Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ЗША не аслабілі санкцыйны рэжым адносна Беларусі ў адрозьненьні ад Эўразьвязу?

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: На мінулым тыдні прэзыдэнт ЗША Барак Абама працягнуў яшчэ на год санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.

Санкцыі ЗША былі працягнутыя з фармулёўкай «дзеяньні пэўных прадстаўнікоў беларускага ўраду ўяўляюць надзвычайную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і зьнешняй палітыцы ЗША», у рашэньні аб працягу санкцыяў адзначаецца, што гэтыя людзі таксама «падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі», улады Беларусі абвінавачваюцца ў «парушэньнях правоў чалавека, зьвязаных з палітычнымі рэпрэсіямі, а таксама ўдзеле ў карупцыі».

Санкцыі прадугледжваюць блякаваньне рахункаў і забарону на ўезд у ЗША прынамсі Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў, Лідзіі Ярмошынай, Віктара Шэймана, Натальлі Пяткевіч і шэрагу іншых асобаў.

Варта адзначыць, што гэтым разам афіцыйны Менск адрэагаваў на рашэньне ЗША даволі спакойна. Прадстаўнік МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык заявіў, што працяг санкцыяў «ня ўлічвае зьменаў, што адбываюцца ў беларуска-амэрыканскіх стасунках», і выказаў спадзеў на тое, што «юбілейны, дзясяты год дзеяньня санкцыяў стане апошнім».

Як вядома, Эўразьвяз летась, пасьля вызваленьня беларускіх палітвязьняў прыпыніў, а сёлета і цалкам скасаваў пэрсанальныя санкцыі адносна пераважнай большасьці беларускіх урадоўцаў. Пры гэтым варта адзначыць, што ЗША і ЭЗ збольшага імкнуцца каардынаваць сваю санкцыйную палітыку: у свой час існавала супольная санкцыйная палітыка адносна Бірмы і Ірану, зараз дзейнічаюць супольныя санкцыі адносна Расеі.

Чаму ж адносна Беларусі ЭЗ санкцыі зьняў, а Амэрыка — не. Хаця пацяпленьне адбываецца і ў беларуска-амэрыканскіх адносінах.

Аднак скасаваньне пэрсанальных санкцыяў — гэта аванс і пэўная рызыка. Калі санкцыі скасоўваюцца, а іх аб’ект не дэманструе істотнага прагрэсу — гэта пэўны ўдар па рэпутацыі таго, хто іх ўводзіў і скасоўваў.

На мой погляд, гэта тлумачыцца ня толькі традыцыйна больш строгім, прынцыповым падыходам ЗША, але і амэрыканскімі ўнутрыпалітычнымі чыньнікамі. Пэўны час таму былі прыпыненыя эканамічныя санкцыі ЗША адносна шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Але гэта можна абгрунтаваць эканамічнымі інтарэсамі.

Аднак скасаваньне пэрсанальных санкцыяў — гэта аванс і пэўная рызыка. Калі санкцыі скасоўваюцца, а іх аб’ект не дэманструе істотнага прагрэсу, а наадварот учыняе гвалт над правамі чалавека — гэта пэўны ўдар па рэпутацыі таго, хто іх ўводзіў і скасоўваў.

Абама ня хоча пакідаць такую рызыку пераемніку. Да таго ж ў Беларусі ў верасьні парлямэнцкія выбары. Калі зараз санкцыі зьняць, а вынікі беларускіх выбараў будуць мала натхняльнымі, гэта будзе яшчэ адным аргумэнтам для Трампа пра слабасьць і мяккацеласьць асабіста Абамы і дэмакратаў увогуле.

Такіх падарункаў Трампу дзейны прэзыдэнт ЗША рабіць ня стаў.

Не выключаю, дарэчы, што і пераемнік Абамы ў Белым доме у наступным чэрвені санкцыі таксама працягне. Бо іх скасаваньне — не ізаляваны акт, а частка новай палітыкі, якую трэба выпрацоўваць. За паўгода пасьля інаўгурацыі новага прэзыдэнта ў яго адміністрацыі проста можа не знайсьціся часу на выпрацоўку гэтай новай палітыкі.

Глод: Я хацеў бы найперш засяродзіць увагу на юрыдычнай частцы пытаньня. Вашынгтону ў гэтым пляне адмяніць санкцыі істотна цяжэй, чым Брусэлю. Злучаныя Штаты аформілі свае санкцыі супраць Беларусі ў выглядзе «Акту аб дэмакратыі для Беларусі». Гэта першы і адзіны ў гісторыі ЗША спэцыяльны закон у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Яго прыняў у 2004 годзе Кангрэс. Прычым, і гэта важны момант, у абедзьвюх палатах Кангрэсу за яго прагаласавалі аднагалосна. Уявіце, як трэба было дапячы амэрыканскіх заканадаўцаў, каб ніхто зь іх не галасаваў супраць.

Дарэчы, «Акт аб дэмакратыі» ў поўным аб’ёме яшчэ не выкарыстоўваўся Напрыклад, на думку некаторых экспэртаў, самая жорсткая частка ў гэтым законе — замарожваньне рахункаў беларускіх замежных устаноў, у тым ліку і амбасадаў

Дарэчы, «Акт аб дэмакратыі» ў поўным аб’ёме яшчэ не выкарыстоўваўся. Час ад часу пачынае дзейнічаць нейкае новае палажэньне закону. А нейкае, наадварот, прыпыняецца. А ёсьць захады, якія яшчэ ніколі не ўжываліся. Напрыклад, на думку некаторых экспэртаў, самая жорсткая частка ў гэтым законе — замарожваньне рахункаў беларускіх замежных устаноў, у тым ліку і амбасадаў — пакуль не задзейнічанае. Права амэрыканскага прэзыдэнта альбо працягнуць дзеяньне «Акту аб дэмакратыі» альбо вярнуць яго ў Кангрэс на перагляд. Чаму я засяроджваю ўвагу на працэдурным пытаньні? Каб паказаць, што скасаваць санкцыі прэзыдэнту Абаму ня так проста. Гэта, так бы мовіць, пратакольная частка пытаньня. А фактычная ў тым, што ЗША не здымаюць санкцыі, паколькі не ліквідаваныя прычыны, якія іх спарадзілі. У Брусэлі да гэтага ставяцца больш мякка.

Зразумела, Вашынгтон цэніць, што афіцыйны Менск заняў адносна незалежную ад Крамля пазыцыю ў дачыненьні да Ўкраіны. Але ж для ЗША важна і як пройдуць беларускія парлямэнцкія выбары ў верасьні. Так што Вашынгтон пакідае за сабою права на карэкціроўку сваёй пазыцыі пасьля выбараў.

Прычым, як я думаю, карэкціроўку ў двух напрамках — лепшым і горшым для беларускіх уладаў. Паглядзім, як пройдуць выбары ў Беларусі і як ў ЗША. Дарэчы, там абяруць ня толькі новага прэзыдэнта, але часткова ўвосень зьменіцца і склад Кангрэсу.

Чакаецца, што ўжо сёлета ў амэрыканскай амбасадзе ў Менску зьявіцца вайсковы аташэ. Адпаведна, у беларускім прадстаўніцтве ў Вашынгтоне будзе такі супрацоўнік. Адновіцца ўзровень вайсковага супрацоўніцтва. І гэта сьведчыць пра тое, што паляпшэньні ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях зьявіліся.

А вось амэрыканскі амбасадар у Беларусі зьявіцца ня хутка. Яго кандыдатуру павінны разгледзець абедзьве палаты Кангрэсу. А гэта працяглая працэдура. Таму, думаю, сёлета мы амэрыканскага амбасадара ў Беларусі ў любым выпадку не дачакаемся.

Цыганкоў: Існуе такая рэч, як пераемнасьць замежнай палітыкі ЗША. Мы казалі пра прэзыдэнцкія выбары, зьмены ў Кангрэсе. У свой час кангрэсмэны прагаласавалі за «Акт аб дэмакратыі для Беларусі» адзінагалосна, але магчыма не таму, што добра ведаюць сытуацыю ў Беларусі, а з-за таго, што слаба яе ведаюць. Рашэньне ім прапануюць некалькі чалавек, якія гэтай тэмай займаюцца, а таксама структуры, якія рыхтуюць дакумэнты па гэтай тэме. Так што гэта падкрэсьлівае значнасьць структураў дзярждэпартамэнту, якія не належаць да плыняў, дэмакратычнай альбо рэспубліканскай. Беспартыйныя дыпляматычныя чыноўнікі фармуюць асаблівасьці, дакладныя крокі замежнай палітыкі. Асабліва наконт не самых вялікіх краінаў міжнароднай палітыкі, як Беларусь. Тут замежная палітыка ЗША застаецца пасьлядоўнай.

Таму яшчэ адзін аргумэнт, чаму ня так лёгка ўсё гэта адмяніць — таму што для гэтага патрэбныя кардынальныя зьмены ў палітыцы Беларусі.

Таму яшчэ адзін аргумэнт, чаму ня так лёгка ўсё гэта адмяніць — таму што для гэтага патрэбныя кардынальныя зьмены ў палітыцы Беларусі. Тыя акты, якія прымаліся Вашынгтонам наконт беларускага пытаньня, прымаліся паводле нейкіх прычынаў. Перш за ўсё гэта парушэньне правоў чалавека, адсутнасьць дэмакратыі і г.д. І зараз нягледзячы на сымбалічныя крокі па нармалізацыі, яны пакуль вельмі сьціплыя, гэтыя асноўныя прычыны пакуль не былі ліквідаваныя. Няма і чыста фармальных падставаў адмяняць санкцыі.

Зразумела, што Вашынгтон ня будзе чакаць, пакуль у Беларусі наступіць дэмакратычны рай, і толькі тады адменіць санкцыі. Калі працягнуцца далейшыя крокі з боку Менску, то ў наступным годзе санкцыі могуць быць адмененыя. Скот Роланд, часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі, сказаў пра гэта дастаткова выразна на БТ: ЗША будуць прымаць сваё рашэньне пасьля парлямэнцкіх выбараў. Натуральна, што зараз прыняць яго было б зарана і палітычна памылкова: гэтым даваўся б незаслужаны аванс афіцыйнаму Менску.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG