Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 чэрвеня 2016: Блюмаў Дзень у Менску; выстава «Па сьлядах мамантаў»


Нора Джойс, дата спатканьня зь якой Джэймса Джойса адзначаецца як Блюмаў дзень.

Нора Джойс, дата спатканьня зь якой Джэймса Джойса адзначаецца як Блюмаў дзень.

Афіша:

У кнігарні «Логвінаў» у Менску пройдзе адзначэньне першага ў Беларусі Блюмавага Дня (Bloomsday), які ў Ірляндыі і шмат якіх іншых краінах сьвяткуецца аматарамі літаратуры ў памяць пра ірляндзкага пісьменьніка Джэймса Джойса і ягоны раман «Уліс», падзеі ў якім разгортваюцца цягам аднаго дня — 16 чэрвеня 1904 году — у Дубліне. Кожны год 16 чэрвеня прыхільнікі Джойса, творчыя людзі і аматары літаратуры па ўсім сьвеце чытаюць тэксты, малююць, сьпяваюць, ладзяць экскурсіі, танцуюць ды п’юць і балююць, як гэта любіў і ўмеў рабіць Джэймс Джойс. У малых і вялікіх кнігарнях выступаюць найлепшыя аўтары. У кнігарні «Логвінаў» выступяць больш за дваццаць пісьменьнікаў, паэтаў, мастакоў, музыкаў, актораў і рэжысэраў. Пачатак а 19.00.

У цэнтры «Кола» ў Магілёве (зав. Чкалава, 16) выступяць літаратар Віталь Рыжкоў і музыка Яўген Барышнікаў. Пачатак а 18.30.

У Аўдыторыі 108 Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту ў Вільні адбудзецца прэзэнтацыя Кнігі Паўла Касьцюкевіча «План Бабарозы» з удзелам аўтара. Пачатак а 15.00.

У Археалягічным музэі ў Менску (вул. Кірыла і Мяфодзія, 6) адкрываецца выставачна-адукацыйны праект «Па сьлядах мамантаў». На выставе прадстаўленыя каля 200 экспанатаў, узрост якіх сотні мільёнаў і дзясяткі тысяч гадоў. Экспазыцыя адлюстроўвае палеанталягічнае і геалягічнае мінулае тэрыторыі сучаснага Менску і Беларусі. Дэманструюцца ўнікальныя фрагмэнты дагістарычных і старажытных жывёлін, рэптылій, рыбаў, расьлінаў, а таксама калекцыі мінэралаў, выяўленых на тэрыторыі Беларусі. Пачатак а 17.00.

У гісторыі:

1834 — нарадзіўся Аляксандар Ельскі, гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменьнік, перакладчык, публіцыст.

1897 — нарадзіўся Аляксандар Шлюбскі, літаратуразнавец, этнограф, фальклярыст, бібліёграф.

1904 — у Дубліне адбылося першае спатканьне будучага ірляндзкага пісьменьніка Джэймса Джойса і Норы Барнакл, якая пазьней стала ягонай жонкай. Менавіта гэты дзень Джойс абраў часам дзеяньня свайго раману «Ўліс», які выйшаў у Парыжы ў 1922 годзе. Першая палова раману ў беларускім перакладзе Яна Максімюка выйшла ў Беластоку ў 1993 годзе.

2006 — Адкрыўся для карыстальнікаў новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У памяці:

1928 — памёр Эдвард Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзеяч, мэмуарыст.

1937 — памёр Аляксандар Чарвякоў, дзяржаўны дзяяч БССР, партыйны дзяяч РКП(б) і КП(б)Б (расстраляны камуністамі).

1954 — памёр Барыс Мікуліч, беларускі пісьменьнік.

1955 — памёр Васіль Рагуля, грамадзка-культурны дзяяч, пасол польскага сэйму, пэдагог, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне, Бэльгіі і ЗША.

Цытата:

«Самавіты, пульхны Бык Маліган высунуўся зь лесьвічнага прахону, несучы ў руках місачку з мыльнаю пенай, на якой ляжалі наўскрыж люстэрка й брытва. Лагодны ранішні павеў зьлёгку ўзьнімаў крысьсё ягонага неаперазанага жоўтага халата. Ён падняў місачку перад сабой і заінтанаваў:

— Introibo ad altare Dei».

Джэймс Джойс, пачатак раману «Ўліс» (пераклад Яна Максімюка)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG