Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Бятлій: Наколькі Менск незалежны ад Масквы — ведае толькі кіраўніцтва Беларусі


Днямі ў Кіеве адбылася прэзэнтацыя аналітычнага дасьледаваньня «Украіна-Беларусь», аўтары якога — аналітык кіеўскага Інстытуту сусьветнай палітыкі Алена Бятлій і беларускі экспэрт Яўген Прэйгерман.

Сёньня ўкраінскі інтэрнэт-рэсурс «Эўрапейская праўда» зьмясьціў артыкул Алены Бятлій, у якім разглядаюцца некаторыя аспэкты ўкраінска-беларускіх дачыненьняў.

«Тое, што Расея аказвае вызначальны ўплыў на характар супрацоўніцтва паміж Украінай і Беларусьсю, неаднаразова падкрэсьлівалася нашымі суразмоўцамі, — адзначае Алена Бетлій, маючы на ўвазе экспэртную супольнасьць. — Нават больш, сама размова аб адносінах зь Беларусьсю часта пачыналася з вызначэньня залежнасьці эканамічнай, фінансавай і энэргетычнай сыстэмаў паўночнай суседкі ад Расейскай Фэдэрацыі.

Сапраўды, наколькі незалежным ад Масквы як на ўзроўні рашэньняў, што прымаюцца, гэтак і на ўзроўні фінансавай заможнасьці зьяўляецца Менск, вядома, відавочна, толькі беларускаму кіраўніцтву.

Сьледзтвам гэтага стала зьяўленьне асобнага дыскурсу пра „несамастойную палітыку Менску“, „руку Масквы“ ў рашэньнях уладаў Беларусі ў дачыненьні да Ўкраіны, што, у сваю чаргу, прыводзіць да недахопу даверу ў адносінах паміж нашымі дзяржавамі.

Прывядзём яскравы прыклад. 29 сакавіка 2014 году Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з тагачасным в. а. прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандрам Турчынавым, запэўніўшы, што ні пры якіх абставінах Украіна ня будзе атакаваная з беларускай тэрыторыі. У інтэрвію для ток-шоў Шустэр Live ў канцы сакавіка 2014 году прэзыдэнт Лукашэнка выказаў падобныя тэзісы.

Разам з тым ён таксама заявіў, што „дэ-факта“ Крым стаў часткай Расеі^; і калі Беларусь будзе вымушана выбіраць, яна будзе на баку Расеі, нягледзячы на агульную гісторыю і прававыя абавязацельствы.

Груба кажучы, падобная пазыцыя адлюстроўвае зьнешнепалітычныя рэаліі, у якіх знаходзіцца Менск, і абмежаваньні, зь якімі ён сутыкаецца, рухаючыся ў праблемных і небясьпечных водах рэгіянальнай геапалітычнай эскаляцыі стасункаў Расеі і Захаду».

Радыё Свабода папрасіла аналітыка Інстытуту сусьветнай палітыкі Алену Бятлій распавесьці, як ў Кіеве ўспрымаюцца новыя элемэнты ва ўзаемаадносінах паміж Менскам і Брусэлем.

Бятлій: Мы ў Кіеве назіраем, як разгортваюцца адносіны паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам. Як бы тое ні было, а мы заўважаем пацяпленьне адносінаў і з Варшавай, і з Брусэлем, і візыт ў Ватыкан шмат пра што кажа. Мы адзначаем гэтыя станоўчыя моманты і спадзяемся, што яны будуць разьвівацца. Гэта выгодна і Кіеву ў тым ліку. З другога боку, мы не забываем на тое, што Беларусь зьвязаная з Расеяй дамовай «саюзнай», і даволі вялікай колькасьцю канкрэтных дамоваў адносна вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расеяй. Таму наколькі ўдасца адарвацца Менску ад Масквы ў вайсковай сфэры і ў сфэры бясьпекі — тут цяжка меркаваць, але ў палітычнай сфэры — так, мы бачым, што адносіны цяплеюць, і будзем спадзявацца, што яны будуць разьвівацца.

З другога боку, мы памятаем пра 2010 год, калі адносіны з Эўрапейскім Зьвязам, здавалася б, больш-менш наладзіліся, — і а тым ня менш сьнежань разгарнуў Беларусь у супрацьлеглым накірунку, і ўсё супрацоўніцтва спынілася. Таму мы бачым гэтыя знакі, але глядзім на іх цьвяроза і прагматычна.

Свабода: Вы таксама ведаеце, што за гэтыя апошнія гады, пакуль ідзе вайна ва Ўкраіне, нідзе і ніколі ні адзіным словам Лукашэнка не паставіў пад сумнеў пастулаты Дамовы аб сыстэме калектыўнай бясьпецы, да якой Беларусь была далучаная ў 1993 годзе.

Бятлій: Канешне, у нас ёсьць разуменьне гэтага, і нават калі паглядзець на матэрыялы, разьмешчаныя на афіцыйным сайце Вярхоўнай Рады, матэрыялы Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны, — так чорным па белым напісана, што ў верасьні 2013 году ў часе вучэньняў «Захад-2013» было прапрацавана стратэгічнае і апэратыўнае плянаваньне супраць Украіны. Мы сачылі за вучэньнямі ў 2015-ым. У ваенным аспэкце — так, ніхто ад гэтага не адышоў, але ёсьць і палітычны складнік, які памяняўся.

Свабода: Сёньня стала вядома, што адпраўлены ў адстаўку з пасады амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Валянцін Вялічка, які 15 год узначальваў дыпляматычную місію ў Кіеве, і прызначаны новы амбасадар. Адначасна — месца амбасадара Ўкраіны ў Менску ўсё яшчэ застаецца вакантным...

Бятлій: У Кіеве існуе меркаваньне, што спадар Вялічка быў добрым камунікатарам паміж Кіевам і ўладамі Беларусі. Спадзяюся, што з новым амбасадарам будзе працягнута традыцыя камунікацый на дыпляматычным ўзроўні. А што датычна Кіева, дык, на жаль,за апошнія два гады гэта не адзінае дыпляматычнае вакантнае месца. Натуральна,трэба падабраць адпаведную кандыдатуру, паколькі Менск — важны горад, і шмат што залежыць ад якаснай працы амбасадара ў Беларусі, і чалавек гэты павінен адпавядаць тым выклікам, якія на сёньняшні дзень маюцца ў двухбаковых адносінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG