Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 100 даляраў украінцам дазволяць зьбіраць у Беларусі ягады і грыбы


Адміністрацыя Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны «пачала актыўны дыялёг з беларускімі калегамі па пытаньнях арганізацыі сэзоннага пропуску грамадзян Украіны для збору дзікарослых пладоў на тэрыторыі беларускага заказьніка «Альманскія балоты», паведамляе прэс-служба ДПСУ.

Плата за наведваньне запаведніка складзе 2,5 тысячы грыўняў (каля 100 даляраў ЗША), прычым, у 2015 годзе гэта каштавала 1,5 тысячы грыўняў (каля 70 долараў), незалежна ад узросту.

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны адзначае, што 1 ліпеня 2015 года Дзярждума ратыфікавала міжурадавае пагадненьне аб парадку перасячэньня беларуска-ўкраінскай мяжы жыхарамі Ракітноўскага раёна Ровенскай вобласьці і Столінскага раёна Берасьцейскай вобласьці, падпісанае 23 студзеня 2013 года ў Гомелі.

Паводле інфармацыі беларускага МЗС (нота ад 12 жнiўня 2015 года), у мінулым годзе Менск адмовіўся ад удзелу ў пагадненьні. Аднак яшчэ 4 мая 2015 года на сустрэчы кіраўнікоў памежных ведамстваў дзьвюх краін у Кіеве бакі пагадзіліся з тым, што пасьля ўступлення ў сілу 18 чэрвеня 2013 года дамовы паміж Украінай і Беларусьсю аб дзяржаўнай мяжы кіраўнікі ДПСУ і Дзяржпамежкамітэта Беларусі атрымалі паўнамоцтвы прымаць рашэньні адносна перасячэньня мяжы грамадзянамі па-за пунктамі пропуску «падчас сьвяточных і памінальных дзён, дзён добрасуседства, для правядзеньня сэзонных работ і г.д.».

Гэтыя паўнамоцтвы пацьверджаныя таксама міжурадавым пагадненьнем аб дзейнасьці памежных упаўнаважаных, якое ўступіла ў сілу 15 красавіка 2016 года.

На запыт Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі даў згоду на арганізацыю пропуску мясцовых жыхароў праз мяжу для збору чарніц, журавін і грыбоў з 1 ліпеня па 15 лістапада гэтага года.

Акрамя пашпарту грамадзяне павінны прадʼяўляць квітанцыю аб аплаце збору, якая афармляецца на беларускай тэрыторыі. Перасякаць мяжу маюць права жыхары 10 прыпамежных населеных пунктаў Ракітноўскага раёна ў трох часовых пунктах пропуску: «Познань», «Дроздынь» і «Бярозавае».

У мінулыя гады, да заканадаўчага ўрэгуляваньня сытуацыі, украінскіх зборшчыкаў ягад і грыбоў пастаянна штрафавалі за незаконны пераход мяжы. У той жа час гэтая мясцовасьць беларускім грамадзянам недаступная з-за непраходных балотаў.

XS
SM
MD
LG