Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталікі ў Магілёве згадалі нябеснага заступніка гораду


Абраз сьвятога Антонія

Абраз сьвятога Антонія

Магілёўскія каталікі ўшанавалі нябеснага заступніка гораду — сьвятога Антонія. Урачыстая імша, хросны ход, канцэрт для моладзі адбыліся ля пляцоўкі, дзе ўзводзіцца аднайменны касьцёл. На фэст сабраліся вернікі з каталіцкіх парафіяў Магілёўшчыны, а таксама сьвятары.

Будуюць каталікі касьцёл сьвятога Антонія ў магілёўскім Задняпроўі. У 2008 годзе біскуп Антоні Дзям’янка асьвяціў пляц, на якім сьвятыня паўстае.

«Калісьці ў Магілёве быў касьцёл сьвятога Антонія. І гэты касьцёл, які будуецца, у пэўным сэнсе аднаўляецца. Аднаўляецца і парафія. 13 чэрвеня, калі ўвесь каталіцкі Касьцёл узгадвае сьвятога Антонія, дык наша парафія асаблівым чынам яго ўшаноўвае», — адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды вікарый парафіі сьвятога Антонія Віталій Чабатар.

Сьвятар выказаў спадзеў, што надыдуць часы, калі 13 чэрвеня, дзень сьвятога Антонія, стане агульнагарадзкім сьвятам.

Споведзь на сьвятыні, якая паўстае

Споведзь на сьвятыні, якая паўстае

«Некалі я прачытаў успаміны сьвятароў, якія наведаліся ў Магілёў напачатку ХХ стагодзьдзя, і тады яны адзначылі: „Адзіны дзень, калі Магілёў сапраўды выглядае веруючым, гэта сьвята сьвятога Антонія“. Сьвятары пісалі, што 13 чэрвеня зьбіраліся каталікі і праваслаўныя (хаця ў іх няма такога сьвятога) і разам ушаноўвалі сьвятога Антонія. Пагатоў тады ў Магілёве быў цудатворны абраз сьвятога Антонія. Ён зьнік».

Падчас ўрачыстага набажэнства сьвятога Антонія

Падчас ўрачыстага набажэнства сьвятога Антонія

Сьвяты Антоні стаў апекуном Магілёва ў канцы XVI стагодзьдзя. Ягоны цудатворны абраз прынесьлі ў Магілёў францішканскія прапаведнікі. Сьцьвярджаецца, што абраз зьнік у часе Другой усясьветнай вайны.

«Амаль у кожным касьцёле сьвету знойдзецца фігурка, выява, абразкі сьвятога Антонія, да якога молімся ў розных справах, але асабліва, як нешта згубім. І, абавязкова ён дапаможа згубленае адшукаць,— заўважае айцец Віталь. — Сьвяты Антоні апякун прыгнечаных, сем’яў, асабліва маладых сем’яў, студэнтаў і шмат каго яшчэ».

Сьвятарства

Сьвятарства

Падчас урачыстай службы ксёндз з магілёўскай парафіі Небаўзяцьця Найсьвяцейшай Пана Марыі Віталій Драздоўскі адзначыў, што сьвяты Антоній дапамагае ў справах здачы экзамэнаў.

Хросны ход вакол храма, які ўзводзіцца

Хросны ход вакол храма, які ўзводзіцца

«Цяпер дужа актуальна гэта для моладзі: хто школу сканчае, хто зьбіраецца паступаць... Я горача маліўся да сьвятога Антонія і сам дзівіўся, бо экзамэны здаваў на „пяцёркі“, ня ведаючы іх на столькі», — зьвяртаўся да грамады вернікаў айцец Віталь.

а. Віталь Драздоўскі

а. Віталь Драздоўскі

Сьвятар падкрэсьліў, што сьвяты Антоній прыклад набожнага жыцьця. «Дужа шмат цудаў ён учыніў, шмат легендаў пра гэта ёсьць. Шмат цудаў адбылося, як ён памёр. Пражыў ён ня доўга, толькі 36 гадоў, але ўжо праз год, згадаўшы ўсе ягоныя цуды, тагачасны Папа Грыгоры абвясьціў яго сьвятым».

Дакрануцца да рэліквіяў сьвятога Антонія

Дакрануцца да рэліквіяў сьвятога Антонія

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG