Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стралком у Арланда аказаўся амэрыканец афганскага паходжаньня


Улады схіляюцца да таго, што матывам для нападу паслужылі радыкальныя ідэі.

Сьледчыя ўстанавілі асобу мужчыны, які распачаў страляніну ў гей-клюбе ў Арланда (штат Флорыда, ЗША), паведамляе тэлеканал Сі-Бі-Эс са спасылкай на крыніцу.

Паводле інфармацыі тэлеканала, нападнік — 27-гадовы грамадзянін ЗША Амар Матын, які пражываў у Флорыдзе. Яго бацькі — выхадцы з Афганістану.

Крыніца, блізкая да расьсьледаваньня, таксама паведаміла тэлеканалу, што сьледчыя схіляюцца да вэрсіі аб тым, што напад быў учынены на глебе ісламскага экстрэмізму.

Раней супрацоўнік ФБР паведаміў тэлеканалу Fox News, што мужчына, які адкрыў страляніну ў начным клюбе ў Арланда, мог мець сувязі з адной з радыкальных ісламісцкіх груповак.

«Выказваюцца здагадкі, што ў мінулым гэты чалавек рабіў пагрозы, заяўляючы пра свае сувязі з тэрарыстычнай групоўкай», — сказаў у эфіры тэлеканалу супрацоўнік ФБР Рон Гопэр, адказваючы на пытаньне аб магчымай сувязі стралка з ісламістамі.

Ён падкрэсьліў, што гэта — непацьверджаная інфармацыя, і расьсьледаваньне на дадзены момант знаходзіцца ў раньняй стадыі.

Як паведамлялася, улады расьсьледуюць здарэньне як тэракт, справу вядзе ФБР. На дадзены момант разглядаецца як вэрсія «мясцовага тэрарызму», так і магчымы замежны сьлед, а таксама дачыненьне радыкальных ісламістаў.

Каля 02:00 паводле мясцовага часу ў будынку папулярнага гей-клюбу Pulse пачуліся стрэлы. Адміністрацыя ўстановы апублікавала паведамленьне ў «Твітэры» з заклікам да ўсіх наведнікаў неадкладна пакінуць будынак.

У паліцыі паведамілі, што мужчына, узброены вінтоўкай і пісталетам, уступіў у перастрэлку з адным з паліцыянтаў, якія знаходзіліся ў клюбе пры выкананьні абавязкаў. Празь некаторы час яму ўдалося ўзяць у закладнікі наведнікаў.

Пазьней паліцыя штурмавала будынак, нападнік быў забіты ў перастрэлцы.

«Нам вядома, што пры ім была падазроная прылада», — сказаў прадстаўнік праваахоўных органаў на брыфінгу ў Арланда. Паліцыя вывучае згаданую прыладу і вядзе пошукі выбухоўкі ў будынку.

Праваахоўнікі падкрэсьліваюць, што напад на клюб, верагодна, быў старанна прадуманы і добра сплянаваны.

У клюбе было каля 320 чалавек. Паведамляецца пра 50 забітых і 53 параненых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG