Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пазоў супраць «Шкловалакна» суд разгледзіць на прадпрыемстве


Мікола Шарах

Мікола Шарах

Намесьнік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікола Шарах, які таксама зьяўляецца намесьнікам старшыні прафсаюзнай арганізацыі на ААТ «Полацк-Шкловалакно», падаў пазоў супраць прадпрыемства. Ён патрабуе аднаўленьня на працы.

Разабрацца з адміністрацыяй без суду не ўдалося. Пагутарыўшы з абодвума бакамі, судзьдзя Полацкага суду Зузанна Плакса прызначыла пачатак судовага працэсу на 21 чэрвеня. А паседжаньне суду будзе праходзіць на прадпрыемстве.

Мікола Шарах настойвае на тым, каб у такім выпадку на суд на «Шкловалакне» пусьцілі ўсіх ахвотных:

«Судовы працэс адкрыты? Адкрыты. Значыць, адміністрацыі трэба зрабіць неабходныя захады, каб трапіць на яго змаглі ўсе — і журналісты, і салігорскія шахцёры, якія ўжо выказалі жаданьне прыехаць, і ўвогуле ўсе ахвотныя. Інакш будзе парушэньне заканадаўства».

Актывіст упэўнены, што ягонае звальненьне адбылося з парушэньнем закону. Ён працаваў памочнікам майстра ў цэху № 7 ААТ «Полацк-Шкловалакно», і нягледзячы на больш як 30-гадовы стаж, наяўнасьць дзьвюх вышэйшых адукацый і вялікі прафэсійны досьвед, адміністрацыя адмовілася працягнуць зь ім кантракт.

Каб знайсьці падставы для гэтага, 1 сакавіка былі зацьверджаны зьмены ў калектыўную дамову. Раней чалавека, якому менш як тры гады да пэнсіі, — а Міколу Шараху ў траўні споўнілася 58 — са «Шкловалакна» не звальнялі, калі ён ня меў працоўных спагнаньняў цягам апошняга году. Але ў найноўшай рэдакцыі калектыўнай дамовы сказана, што спагнаньняў нельга мець за ўвесь тэрмін апошняга кантракту. У выпадку Міколы — гэта 5 гадоў. І за гэты тэрмін адміністрацыя знайшла пару зачэпак — спазьненьне на працу на 10 хвілін у 2014 годзе, парушэньне інструкцыі па ахове працы ў 2012 годзе і нават прагул у 2012 годзе — калі Мікола езьдзіў на сэмінар у замежжа.

Зьмены ў калектыўнай дамове пагаршаюць становішча працаўніка, чаго не павінна быць, адзначае Мікола Шарах. На гэта было ўказана адміністрацыі, але ніхто і не падумаў скасаваць зьмены. Актывіст СПБ застаецца беспрацоўным, але працягвае займацца прафсаюзнай дзейнасьцю.

Пра гісторыю ягонага звальненьня даведаўся ўвесь Полацак — і зь незалежных СМІ, і зь бюлетэня «Стекляшка», які чальцы СПБ выдаюць для работнікаў прадпрыемства, і падчас пікету, які Мікола Шарах і ягоны сябар Віктар Стукаў правялі 28 красавіка. Па сканчэньні гэтай акцыі спадар Шарах быў гвалтоўна затрыманы ў падʼезьдзе ўласнага дома. Міліцыянты, якія былі ў цывільным і накінуліся на актывіста, не назваўшыся, склалі на яго пратакол за непадпарадкаваньне. Лідэра арганізацыі Свабоднага прафсаюзу беларускага на прадпрыемстве «Полацк-Шкловалакно» Віктара Стукава за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце аштрафавалі на 5,25 мільёну рублёў. Намесьніка старшыні рэспубліканскага СПБ Міколу Шараха за пікетаваньне, а таксама непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі пакаралі штрафам на 6,3 мільёна рублёў.

Абодва лічаць, што ціск на Міколу Шараха зьвязаны менавіта зь ягонай актыўнай дзейнасьцю ў СПБ. Некалькі год таму падобным чынам быў звольнены кіраўнік «пярвічкі» Віктар Стукаў. Зараз ён «вызвалены старшыня». Кіраваць прафсаюзнай суполкай на прадпрыемстве працягвае, але аднавіцца на працы нават праз суд спадару Стукаву не ўдалося. Цяпер гэта спрабуе зрабіць Мікалай Шарах.

XS
SM
MD
LG