Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шэндэровіч: Пуцін ахвяраваў дзецьмі Бэслану ў імя сваёй палітычнай перамогі


Расейскі сатырык Віктар Шэндэровіч падчас удзелу ў праграме расейскай службы Радыё Свабода «Культ личности», якую вядзе Леанід Велехаў, расказаў, як ён бачыць прычыны прыходу Ўладзімера Пуціна да ўлады.

Леанід Велехаў: Дзевяностыя гады — гэта ваша зорнае дзесяцігодзьдзе. Але ўсё-ткі ў якой ступені вы 90-я супрацьпастаўляеце 2000-м гадам, а ў якой ступені бачыце іх пераемнасьць?

Віктар Шэндэровіч: Вельмі добрае пытаньне. І тое, і іншае — безумоўна. Безумоўна, Пуцін зьявіўся на распадзе, на паразе лібэральнай ідэі, на дэградацыі і дыскрэдытацыі лібэральнай ідэі, якая была ў тую пару нерукатворнаю. Гэта самі лібэралы дыскрэдытавалі. Таму што ўсе знакі, усе знакі напаўняюцца зьместам. І словы «лібэралізм», «дэмакратыя», калі яны асацыяваліся з Сахаравым, з Афанасьевым, Рыжовым і т. д., Міжрэгіянальнай дэпутацкай групай, з дысыдэнтамі. А потым яны сталі асацыявацца з Саскаўцом, віцэ-прэм’ерам, з зладзеяватымі губэрнатарамі. Не, губэрнатары проста злодзеі. Зладзеяватыя — гэта іншае. Са злодзеямі губэрнатарамі, з дзікай абсалютна дэмагогіяй, з абсалютна антысацыяльнай эканамічнай палітыкай, з хлусьнёй, з нахабствам, проста з братвой пад лібэральнымі лёзунгамі. Ліхія дзевяностыя сымбалізуюць Пуціна Ўладзімера Уладзімеравіча часоў сваёй працы ў Смольным, зрошчанай да сьмерці з Тамбоўскай злачыннай групоўкай. Вось гэты Вова пры тым, пры іншым Вову Барсукове-Кумарыне, вось гэтыя бляклыя, незаўважныя, зладзеяватыя дэмакраты за сьпінай, дакладней за іх сьпінай проста браткі, якія ўсім гэтым кіруюць, вось гэта і скончылася ў Расеі абвальваньнем лібэральнай ідэі. Слова «лібэрал», слова «дэмакрат» сталі асацыявацца зь нягоднікамі і злодзеямі, якія давялі да галечы велізарную частку насельніцтва з двухсэнсоўнасьцю і хлусьнёй. І гэта абрынулася.

А калі гэта павалілася, высьветлілася, што сацыяльную справядлівасьць і аднаўленьне закону сымбалізуе ўсё той жа Вова, які раптам успомніў пра пагоны свае лубянскія, які раптам успомніў пра імпэрыю. Той жа пераліцаваны, перашыты Вова стаў сымбалізаваць новыя моцныя халодныя дзяржаўныя часы. Той жа самы Вова! Гэта так нам гісторыя падміргнула, усьміхнулася.

Для мяне абсалютным акамяненьнем гэтай гісторыі стаў «Норд-Ост», а потым Бэслан. Таму што гэта было ў чыстым выглядзе палітычнае забойства. Проста гэтыя дзеці ў Бэслане былі прынесеныя ў ахвяру палітычнай постаці Пуціна. Таму што была альтэрнатыва. Зьявіўся Масхадаў. Можна было перагаворвацца, можна было паспрабаваць выратаваць дзяцей. Але гэтае зьяўленьне Масхадава ў палітычным полі азначала палітычную паразу...

Леанід Велехаў: Прычым, гэта ж было асабістае распараджэньне Пуціна. У гэтай студыі Андрэй Мікалаевіч Іларыёнаў, у той час саветнік Пуціна, упершыню расказаў, што яны вялі гэтыя перамовы. І Пуцін асабіста сказаў.

Віктар Шэндэровіч: Так, так, так.

Леанід Велехаў: Тут ужо ніякіх розначытаньняў вэрсій няма.

Віктар Шэндэровіч: Так, ніякіх вэрсій тут быць ня можа. «Непрыстойна падазраваць, калі цалкам упэўнены» — гэта Ежы Лец. Непрыгожа падазраваць, калі цалкам упэўнены. Пуцін даў адмашку на гібель гэтых дзяцей у імя таго, каб Масхадаў ня стаў палітычнай фігурай, у імя сваёй палітычнай перамогі. І пад гэтую справу потым проста адмяніў выбары, проста зачысьціў палітычную прастору.

Цалкам тэкст перадачы чытайце ТУТ.

XS
SM
MD
LG