Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іржавая спакуса ў дыямэнтавым келіху


Том Уэйтс у фільме Джыма Джармуша «Кава і цыгарэты» (2004).
Том Уэйтс у фільме Джыма Джармуша «Кава і цыгарэты» (2004).

Сёньня мне захацелася напісаць пра дзівотную песьню дзівотнага сьпевака зь дзівотным голасам, пра які адзін крытык сказаў: «яго вымачылі ў бочцы зь віскі, павесілі на колькі месяцаў у вяндлярні, потым вынесьлі на двор і праехалі па ім аўтамабілем».

Гаворка пра голас Тома Ўэйтса (Tom Waits, нар. 1949), амэрыканскага сьпевака, кампазытара і актора, які да сёньняшняга дня запісаў 18 студыйных альбомаў. Насамрэч пра кожны з гэтых альбомаў, якія стаяць на пачэсным месцы ў маёй хатняй музычнай бібліятэцы, можна было б пісаць асобны тэкст у Музыкалку, але я не намераны выпрабоўваць цярплівасьць нашых чытачоў ажно такім чынам. На пачатак напішу пра песьню «Temptation» з альбому «Frank’s Wild Years» з 1987 году. А потым паглядзім...

«Frank’s Wild Years» — гэта дзясяты студыйны альбом Тома Уэйтса, але першы, які ён запісаў не для вінілавай кружэлкі, а для кампакт-дыску ў лічбавым фармаце. Музыка на альбоме абапёртая на кампазыцыях, напісаных Уэйтсам для тэатральнага спэктаклю-м’юзыклу пад такім самым загалоўкам, які крыху раней ішоў цягам некалькіх месяцаў на сцэне аднаго з тэатраў Чыкага. Том Уэйтс іграў у ім галоўную ролю — жыцьцёва непрыкаянага няўдачніка Фрэнка, які пакутуе ад грэхаводных спакусаў, зьвязаных з алькаголем, сэксам, наркотыкамі і лёгкімі грашмі (азартам).

Песьня «Temptation» якраз пра такія спакусы, хоць тэкст яе даволі цьмяны. Але затое — вельмі паэтычны:

TEMPTATION

Rusted brandy in a diamond glass
everything is made from dreams
time is made from honey slow and sweet
only the fools know what it means
temptation, temptation, temptation
oh, temptation, temptation, I can’t resist

I know that she is made of smoke
but I’ve lost my way
she knows that I am broke
so that I must play
temptation, temptation, temptation
oh, whoa, temptation, temptation, I can’t resist

Dutch pink and Italian blue
she is waiting there for you
my will has disappeared
now my confusions oh so clear
temptation, temptation, temptation
whoa, whoa, temptation, temptation
I can’t resist

Альбом «Frank’s Wild Years» са сваім вадэвільным стылем і нечуванымі музычнымі экспэрымэнтамі Ўэйтса — дзьве песьні на ім ён насьпяваў праз паліцэйскі мацюгальнік — прадаваўся вельмі слаба і, магчыма, кануў бы ў забыцьцё, калі б ня тое, што Ўэйтс далейшымі сваімі альбомамі і музычнай кар’ерай здолеў прабіцца да крыху шырэйшага кола мэляманаў, чым толькі да знаўцаў і прыхільнікаў ягонага «музычнага бітніцтва». Ну бо Тома Ўэйтса, пачынаючы ад яго першага альбому — «Closing Time» (1973) — музычныя крытыкі назвалі «бітнікам» у папулярнай музыцы, параўноўваючы яго ролю ў музыцы да той, якую ў амэрыканскай літаратуры адыгралі пісьменьнікі-«бітнікі» (разьбітае пакаленьне, beat generation): Джэк Керуак, Ален Гінзбэрг, Лоўрэнс Фэрлінгеці...

А яшчэ ў 2004 годзе знакамітая канадзкая джазавая сьпявачка і піяністка Даяна Крол запісала неверагодна «сэксуальную» вэрсію песьні «Temptation» для свайго альбому «The Girl in the Other Room». З таго часу песьня стала жалезным пунктам яе канцэртнага рэпэртуару. Таму тут, у дадатак да дзьвюх вэрсій Тома Ўэйтса (арыгінальнай зь відэакліпу 1987 і жывога выкананьня з 1999), я вырашыў даць і дзьве вэрсіі Даяны Крол (са згаданага альбому і зь яе канцэрту ў Манрэалі 2004). Ласуйцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG