і ўсталяваньнем агульназразумелых чалавечых каштоўнасьцяў:

Анро. Пахаваньне партыйца
Анро. Пахаваньне партыйца
Анро. Апошняе прывітаньне з браневіка
Анро. Апошняе прывітаньне з браневіка

«Мы засталіся з савецкімі сымбалямі ва ўсім, і нейкі прасьвет пакуль не асабліва і відаць. Таму вельмі цікава, як хутка ўсё гэта рухне, калі настануць глябальныя зьмены. Бо, як мы бачым на прыкладзе суседніх дзяржаваў, калі савецкая ўлада сапраўды сыходзіць, то разам зь ёй зьнікаюць і ўсе гэтыя леніны-сталіны — і з п’дэсталаў на плошчах, і з галоваў у людзей. Як здарылася ва Ўсходняй Эўропе, уключна з Польшчай, у краінах Балтыі, а зараз адбываецца ва Ўкраіне. У Беларусі ўсё застаецца нязьменным, што сьведчыць толькі пра адно: беларусы загразьлі ў савецкім мінулым. Але, як кажуць у такіх выпадках, — да пары, да часу...».

Анро. Ленін жыў, Ленін памёр
Анро. Ленін жыў, Ленін памёр

Чакаць «рэвалюцыйных» зьменаў у настроях землякоў Анро будзе ў майстэрні, якую ён перарабіў з... кароўніка. Дом прадзеда ў вёсцы Вайнідзяняты пад Смаргоньню застаўся ў спадчыну; сьледам за ўпарадкаваньнем інтэр’еру, перакладкай печы і рэканструкцыяй мэблі надышла чарга надворных пабудоваў. Як кажа мастак, пасьля «узьяднаньня» у 1939-м савецкай і польскай частак Беларусі на загад бальшавікоў усе праявы сялянскай заможнасьці былі зруйнаваныя ці пераробленыя ў хлявы. Цяпер Анро вяртае ім былы гаспадарчы лоск, у тым ліку з наданьнем новай функцыянальнай нагрузкі.

У абноўленай прадзедавай хаце
У абноўленай прадзедавай хаце

Анро (Андрэй Рогач) нарадзіўся ў 1987 годзе ў Смаргоні Гарадзенскай вобласьці. Мастак, фатограф, жыве і працуе ў родным горадзе. Жанаты. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны тэхнікум эканомікі, тэхналёгіі і права па спэцыяльнасьці «рэкляма». Ад 2007-га да 2012-га займаўся пастановачнай фатаграфіяй, зьняў сэрыю «Дысамнія», у якой пераасэнсаваў беларускі фальклёр. Ад 2013 году займаецца жывапісам, распачынае тэматычныя сэрыялы: «The Lost», «Face in Shadow», графічную «Антыўтопію» «New World». Удзельнік калектыўных і пэрсанальных выставаў у Беларусі і Расеі. Аўтар кнігі «21 шклянка. Гісторыі Ёгеша, запісаныя Анро».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG