За пэрыяд са студзеня 2015 году па сакавік 2016 году на тэрыторыі Расеі было раскрыта 25 злачынстваў, учыненых бандамі, якія складаюцца з грамадзян Беларусі, заявіў кіраўнік МУС РФ Уладзімер Калакольцаў, які выступіў у аўторак у Гомелі на паседжаньні Абʼяднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы.
«Да прыкладу, у мінулым годзе і ў першым квартале бягучага года на тэрыторыі Расеі раскрыта 25 злачынстваў агульнакрымінальнай накіраванасьці, учыненых арганізаванымі злачыннымі групамі, якія складаюцца з грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама 123 злачынствы, учыненыя зьмяшанымі арганізаванымі злачыннымі групамі», — цытуе Калакольцава прэс-цэнтар МУС Расеі.
Яшчэ адным пытаньнем парадку дня, які абмеркавалі кіраўнікі МУС Расеі і Беларусі Ўладзімер Калакольцаў і Ігар Шуневіч, стала ахова грамадзкага парадку і процідзеяньне злачыннасьці на транспарце. У 2015 годзе дзякуючы эфэктыўнаму выкарыстаньню інфармацыйна-пошукавых сыстэм у Расеі ўдалося затрымаць 206 злачынцаў, якіх шукалі беларускія праваахоўнікі.