Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шуневіч: Найбольшую грамадзкую небясьпеку ўяўляюць «злодзеі ў законе»


Ігар Шуневіч, архіўнае фота

Ігар Шуневіч, архіўнае фота

Найбольшую грамадзкую небясьпеку ўяўляюць так званыя злодзеі ў законе, а таксама «лідэры» і «аўтарытэты» крымінальнага асяродзьдзя. Кантралюючы злачыннасьць, яны адначасова імкнуцца ўплываць на працэсы, якія адбываюцца ў нашых дзяржавах — заявіў кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч 14 чэрвеня ў Гомелі на паседжаньні абʼяднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы.

«У сувязі з гэтым неабходна працягнуць наступальную пазыцыю ў пытаньнях недапушчэньня кансалідацыі крымінальнага элемэнту, больш актыўна выкарыстоўваць увесь патэнцыял нашых ведамстваў», — прыводзіць словы Шуневіча аддзел інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама.

Міністар зьвярнуў увагу на тое, што тэма ўзаемадзеяньня міністэрстваў унутраных спраў у сфэры аховы грамадзкага парадку і процідзеяньня злачыннасьці на транспарце таксама зьяўляецца ня менш актуальнай у кантэксьце геапалітычнай абстаноўкі, што складваецца ў краінах Эўразьвязу ды на Блізкім Усходзе. «Гэта ў значнай ступені павышае рызыкі надзвычайных здарэньняў на абʼектах транспарту Саюзнай дзяржавы, якія маюць вялікі транзытны патэнцыял, і патрабуе цеснага супрацоўніцтва ў вырашэньні задач, мэтай якіх зьяўляецца гарантыя асабістай і маёмаснай бясьпекі пасажыраў, недапушчэньне парушэньняў рэжыму функцыянаваньня чыгуначнага і паветранага транспарту», — заявіў міністар.

На калегіі таксама абмяркоўваюцца пытаньні ўзаемадзеяньня ў сфэры барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, а таксама аховы грамадзкага парадку і процідзеяньня злачыннасьці на транспарце.

З дакладамі выступілі начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў ды начальнік галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС Расеі Віктар Галаванаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG