Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна надаць кантрольным органам Беларусі «чалавечы твар», як тое абяцае старшыня дзяржкантролю Беларусі Леанід Анфімаў?

Карбалевіч: Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю (КДК) Леанід Анфімаў у інтэрвію тэлепраграме «Контуры» тэлеканала АНТ апраўдваўся за сваю дзейнасьць. Маўляў, супрацоўнікамі камітэту праводзіцца ўсяго толькі 5% праверак у краіне. Таму ўсе прэтэнзіі, што менавіта гэтае ведамства перашкаджае нармальна разьвівацца бізнэсу, нічым не абгрунтаваныя. Астатнія праверкі ажыцьцяўляюцца кантрольнымі і нагляднымі органамі, якія ўваходзяць у склад іншых ведамстваў і дзяржорганаў.

Тое, што такія праверкі перашкаджаюць сёньня працаваць бізнэсу, ён, фактычна, не адмаўляў. І адзначыў, што ўжо падрыхтаваны і хутка будуць унесены на разгляд прэзыдэнту прапановы па ўпарадкаваньні кантрольнай дзейнасьці ў краіне. У іх утрымліваюцца меры, накіраваныя на ліквідацыю дубліраваньня і на скарачэньне колькасьці нічым не абгрунтаваных праверак. «Сыстэма будзе прыведзена ў нармальны чалавечы стан. І кантролю, і нагляду ў нашай краіне будзе нададзены чалавечы твар, чалавечае аблічча», — адзначыў Анфімаў.

Ня першы раз робяцца захады, каб ўпарадкаваць працу кантрольных органаў. Ужо прымаліся адпаведныя прэзыдэнцкія ўказы для скарачэньня колькасьці праверак. Калісьці пры адміністрацыі прэзыдэнта была створаная рада па каардынацыі дзейнасьці гэтых структураў. Цяпер рыхтуецца новы заканадаўчы акт, які павінен неяк рэгуляваць працу кантралёраў. Думаю, ўсе гэтыя высілкі марныя.

Бо гіпэртрафаваная роля кантралюючых органаў — неабходны элемэнт створанай ў краіне сацыяльнай мадэлі.

Бо гіпэртрафаваная роля кантралюючых органаў — неабходны элемэнт створанай ў краіне сацыяльнай мадэлі. Безь іх яна існаваць ня можа. Ва ўмовах слабых эканамічных стымулаў ў гаспадарцы, вялізнай ролі дзяржавы ва усіх сфэрах сыстэма комплекснага кантролю павінна падтрымліваць працаздольнасьць і жыцьцядзейнасьць ўсіх дзяржаўных інстытутаў і, перш за ўсё, прымусіць працаваць эканоміку. Таму ў краіне дзейнічае калі паўтара дзесятка структур з кантрольнай функцыяй.

Лукашэнка ператварыў кантрольныя органы ў апорную канструкцыю дзяржаўнага кіраваньня, важны фактар эканамічнага і сацыяльна-палітычнага жыцьця краіны. Значэньне чыноўніка-кантралёра аказалася вышэй чыноўніка-мэнэджэра.

У сфэры эканомікі ўзмацненьне кантролю над гаспадарчымі суб’ектамі стала сур’ёзным тормазам эканамічнага разьвіцьця, перашкодай станаўленьня рынкавых адносінаў. Добрай ілюстрацыяй гэтаму стаў судовы працэс над Ганнай Шарэйка і кіраўніцтвам Віцебскай птушкафабрыкі. Ніякай матэрыяльнай шкоды у дзейнасьці дырэктара праваахоўныя органы не знайшлі, але працу фабрыкі паралізавалі, з прыбытковай яна стала стратнай. І, дарэчы, памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды у дакладзе на канфэрэнцыі мінулым годам адзначыў кантрольныя органы як перашкоду рынкавым рэформам.

Цыганкоў: Галоўная прычына ўсеўладзьдзя кантрольных органаў Беларусі ў тым, што наглядных функцый шмат у самых розных ведамстваў. Цяперашняя сацыяльна-эканамічная сыстэма, якая не можа жыць без гэтых кантрольных ведамстваў, якія ўвесь час разрастаюцца. Калі няма лібэральных рынкавых правілаў, калі рынкавыя адносіны не рэгулююць узаемадачыненьні паміж суб’ектамі гаспадараньня, то тут павінен быць нехта трэці, хто глядзіць зьверху, хто сочыць за кожным крокам.

Гэта вельмі стрымлівае ініцыятыву суб’ектаў гаспадараньня, прадпрымальнікаў, бізнэсоўцаў. Неаднаразова і ў прэсе, і ў жыцьцёвых стасунках мы сустракаемся з сытуацыямі, калі прадпрымальнікі баяцца зрабіць лішні крок, паколькі ведаюць, што гэта можа быць парушэньнем шматлікіх правілаў.

Напрыклад, на складзе аднаго з прадпрыемстваў ляжаў беспрытульны лом, і кіраўнікі гэтага прадпрыемства, калі да іх прыходзілі прадпрымальнікі, якія хацелі гэта купіць, сказалі ім: толькі мы прадамо, прыйдуць кантралёры і скажуць, што гэта незаплянаваны прыбытак, куча парушэньняў. Вось такая абсурдная эканамічная сытуацыя.

У нас ёсьць дыктатура беспрыбытковасьці.

Цяпер у беларускай эканоміцы няма дыктатуры прыбытковасьці. Наадварот, як завіў адзін экспарт у маёй перадачы, у нас ёсьць дыктатура беспрыбытковасьці. Прыбытак не ёсьць канчатковай і галоўнай мэтай дзейнасьці прадпрыемства. Заманьвае дзяржава інвэстара нейкімі ільготамі, а потым кажа — аддай нам, бо у нас сацыяльная дзяржава, мы самі лепш ведаем, на што гэта патраціць. Гэта таксама ўсё праходзіць пад кантролем шматлікіх органаў, функцыі якіх разрастаюцца з кожным годам.

Увогуле барацьба за чалавечы твар кантралюючых органаў нагадвае вечную барацьбу з бюракратыяй у Беларусі. З ёй ваююць, а яна толькі разрастаецца. Напрыклад, прымаюцца нейкія рашэньні па скарачэньні апарату, у выніку потым аказваецца, што гэтага апарату ўсё больш.

Карбалевіч: Мадэль сацыяльнай дзяржавы ўсё больш ператвараецца ў мадэль паліцэйскай.

Дракахруст: Калегі, мне падалося, што вы выказалі дзьве тэзы, якія супярэчаць адна адной. Адна ў тым, што сыстэма кантролю адпавядае сацыяльна-эканамічнай мадэлі, якая ёсьць. І сапраўды, 70% ВУП вытвараецца на дзяржаўных прадпрыемствах, адпаведна ёсьць кантроль. Зь іншага боку, вы сказала, што гэтая сыстэма неэфэктыўная, што яна дапускае абсурдныя рэчы, як справа Шарэйкі, калі было прыбытковае прадпрыемства, яго развалілі менавіта кантралёры, ці што ляжыць непатрэбнае, а прадаць нельга.

Сыстэма кантролю адпавядае сыстэме эканомікі.

Я мяркую, што гэтая сыстэма кантролю ўсё ж адпавядае сыстэме эканомікі. Беларускія ўлады сыходзяць з вопыту раньняй перабудовы, калі сыстэма кантролю была моцна аслабленая і тады адбывалася перапампоўваньне рэсурсаў з дзяржаўных прадпрыемстваў на прыватныя, якімі абрасьлі дзяржаўныя. Эканоміка тады разбуралася.

Хаця, зразумела, палепшыць адпаведную сыстэму татальнага кантролю спрабавалі шмат гадоў і яшчэ будуць, пакуль яна будзе існаваць. Мы памятаем клясычны ленінскі твор «Как нам реорганизовать Рабкрин?». Сьветлыя розумы гэтай сыстэмы пераймаліся гэтай праблемай з 1917 году, ну вось так і працягваюць пераймацца. І будуць працягваць, пакуль гэтая сыстэма будзе захоўвацца.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG