Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Шарэйкі як правіла і выключэньне


Ганна Шарэйка пасьля вызваленьня

Ганна Шарэйка пасьля вызваленьня

У чым асаблівасьці справы былой сэнатаркі і дырэктаркі Віцебскай птушкафабрыкі Ганны Шарэйкі? Чым тлумачацца яе заявы, зробленыя пасьля вызваленьня?

Карбалевіч: Судовы працэс над дырэктарам Віцебскай птушкафабрыкі і чальцом Савета Рэспублікі Ганнай Шарэйкай і яе паплечнікамі незвычайны у некалькіх аспэктах.

1. Апошнім часам крымінальны перасьлед ідзе па адпрацаванай схеме: буйнога бізнэсоўца, дырэктара дзяржпрадпрыемства ці чыноўніка садзяць за краты і прапануюць зьдзелку: прызнай віну, заплаці выкуп і выходзь на свабоду. Бо беларускія суды апраўдальных прысудаў практычна не выносяць у незалежнасьці ад рэальнай віны чалавека. Большасьць прымаюць прапанаваную зьдзелку, пра што сьведчаць прыклады прадпрымальніка Віктара Пракапені ці спартовага журналіста і чыноўніка Уладзімера Беражкова. Ганна Шарэйка і яе паплечнікі (за адным выключэньнем) адмовіліся ад зьдзелкі і настойвалі на сваёй невінаватасьці.

2. Крымінальная справа настолькі была прыдуманай і развалілася ў судзе, што нават пракурор быў вымушаны прызнаць, што матэрыяльных стратаў прадпрыемству гэтыя людзі не нанесьлі. Але, на ягоную думку, нанесьлі страты дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Што выглядала вельмі дзіўна нават для беларускага суду. Але суд апраўдаць ня мог паводле вызначэньня, бо, як вядома, «нашы органы не памыляюцца». Таму прыдумалі амністыю і вызвалілі ў зале суду.

3. Пасьля арышт дырэктара добра працуючая прыбытковая птушкафабрыка адразу апынулася стратнай. Каб і хацеў наглядна прадэманстраваць заганнасьць існай сыстэмы, дык лепшай ілюстрацыі не прыдумаеш.

4. Паводзіны Г. Шарэйкі пасьля вызваленьня. Яна дзякавала тым, хто яе засадзіў у турму, суду, работнікам СІЗО, дзяржаве за тое, што сочаць за парадкам. І цяпер я больш разумею тых людзей, якія, прасядзеўшы 20 гадоў у сталінскіх лягерах, дзякавалі партыі і ураду, ці тых, хто перад расстрэлам крычаў: «Няхай жыве Сталін!»

5. Актыўная падтрымка дырэктара работнікамі птушкафабрыкі. Звычайна беларусы ня любяць начальства. І калі Лукашэнка ганьбіць і садзіць у турму чыноўнікаў і дырэктараў, то гэта ўсе 22 гады ягонага кіраваньня сустракала даволі масавую падтрымку грамадзтва. А ў дадзеным выпадку атрымалася ўсё наадварот. Апальную дырэктарку калектыў падтрымаў, людзі прыяжджалі на суд. А ўчора яе ўрачыста сустрэлі на роднай фабрыцы як гераіню. Гэта зусім новая зьява для Беларусі. І яна сьведчыць пра тое, што давер грамадзтва да дзяржаўных інстытутаў, у прыватнасьці, да сыстэмы правасудзьдзя разбураецца.

Цыганкоў: Для цяперашняй беларускай палітычнай сыстэмы дастаткова відавочна і прадказальна, што Шарэйка дзякуе сваім турэмшчыкам, бо яна хоча далей жыць у гэтай сыстэме, яна не зьбіраецца ісьці ў апазыцыю, зьяжджаць у эміграцыю. Таму не хоча абрываць усе канцы, якія зьвязваюць яе з ўладай, сыстэмай.

Яна разумее, што фактычна больш няма куды падзецца.

Былі прыклады, калі людзі, якія сядзелі па гаспадарчых справах, прызначаліся кіраўнікамі калгасаў, адстаючых прадпрыемстваў. Гэта ня значыць, што Шарэйка ніколі ня стане кіраўніком, не зойме пасады ў сёньняшняй структуры. Яна разумее, што фактычна больш няма куды падзецца: у незалежны бізнэс не пайсьці, у эміграцыю таксама, тым больш у апазыцыю. Таму варта сябе паводзіць, як яна сябе і паводзіць.

Уся гэтая справа яшчэ раз нагадвае, што ў Беларусі празьмерны ўплыў вайсковых і сілавых структураў. У многіх краінах існуе па меншай меры раўнавага паміж палітыкай, бізнэсам, грамадзянскай супольнасьцю. У Беларусі пасьля палітычнай ўлады прэзыдэнта сілавыя структуры зьяўляюцца другой сілай у грамадзтве. Якраз сілавыя структуры ня маюць ня проста традыцыі, а нават ніякага выключэньня, каб прызнаваць свае памылкі. Нават ёсьць статыстыка, што ў Беларусі апраўдаўчы прысуд выносяць па менш чым 1% справаў.

Справа Ганны Шарэйкі паказвае, што ня толькі палітычныя справы выглядаюць часам абсурдна, але і эканамічныя. Калі сілавыя структуры, распачаўшы працэс, ніколі не прызнаюць, што справа была распачата несправядліва. І суд прыме абвінаваўчае рашэньне.

Дракахруст: Мне бліжэй пункт гледжаньня Валера, які кажа пра традыцыі сталінскіх часоў, можа быць і больш раньніх часоў — пра культуру падданства. Шмат дырэктараў выходзілі з турмы, сёй-той па амністыі, але я не памятаю, каб нехта вось так дзякаваў дзяржаве, нават сваім турэмшчыкам за добрае абыходжаньне.

Летась вызвалілі спадара Мальцава, былога дырэктара Барысаўдрэву, і ён казаў «я не вінаваты», а не дзякаваў камусьці. Хаця і ён, магчыма, разьлічваў на нейкую дзяржаўную пасаду ўладкавацца.

А ў сталінскія часы было так: сёньня ты генэрал ці маршал, заўтра ты зэк, пасьлязаўтра ізноў маршал — як тое было з Ракасоўскім.

Можна прыгадаць паняцьце «царская апала».

Але можна ўбачыць карані гэта нават у больш глыбокіх гістарычных пластах. Можна прыгадаць паняцьце «царская апала». Гэта не закон, гэта цар прагнявіўся, наклаў на яе апалу, а цяпер даў міласьць. Дзякуй за адно — дзякуй і за другое, цар справядлівы, яму відней.

Мне здаецца, ў Ганны Шарэйкі — моцнага, таленавітага чалавека, такое ўяўленьне пра сьвет, пра дзяржаву, пра сваё месца ў ёй. Гэта якраз даволі рэдкая зьява ў Беларусі і нямногія яе маюць — такую культуру падданства ў чыстым выглядзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG