Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пецярбуржцам не ўдалося перайменаваць вуліцу Чэкістаў ў вуліцу Люстрацыі


Паліцыя на месцы правядзеньня акцыі ў Пецярбургу.

Паліцыя на месцы правядзеньня акцыі ў Пецярбургу.

Лібэральна настроеныя актывісты лічаць, што Расеі патрэбна дэсаветызацыя.

У Пецярбургу акцыя дзесяці ўдзельнікаў мясцовага аддзяленьня руху «Салідарнасьць» і іншых актывістаў на вуліцы Чэкістаў, якія спрабавалі разьвесіць шыльдачкі «Вуліца Люстрацыі», была сарваная.

Калі ўдзельнікі акцыі прыехалі да дому № 20, іх ужо чакалі паліцыя і АМАП. Актывісты спрабавалі растлумачыць, што такі сход быць ня можа лічыцца масавай акцыяй, паколькі ў іх з сабой няма ні сымболікі, ні плякатаў, але гэта не пераканала супрацоўнікаў паліцыі.

Паліцыянты ня толькі разагналі актывістаў, ня даўшы ім разьвесіць шыльды, але доўга гналіся за імі на паліцэйскіх машынах, заганяючы ў двары і сьлепячы кіроўцаў фарамі далёкага сьвятла.

Паводле актывісткі «Салідарнасьці» Вольгі Сьмірновай, Дзень Расіі быў абраны для гэтай акцыі невыпадкова — гэтае сьвята асацыюецца з паваротам да дэмакратыі, а не з рэваншам савецкай ідэалёгіі, які выяўляецца таксама і ў гарадзкой тапаніміцы.

— Многія назвы гарадоў і вуліц засталіся ў нас з савецкіх часоў, і працэс іх перайменаваньня сёньня замарожаны. Напэўна, найбольш абуральная назва — гэта вуліца Чэкістаў. Акрамя таго, ёсьць шмат вуліц, названых імёнамі людзей — хто яны такія, ужо ніхто ня памятае, але калі капнуць, аказваецца, што многія зь іх — гэта якраз каты сталінскай эпохі або раньняга пэрыяду савецкай улады. Мы разумеем, што калі б нават сёньня наша акцыя не была сарваная, нашы шыльдачкі не правіселі б доўга. Але няхай гэта будзе пачаткам размовы, у якой наша грамадзтва мае вялікую патрэбу.

Паводле меркаваньня Вольгі Сьмірновай, Расея ня зможа пазытыўна разьвівацца, пакуль ёю кіруюць людзі старой загартоўкі, выхаваныя на канонах КПСС. Таму краіне неабходная люстрацыя і дэсаветызацыя, якая выяўляецца, у прыватнасьці, у пазбаўленьні ад савецкай тапанімікі.

XS
SM
MD
LG