Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да якіх геапалітычных наступстваў можа прывесьці выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу? Які найбольш імаверны вынік рэфэрэндуму?

Цыганкоў: На нанступным тыдні ў Вялікай Брытаніі пройдзе рэфэрэндум аб магчымым выхадзе з Эўразьвязу. Эўрапейская прэса кожны дзень абмяркоўвае гэтую імавернасьць і магчымыя наступствы — палітычныя, сацыяльныя, геапалітычныя — выхаду Вялікабрытаніі з агульнаэўрапейскага дому.

Brexit, ад слоў exit — выхад i Br — Брытанія, можа прывесьці да наступстваў, якіх не было ў гісторыі Эўрапейскага Звьязу. Прымалі новыя краіны, гэта быў стрэс і выклік, зь якім спраўляліся. Але ніхто яшчэ не выходзіў, нават не было выпадку, каб сур’ёзна ставілася пытаньне.

Цяпер амаль штодня па Эўраньюс ідуць сюжэты, пра тое, якія нэгатыўныя наступствы можа прынесьці Брэксіт для эканомікі і сацыяльнага жыцьця Брытаніі. Эўрапейскія палітыкі ўжо далі відавочна зразумець брытанцам, што ў іх не атрымаецца ў выніку выхаду з Эўразьвязу захаваць тыя перавагі, якія дае сяброўства ў ЭЗ.

Раней гэтую тэму абмяркоўвалі больш мякка, але апошнія тыдні палеміка пачала мяняцца на больш жорсткую. Міністар фінансаў Нямеччыны Вольфганг Шойбле заявіў: «Ніякага доступу да агульнага рынку для Брытаніі. Нельга застацца чальцом клюбу, які зьбіраесься пакінуць».

Калі ўжо выйдуць, дык выйдуць адусюль.

Таму спадзяваньні брытанцаў пазбавіцца нэгатыўнага ў Эўразьвязе, пакінуўшы тое пазытыўнае, што ён нясе, наўрад ці рэалістычныя. Калі ўжо выйдуць, дык выйдуць адусюль.

Таксама ўзьнікае і шатляндзкае пытаньне. Асноўныя шатляндзкія партыі ўжо заяўляюць, што ў выпадку Брэксіту Шатляндыя хоча застацца ў Эўразьвязе, і вымушаная будзе ставіць зноў пытаньне на рэфэрэндум аб выхадзе з складу Вялікай Брытаніі.

Выхад Вялікабрытаніі дасьць вельмі нэгатыўны прыклад, ажывіць усе эўраскэптычныя, антыглябалісцкія сілы. Людзі пабачаць, што такі прыклад ёсьць і так можна.

Мой прагноз — Брэксіту не адбудзецца. Такія рэфэрэндумы — у Шатляндыі, у Квэбэку — звычайна заканчваюцца мінімальнай перамогай прыхільнікаў статус-кво, якія баяцца надта радыкальных і рэвалюцыйных пераменаў. Нягледзячы на тое, што сацыялягічныя службы сьцьвярджаюць, што на 1-2% больш прыхільнікаў Брэксіту.

Але гэта будзе ўрок і эўрапейскім бюракратам, эўрапейскім палітыкам. Народы Эўропы паказваюць, што пакуль не гатовыя да больш шчыльнай інтэграцыі, да пераўтварэньня Эўразьвязу у больш шчыльную канфэдэрацыю. Ня толькі ў Брытаніі, але і ва Ўсходняй Эўропе ўсе часьцей расьце супраціў умоўнаму «Брусэлю», і гэта нельга не ўлічваць.

Карбалевіч: Сытуацыя вакол рэфэрэндуму ў Вялікай Брытаніі сьведчыць пра крызыс, які цяпер перажывае ЭЗ. У гэтага крызысу некалькі аспэктаў.

Найперш, чыста эканамічны чыньнік. Рост эканомікі Эўразьвязу хоць і адбываецца, але вельмі слабы. Пасьля крызысу 2008-2009 году Эўропа ня стала на шлях устойлівага росту. Дзяржаўны доўг вырас практычна ва ўсіх краінах ЭЗ, сытуацыя вакол Грэцыі — толькі крайні выпадак гэтай непрыемнай тэндэнцыі.

Нездаволеньне «брусэльскай бюракратыяй» паўсюднае ў Эўропе.

Зьменшыўся давер да інстытутаў ЭЗ. Вялікая Брытанія папракае Брусэль за залішнюю цэнтралізацыю ў прыняцьці рашэньняў. Такія папрокі ідуць і зь іншых краінаў. Нездаволеньне «брусэльскай бюракратыяй» паўсюднае ў Эўропе.

Нарэшце, мігранцкі крызыс, наплыў уцекачоў з Блізкага Ўсходу выклікаў рост супярэчнасьцяў паміж чальцамі ЭЗ, незадавальненьне Вялікай Брытаніі.

Думаю, у гэтых настроях брытанцаў да аддзяленьня спалучаюцца і астраўное мысьленьне і рэшткі імпэрскага, каляніяльная мысьленьня, маўляў, мы ж вялікая нацыя, не роўня нейкім невялікім эўрапейскім дзяржавам, каб падпарадкоўвацца агульным рашэньням ЭЗ.

Прагноз рабіць цяжка. Але калі брытанцы прагаласуюць за выхад з ЭЗ, то наступствы будуць нэгатыўныя для усіх. Акрамя чыста эканамічных нэгатыўных наступстваў, будуць і іншыя. Для ЭЗ створыцца прэцэдэнт, які можа быць паўтораны.

Што тычыцца самой Вялікай Брытаніі, то прыхільнікі незалежнасьці Шатляндыі кажуць, што пасьля выхаду Брытаніі з ЭЗ выхад Шатляндыі зь Вялікай Брытаніі гарантаваны. То бок, гэта можа падштурхнуць распад самой краіны.

Дракахруст: Можа мы і перабольшваем маштабы наступстваў брэксіту. Урэшце, у Эўропе бывала рознае. У 60-х гадах Францыя, адзін з галоўных рухавікоў Эўропы, выйшла з NATО — гэта таксама выглядала катастрафічнай зьявай. Дарэчы, да гэтага выхаду штаб-кватэра NATО была ў Парыжы, у Брусэль яе толькі потым перавялі. Але выжыў атлянтычны альянс, выжыў Захад.

Перафразуючы Марка Твэна, можна сказаць, што зьвесткі пра сьмерць Эўразьвязу, нават калі Вялікабрытанія зь яго выйдзе, крыху перабольшаныя. Усё ж у яго ёсьць моц выжыць. Хоць гэта яго істотна зьменіць.

Ня буду ўваходзіць у дэталі эканамічных наступстваў. Будзе першасны шок, калі біржы ўпадуць, але потым усё больш менш нармалізуецца. Біржы ўпадуць таму, што яны ня будуць ведаць, што будзе потым. Потым нічога катастрафічнага ня будзе.

Але самы горшы эфэкт — гэта эфэкт прыкладу. Бо любы саюз — ёсьць перш за ўсё давер да партнэраў: я чымсьці ахвярую, спадзеючыся, што ўсе астатнія таксама ахвяруюць, і мы разам атрымаем станоўчы, дадатны эфэкт. Гэты эфэкт не заўсёды бачны, а тое, чым мы ахвяруем, мы бачым лепш. Мне здаецца, што брэксіт, калі ён адбудзецца, стане моцным ударам па гэтым узаемным даверы, узмоцніць размовы, хто каго корміць і хто каго падпарадкоўвае. Магчыма, і ў іншых краінах такі варыянт па меншай меры будзе разглядацца.

Хачу сказаць некалькі словаў у абарону брусэльскай бюракратыі. Можа, абараняць яе ня вельмі модна, але здаецца, што крыўда на яе ўнутрана супярэчная.

Насамрэч ёсьць выйсьце, пры якім гэтая бюракратыя была б больш гнуткая, яе было б менш і яна была б больш легітымная. Гэты выхад называецца — Злучаныя Штаты Эўропы, пераход ад эканамічнага да палітычнага, дзяржаўнага аб’яднаньня.

Эўропа ня хоча стаць палітычна адзінай, а сувязі ўзмацняюцца, ускладняюцца, імі трэба кіраваць.

Але гэтага Эўропа ня хоча. Гэта паказаў яшчэ рэфэрэндум 2005-га году ў Францыі, і ўвогуле правал праекту Канстытуцыі Эўропы. Эўропа ня хоча стаць палітычна адзінай, а сувязі ўзмацняюцца, ускладняюцца, імі трэба кіраваць.

Таму і атрымліваецца рост гэтай самай бюракратыі, якой ніхто не давярае, і ўсе кажуць: а хто вас выбіраў? Ну так, ніхто не выбіраў.

Альтэрнатыва — ці ісьці назад, адкотвацца ад цяперашняга ўзроўню сувязяў, ці ісьці наперад, да Злучаных Штатаў Эўропы. Але няма такой ідэнтычнасьці. Ёсьць нацыі, а няма такой Эўропы, якой можна пазваніць па тэлефоне, як марыў Генры Кісінджэр.

XS
SM
MD
LG