Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады хочуць забраць калгасы ў інвэстараў? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову кіраўніка Менскай вобласьці Сямёна Шапіры забраць у інвэстараў калгасы, якія былі ім перададзеныя, і прымусіць іх кампэнсаваць страты.

Нагадаю, пра што ідзе гаворка. У пачатку 2000-х гадоў Лукашэнка прыдумаў нечуваны ў гісторыі цудадзейны сродак выратаваньня калгасна-саўгаснай сыстэмы. Ён абавязаў суб’екты гаспадараньня, як дзяржаўныя (гэта і заводы і банкі), так і прыватныя, узяць на сябе адсталыя калгасы.

Вось цяпер я бачу ў мэдыях зьявіліся загалоўкі: «Дзяржава хоча вярнуць распраданыя калгасы». Гэта не зусім так. Калгасы не прадавалі, а сілком прымушалі інвэстараў браць у арэнду. Прычым, юрыдычны статус гэтых гаспадарак, правоў інвэстараў ня быў ясна вызначаны.

У 2004 годзе Лукашэнка казаў: «Усё зноў зводзіцца да прымітыўнага шэфства. Ніякага шэфства. Шэфства — на добраахвотнай аснове. А тое, што я сказаў, будзе навязвацца аўтарытарным чынам». Лукашэнка вельмі ганарыўся гэтым сваім вынаходніцтвам перад расейскімі журналістамі. «Яны не хацелі браць гэтыя гаспадаркі... Я прымусіў прыватнікаў узяць калгасы, саўгасы. 25%», — хваліўся ён. Вось Шапіра паведаміў, што ў Мінскай вобласьці 125 сельгаспрадпрыемстваў было перададзена інвэстарам.

Які вынік? Вось, як сьведчыць гэтае абмеркаваньне сытуацыі Лукашэнкі з Шапірам, вынікі ня надта добрыя. Бо сілай прымусіць добра гаспадарыць немагчыма

Які вынік? Вось, як сьведчыць гэтае абмеркаваньне сытуацыі Лукашэнкі з Шапірам, вынікі ня надта добрыя. Бо сілай прымусіць добра гаспадарыць немагчыма. Ці сапраўды там інвэстары распрадавалі маёмасьць калгасаў, невядома. Але зразумела, што яны цяпер будуць вымушаныя расплачвацца за страты гаспадарак, якія ім навязалі.

Хачу нагадаць, што калі год таму арыштавалі ўласьніка заводу «Мотавела» Мураўёва, яго таксама абвінавацілі ў тым, што ён распрадаваў маёмасьць прадпрыемства. Можна узгадаць таксама, як улады забралі кандытарскія фабрыкі ў амэрыканскага бізнэсоўца беларускага паходжаньня Новікава. То бок, у Беларусі правы інвэстараў альбо юрыдычна не вызначаныя, альбо яны своеасабліва трактуюцца дзяржаўнымі органамі. І як толькі ўзьнікае нейкая спрэчная сытуацыя, інвэстары, бізнэс прымушаюць расплачвацца. Нагадаю, што ў Беларусі існуе рэдкая для рынкавай эканомікі субсыдыярная адказнасьць заснавальнікаў камэрцыйнай структуры за даўгі гэтай структуры.

Глод: З 1994 году, калі Лукашэнка ўпершыню стаў прэзыдэнтам, ён увесь час вучыць усіх, як апрацоўваць зямлю, як падымаць надоі, карацей, як правільна весьці сельскую гаспадарку. Нават эканамісты ўжо ня могуць дакладна сказаць, колькі мільярдаў даляраў за гэты час убухалі ў аграрны комплекс. А стратныя сельгаспрадпремствы як былі, так і застаюцца. Я ўпэўнены, што так будзе і надалей. Бо рэфармаваць аграрны комплекс Лукашэнка спрабуе выключна савецкімі мэтадамі. Усе гэтыя аб’яднаньні перадавых ды адсталых калгасаў, навязваньне ім шэфаў — усё гэта ды іншае не ёсьць нейкая беларуская навацыя. Усё гэта ўзятае з арсэналу савецкіх часоў. Аднак, як цяпер, так і тады такі шлях паказвае толькі беспэрспэктыўнасьць.

Праўда, прадаўжальнік савецкіх традыцыяў Лукашэнка зрабіў карэкціроўку на час. Калі ў СССР так званае шэфства навязвалася прамысловым прадпрыемствам, то ў прэзыдэнцкай Беларусі ў шэфы запісалі буйныя фірмы, нават камэрцыйныя банкі. Ад шэфаў патрабавалі дапамогі — і фізычнай з выездам усіх служачых на ўборку ўраджаю, але і фінансавай. Ну, а наступным крокам стала ня проста апека, а выкуп разам з абавязкамі прагарэлых калгасаў.

«Я накінуў „Аквабэлу“ і іншым прыватнікам разбураныя гаспадаркі. Гэта вы тонка кажаце „нізкарэнтабельныя“. Ніякай там рэнтабэльнасьці няма, яна з мінусам.

У Аляксандра Фядуты аўтара кнігі пра першага беларускага прэзыдэнта напісана: «Я накінуў „Аквабэлу“ і іншым прыватнікам і прамысловым прадпрыемствам разбураныя гаспадаркі. Гэта вы тонка кажаце „нізкарэнтабельныя“. Ніякай там рэнтабэльнасьці няма, яна з мінусам — гэта прадпрыемствы разбураныя! Але людзі хочуць там жыць і атрымліваць заробак».

І што мы бачым цяпер? Валер Карбалевіч слушна казаў, што, як толькі ўзьнікае нейкая спрэчная сытуацыя, інвэстары, бізнэс прымушаюць расплачвацца. Дык які ж інвэстар добраахвотна пойдзе ў беларускі калгас?

Мне падаецца, яшчэ адзін аспэкт гэтай справы палягае ў тым, чаму менавіта зараз Лукашэнка ўзьняў гэтую тэму? Я думаю, адказ зразумелы — бюджэту востра не хапае грошай. А гэта новыя страты. Таму і ідуць такія пошукі па ўсіх кірунках. Упэўнены, справа «шэфаў-інвэстараў» далёка не апошняя. Трэба чакаць нечага падобнага і надалей. Недахоп грошай падштурхоўвае ўлады да гэтага.

Дракахруст: Само слова «інвэстар» у дадзеным выпадку гучыць зьдзекам — як у Беларусі гучаць зьдзекам «выбары», «парлямэнт». Які ж тут інвэстар, калі размова фактычна ідзе пра своеасаблівую «баршчыну» для камэрцыйных прадпрыемстваў? Гэтае слова проста не адпавядае тым эканамічным адносінам, паводле якіх гэта ўсё адбывалася.

Мне здаецца, гэта ўсё ж такі крок у кірунку выкананьня рэкамэндацыяў Міжнароднага валютнага фонду. Якая сухая рэшта інфармацыі, зь якой мы пачалі размову? Камэрцыйныя прадпрыемствы больш ня будуць ажыцьцяўляць гэтае шэфства за калгасамі

Акрамя таго, варта сказаць пару словаў у абарону гэтых прадпрыемстваў. Калі гэта камэрцыйныя прадпрыемствы, ці нават квазікамэрцыйныя, я памятаю, нават за Нацыянальным банкам замацоўвалі нейкія прадпрыемствы, дык яны спрабуюць рацыяналізаваць тую вытворчасьць, якую на іх павесілі. І калі яны бачаць, скажам, кінутыя землі ў калгасе, якія ніхто не апрацоўвае, дык каб зьменшыць свае выдаткі можа і разумна іх проста прадаць, паколькі гэта мёртвы груз? Але я нязгодны з вашай, калегі, інтэрпрэтацыяй цяперашняга кроку ўладаў. Мне здаецца, гэта ўсё ж такі крок у кірунку выкананьня рэкамэндацыяў Міжнароднага валютнага фонду. Якая сухая рэшта інфармацыі, зь якой мы пачалі размову? Камэрцыйныя прадпрыемствы больш ня будуць ажыцьцяўляць гэтае шэфства за калгасамі. Вось сэнс гэтага пасланьня.

Так, з іх зараз аднаразова, апошні раз возьмуць даніну, ясак, як падчас татарскага ярма. Так, магчыма бюджэт крыху папоўняць, можа кагосьці нават пасадзяць, каб памяталі, у якой краіне жывуць. Але гэтага больш ня будзе.

А МВФ міністар фінансаў, старшыня Нацбанку і памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды, які ўмее перакладаць мову Аляксандра Лукашэнкі на мову МВФ, патлумачаць, што мы ідзем да нармальнай рынкавай эканомікі, ад гэтых савецкіх вычварэньняў пазбаўляемся. Праўда, Аляксандар Рыгоравіч і гэты крок народу тлумачыць у савецкай жа парадыгме, маўляў, усё пакралі, усё неэфэктыўнае, трэба гэта мяняць. Ну дык не зьвяртайце ўвагі на рыторыку, гэта не для вас гаворыцца, а для беларусаў.

Калі глядзець на менавіта гэты вынік, то я б сказаў, што гэта станоўчы вынік. Гэтай дзікасьці, нават не савецкай, сярэднявечнай нейкай, не будзе.

Карбалевіч: Я так гэтае пасланьне не прачытаў. Не ўпэўнены, што прынялі рашэньне больш не навязваць прадпрыемствам і камэрцыйным структурам калгасы.

Дракахруст: Думаю, у хуткім часе даведаемся.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG