Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ладуцька прапанаваў збанкрутаваць «Мотавела», каб чым-небудзь забудаваць тэрыторыю


Мікалай Ладуцька

Мікалай Ладуцька

Для пераносу заводу трэба 50 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў. Зь некалькіх тысяч супрацоўнікаў на заводзе засталіся 90 чалавек.

На менскім заводзе «Мотавела» застаўся працаваць адзін зборачны цэх, з тысяч супрацоўнікаў засталіся 90 чалавек, і тыя працуюць у далёка ня лепшых умовах. Што рабіць з «нацыяналізаваным» два гады таму заводам, агенцтву «Менск-Навіны» распавёў былы старшыня Менгарвыканкама, а сёньня дырэктар «Мотавела» Мікалай Ладуцька.

Цяперашні дырэктар прапанаваў найперш вызначыць, каму ж сёньня належыць прадпрыемства, яго тэрыторыя і абсталяваньне. Магчымым выйсьцем ён бачыць працэдуру банкруцтва, бо тады маёмасьць стане камунальнай, і на яе месцы (а гэта 27 га зямлі недалёка ад цэнтру Менску) можна будзе збудаваць «інавацыйны парк» ці выставачны цэнтар. Пры гэтым, заяўляе Ладуцька, можна пакінуць «пару цэхаў» на вытворчасьць «Мотавела».

Ровары «Аіст» вытворчасьці «Мотавела»

Ровары «Аіст» вытворчасьці «Мотавела»

«Калі прымаецца рашэньне аб выкупе тэрыторыі горадам, то цалкам лягічна паставіць ТАА „Мотавелазавод“ на чале кіроўнай кампаніі, якая і зоймецца далейшым разьвіцьцём тэрыторыі, — пераказвае выданьне пазыцыю Ладуцькі. — Будаваць такі ж новы завод азначае ўкладаньне вялікіх сродкаў, што наўрад ці апраўдана. Сёньня на адным прадпрыемстве не патрэбныя замкнёныя цыклы вытворчасьці, як гэта было ў векапомны час».

Як іншы варыянт, Ладуцька прапануе выкарыстоўваць для вытворчасьці мотавелатэхнікі не цяперашнія тэрыторыі «Мотавела», а вольныя цэхі ў «недазагружаных» прадпрыемствах, часткова на іх жа абсталяваньні. Для гэтага завод мусіць перайсьці да Мінпраму.

Нацыяналізацыя замест прыватызацыі: Валер Карбалевіч пра «справу Мураўёва» і Ладуцьку на «Мотавела»

Дзяржаўнае выданьне адкрыта крытыкуе цяперашні стан заводу: маўляў, землі яму і непатрэбныя. Спрацаванасьць энэргасетак, сьцьвярджае «Менск-Навіны», складае 100%, амаль усё абсталяваньне распрададзенае іншым прадпрыемствам, а што засталося — маральна састарэла (канвэеру 60 год). Мінулай зімой ацяпленьне ўключалі толькі на месяц, бо на больш не было грошай. Над некаторымі рабочымі месцамі на прадпрыемстве навісаюць лісты фанэры, каб не заліваў дождж. Тым ня менш, завод працягвае выпускаць ровары і матацыклы пад маркамі AIST і MINSK, нават экспартаваць іх невялікімі партыямі за мяжу.

Ровары «Аіст» вытворчасьці «Мотавела»

Ровары «Аіст» вытворчасьці «Мотавела»

Мінулы дырэктар «Мотавела» Аляксандар Мураўёў быў затрыманы КДБ у 2015 годзе за нібыта нанясеньне шкоды заводу ў памеры 25 млрд рублёў. Прадпрыемства, якое ён купіў у 2007 годзе бяз конкурсаў і тэндэраў за тагачасныя 16,5 млрд рублёў (7,67 млн даляраў), фармальна яшчэ належыць ягонай кампаніі ATEC Holding Gmbl, але памяшканьні заводу арандуе ААТ «Мотавелазавод» (якое стварылі «Менск-арэна» і Досьледна-мэханічны завод). На якіх юрыдычных падставах прадпрыемства было «нацыяналізаванае» і перададзенае Ладуцьку, невядома.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG