Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую мову будуць здаваць 22% абітурыентаў, расейскую — амаль у 4 разы больш


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

13 чэрвеня ў Беларусі пачынаецца цэнтралізаванае тэставаньне, якое сёлета будуць праходзіць 100.811 абітурыентаў.

Мова-тэст Свабоды: правер свае веды беларускай мовы

Першы іспыт па традыцыі — беларуская мова. Запісаліся на яго 22 348 чалавек. Расейскую мову будуць здаваць 78 004 чалавекі. То бок 22,16% здаюць беларускую мову, а 77, 84% — расейскую. Тры гады таму суадносіны былі 30% на 70%, а 10 год таму прыкладна палова абітурыентаў здавалі беларускую мову, а палова — расейскую.

На другім месцы пасьля расейскай мовы матэматыка — яе будуць здаваць 47.853 абітурыенты, на ЦТ па фізыцы зарэгістравалася 27.718 абітурыентаў, на біялёгію — 23.512, гісторыю Беларусі будуць здаваць 18.889 чалавек, хімію — 12.302, грамадазнаўства — 11.360. З замежных моваў самая папулярная ангельская — 22.558. Нямецкую мову здаюць 3.456 абітурыентаў, францускую — 734 абітурыенты, гішпанскую — 159, кітайскую — 14.

Сёлета ў ВНУ плянуецца набраць крыху больш за 64 тысячы чалавек. Колькасьць бюджэтных месцаў скарацілася на 100.

Адзінае выйсьце — заснаваньне беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Алена Анісім лічыць, што скарачэньне ліку ахвотных здаваць беларускую мову на цэнтралізаваным тэставаньні — гэта вынік скарачэньня беларускай адукацыі ў школе цягам апошніх двух дзясяткаў гадоў:

Алена Анісім

Алена Анісім

«Гэта прамы вынік таго, што зьнікае ў нас беларуская мова як мова навучаньня найперш у сярэдняй школе. Таму вынік гэты заканамерны. Іншая справа — гэта ня можа нас не трывожыць.

Мы бачым адзінае выйсьце — нам трэба тэрмінова заснаваць беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня, вельмі пэрспэктыўны, з тымі кірункамі, якія будуць запатрабаваныя ня толькі сёньня, але і ў будучым. І гэта будзе стымулам і для навучаньня ў сярэдняй школе на беларускай мове.

Бяз гэтага мы не пераломім сытуацыю, тэндэнцыя будзе працягвацца. Тым больш што мы бачым, што ў гарадах беларускамоўныя школы і клясы ня вельмі адкрываюцца, тым больш, што і наша Міністэрства адукацыі ня вельмі рупіцца. Мы бачым, што людзі, асабліва маладыя, хочуць даць сваім дзеткам і беларускамоўнае выхаваньне ў садках, і адукацыю ў школах. Але магчымасьцяў для іх вельмі мала».

XS
SM
MD
LG