Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз Беларусі і Расеі: бег на месцы


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на перамовах у Менску 8 чэрвеня 2016.
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на перамовах у Менску 8 чэрвеня 2016.

У якім стратэгічным стане знаходзяцца беларуска-расейскія дачыненьні пасьля апошняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна?

Цыганкоў: Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна не прывяла да прарыўных рашэньняў. Не былі вырашаныя асноўныя пытаньні. Тую ж газавую праблемы яны проста перакінулі на сваіх падначаленых, маўляў, ня царская гэта справа, хай міністры вырашаюць.

У беларуска-расейскіх дачыненьнях цяпер нейкая «паўза» ці «нічыя». Бакі займаюцца толькі вырашэньнем нейкіх бягучых момантаў. Прарываў няма — можа і дзякаваць Богу.

Самы галоўны праект Расеі, Эўразійскі эканамічны саюз, да якога далучылася і Беларусь, быў створаны для таго, каб ажывіць эканамічнае супрацоўніцтва, стварыць мытны саюз і даць штуршок для ўдзельнікаў праекту ў эканамічнай сфэры. Па выніках мы бачым, і неаднаразова гэта прызнана самімі кіраўнікамі дзяржаваў саюзу, што ёсьць зьніжэньне таваразвароту, на што паўплывалі вядомыя падзеі на сусьветным рынку нафты, і другое — працягваецца адсутнасьць усялякага вольнага гандлю, а ёсьць вялікая колькасьць розных абмежаваньняў. Разам са стварэньнем гэтага саюзу колькасьць абмежаваньняў ніякім чынам не зьменшылася.

Стратэгічныя інтарэсы бакоў не супадаюць.

Стратэгічныя інтарэсы бакоў не супадаюць. Беларусь так ці іначай будуе незалежную дзяржаву, а ў Расеі зусім іншыя інтарэсы. У выніку ёсьць пэўнае стратэгічнае супярэчаньне паміж усімі інтэграцыйнымі праектамі на постсавецкай прасторы і рэальнымі інтарэсамі краінаў, якія туды ўваходзяць.

Беларусь туды ўваходзіць з адной мэтай — атрымаць дадатковыя рэсурсы ад Расеі. Беларусь змагаецца за зьніжэньне цэнаў на газ пад маркай таго, што Беларусь і Расея знаходзяцца ў адзінай эканамічнай прасторы. Расея, калі стварае гэтыя інтэграцыйныя аб’яднаньні, мае на ўвазе зусім іншае — геапалітычнае аб’яднаньне. Іншымі словамі, каб гэтыя краіны былі яе палітычнымі васаламі.

Бо калі наладжваць жыцьцё цалкам незалежна ад Масквы, без яе фінансавай падтрымкі — то трэба будаваць эфэктыўную дзяржаўную рынкавую і дэмакратычную мадэль. Але Лукашэнка разумее, што гэта пагражае ягонай уладзе — эканамічная лібэралізацыя можа выклікаць палітычную і гэтак далей.

Таму застаецца цяперашняя мадэль, а яна прадугледжвае толькі атрыманьне сродкаў ад Расеі. Атрымліваецца зачараванае кола. Адзінае, што можа разарваць паўзу у адносінах — гэта калі Расеі пачне ставіцца да Беларусі як да Ўкраіны, чаго вельмі ўсім не хацелася б. Відавочна, гэтага баіцца і Лукашэнка.

Дракахруст: Мне здаецца, для Масквы ва ўсіх інтэграцыйных утварэньнях важна ня столькі праграма максымум, а менавіта зрабіць суседнія краіны «вялікай Расеяй» ці СССР. Магчыма, такая мара і ёсьць, але галоўнае для Масквы — праграма мінімум: ні ў якім выпадку ня выпусьціць гэтыя краіны са сфэры свайго ўплыву, ні ў якім выпадку не дапусьціць у іх прысутнасьці іншых вялікіх дзяржаваў, асабліва структурнай, інстытуцыйнай альтэрнатывы.

У сытуацыі з Украінай, калі яна адстойвала свае інтарэсы ў газавым пытаньні, у эканамічных стасунках, Расея па вялікім рахунку рэагавала на гэта спакойна. Але як толькі яны сталі рэальна ісьці да хоць нейкай інстытуцыйнай інтэграцыі з Эўразьвязам, калі размова пайшла пра асацыяцыю, у Маскве загарэлася «чырвонае сьвятло» і мы ведаем, што адбылося.

Падзеі ў беларуска-расейскіх адносінах якраз сьведчаць пра тое, што калі Беларусь не надта імкнецца рэалізаваць расейскую мару, расейцы незадаволеныя, але махаюць рукой. Вось газавы канфлікт: Беларусь упарціцца, ня хоча ісьці на расейскія ўмовы, ня плаціць грошай — гэтым усё сканчаецца. Ці прамова Пуціна ў Менску: ну што ж вы нам гоніце падсанкцыйныя тавары, ну як жа так жыць? Гэта быў не такі тон: мы вам забараняем, мы патрабуем, вы нашы саюзьнікі.

Зь іншага боку, ёсьць папрокі да Расеі, што яна захоўвае шмат абмежаваньняў на гандаль паміж краінамі Эўразійскага саюзу. Такія папрокі абгрунтаваныя ня толькі прынцыпамі саюзу, але і прынцыпамі той самай мары пра адроджаны СССР. У СССР РСФСР, Туркмэністан, Эстонія гандлявалі паміж сабой бяз мытных бар’ераў. І што адказваюць на папрокі расейцы? Ды не, ўсё складана, няма ў нас на вас столькі грошай, каб без абмежаваньняў гандляваць.

Для расейцаў галоўнае — не пускаць Захад у краіны-суседзі.

Гэтая млявасьць у пытаньні ідэалу сьведчыць пра тое, што для расейцаў галоўнае — не пускаць Захад у краіны-суседзі. А што гэтыя суседзі Расею будуць дурыць — дык да гэтага там прызвычаіліся.

Таксама пра тое, што важная праграма-мінімум: Казахстан рынкавая краіна, і яму гэтага не перашкаджаюць рабіць. Як і Лукашэнку не перашкаджаюць будаваць свой маленькі сацыялізм.

Цыганкоў: Уплыву Расеі ва ўнутраных беларускіх справах няма, гэта выключнае рашэньне Аляксандра Лукашэнкі — захоўваць цяперашнюю эканамічную сацыяльную сыстэму. Але яна, паколькі захоўваецца, патрабуе ўліваньняў з боку Расеі.

Карбалевіч: Сытуацыя даволі супярэчлівая. З аднаго боку, і Расея і Беларусь знаходзяцца ў сытуацыя новага міжнароднага самавызначэньня і абнаўленьня пазыцыянаваньня ў сьвеце. Расея нібыта «ўстала з каленяў», пачала перагляд сваёй міжнароднай ролі і вагі, але, зразумела, што амбіцыі перавышаюць магчымасьці, яна робіць крокі назад і спрабуе знайсьці нейкі кампраміс з Захадам, у прыватнасьці, у вырашэньні ўкраінскага пытаньня.

Беларусь убачыла, што роля Расеі ў эканамічным выжываньні краіны зьмяншаецца.

Беларусь убачыла, што роля Расеі ў эканамічным выжываньні краіны зьмяншаецца, пачала спробы замежнай эканамічнай і палітычнай дывэрсыфікацыі. Ды і эканамічны крызыс штурхае абодва бакі шукаць нейкія новыя шляхі самавыжываньня.

Але, зь іншага бок, ёсьць залежнасьці ад каляіны, у якой ўжо шмат гадоў знаходзяцца беларуска-расейскія адносіны, зь якой абодвум бакам ніяк не выскачыць. Ды Менск і Масква ня бачаць магчымасьці альтэрнатывы эўразійскай інтэграцыі. хоць яна практычна не разьвіваецца. Таму абодва бакі намацваць нейкую новую парадыгму дачыненьняў, да якой спрабуюць перайсьці, без моцных канфліктаў.

Пэўным паказьнікам гэтага новага дыскурсу стаў газавы канфлікт. Ён робіцца зацятым, абодва бакі не саступаюць. Але ў газавую вайну, як бывала у такіх выпадках раней, ён не ператвараецца. Аднак важна заўважыць, што абодва кіраўнікі дзяржаваў пакуль ніяк яго не камэнтуюць. Звычайна беларускі лідэр выцягвае канфліктную тэму ў публічную плашчыню, ініцыюе скандал. Але цяпер пакуль і ён маўчыць, палеміку вядуць чыноўнікі ўзроўню міністраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG