Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 17 чэрвеня 2016: У Менску загавораць пра гісторыю, якая замоўчвалася


Караль Ян Аляксандар Гутэн-Чапскі

Караль Ян Аляксандар Гутэн-Чапскі

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

17 чэрвеня ў прасторы «ЦЭХ» (Менск, вул. Кастрычніцкая, 16) пачнецца 10-дзённы выставачна-дыскусійны праект «ECLAB_Інтэракцыя», прысьвечаны розным досьведам і оптыкам, якія зьвязаныя зь беларускай гісторыяй і сучаснасьцю, але выпадаюць з-пад увагі, замоўчваюцца і не прагаворваюцца. Сьведчаньні супраціўленьня гвалту і дэгуманізацыі ў пэрыяд Халакосту, паўсядзённыя практыкі менскіх нефармальных супольнасьцяў 1980–90-х гадоў, перапляценьне прыватнага і афіцыёзнага ў жыцьці савецкага чалавека пэрыяду застою, альтэрнатыўная гісторыя Менску на інтэрактыўнай карце жаночых тапонімаў. Пачатак а 19.00.

Майстэрня экскурсій «Менскі вэлашпацыр» запрашае на вэлаэкскурсію «Менск графа Чапскага». Збор удзельнікаў пры станцыі мэтро Няміга (каля выхаду ў бок Палацу спорту) а 18.30.

У гісторыі:

1793 — у Горадні пачаўся апошні сэйм Рэчы Паспалітай, які зацьвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай і прыняў новую Канстытуцыю.

1882 — нарадзіўся Ігар Стравінскі, расейскі кампазытар, дырыжор і піяніст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сусьветнай музычнай культуры XX стагодзьдзя.

1890 — у Менску адкрыўся новы гарадзкі тэатар. Цяпер у ім месьціцца Нацыянальны драматычны тэатар імя Янкі Купалы.

1934 — пачаў дзейнічаць Бяроза-Картускі лягер палітычных зьняволеных.

1936 — нарадзіўся Кен Лоўч, брытанскі кінарэжысэр, клясык эўрапейскага кіно. Уладальнік «Залатой пальмавай галіны» Канскага кінафэстывалю за фільм «Вецер, што гайдае верас» (2006).

У памяці:

1696 — памёр кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Ян ІІІ Сабескі.

1938 — у Омску расстраляны Аркадзь Смоліч, дзяяч Беларускай Народнай Рэспублікі, навуковец ў галіне эканомікі і сельскай гаспадаркі, географ, картограф.

1996 — памёр Томас Сэмюэл Кун, амэрыканскі гісторык і філёзаф навукі (нар. 1922). Ягоная кніга «Структура навуковых рэвалюцый» (1962) зьяўляецца адной з найбольш цытаваных навуковых публікацый за ўсю гісторыю навукі.

Цытата:

«У дадзеным нарысе тэрмін „нармальная навука“ азначае дасьледаваньне, што трывала абапіраецца на адно або некалькі мінулых навуковых дасягненьняў — дасягненьняў, якія на працягу некаторага часу прызнаюцца пэўнай навуковай супольнасьцю як аснова для яго далейшай практычнай дзейнасьці. У нашы дні такія дасягненьні выкладаюцца, хоць і рэдка ў іх першапачатковай форме, падручнікамі — элемэнтарнымі або павышанага тыпу. Гэтыя падручнікі тлумачаць сутнасьць прынятай тэорыі, ілюструюць многія або ўсе яе ўдалыя прымяненьні і параўноўваюць гэтыя прымяненьні з тыповымі назіраньнямі і экспэрымэнтамі. Да таго як падобныя падручнікі сталі агульна распаўсюджанымі, што адбылося ў пачатку XIX стагодзьдзя, аналягічную функцыю выконвалі знакамітыя клясычныя працы вучоных: „Фізыка“ Арыстотэля, „Альмагест“ Пталемэя, „Пачаткі“ і „Оптыка“ Ньютана... Доўгі час яны няяўна вызначалі правамернасьць праблем і мэтадаў дасьледаваньня ў кожнай галіне навукі для наступных пакаленьняў навукоўцаў. Гэта было магчыма дзякуючы двум істотным асаблівасьцям гэтых прац. Іх стварэньне было ў дастатковай меры беспрэцэдэнтным, каб прыцягнуць на працяглы час групу прыхільнікаў з канкурэнтных напрамкаў навуковых дасьледаваньняў. У той жа час яны былі дастаткова адкрытымі, каб новыя пакаленьні навукоўцаў маглі ў іх рамках знайсьці для сябе нявырашаныя праблемы любога выгляду. Дасягненьні, якія валодаюць двума гэтымі характарыстыкамі, я буду называць далей „парадыгмай“, тэрмінам, цесна зьвязаным з паняцьцем „нармальнай навукі“».

Томас Кун, увядзеньне паняцьця «парадыгмы» ў кнізе «Структура навуковых рэвалюцый».

XS
SM
MD
LG