Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Класкоўскі: «Працяг з боку ЗША санкцый у дачыненьні да Беларусі ніяк не супярэчыць рашэньням Эўразьвязу»


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама працягнуў яшчэ на год санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў. Але Эўразьвяз нядаўна адмяніў санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Як стасуюцца гэтыя рашэньні Эўропы і Амэрыкі? Як беларускія ўлады адрэагуюць на такое рашэньне Белага дома?

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі выказаў меркаваньне, што цяперашняе рашэньне амэрыканскага прэзыдэнта падоўжыць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў ня ёсьць некім выпадам супраць афіцыйнага Менску:

«Я думаю, тут беларускія ўлады зрэагуюць спакойна, а можа, і ўвогуле ня будуць рэагаваць. Таму што ўжо, у прынцыпе, намеціўся трэнд паляпшэньня дачыненьняў як з Брусэлем, так і з Вашынгтонам. Адно, што ў Амэрыкі — імідж пасьлядоўных змагароў за дэмакратыю ва ўсім сьвеце і, зь іншага боку, меншыя эканамічныя інтарэсы ў Беларусі, чым у эўрапейцаў. Па-другое, там чыста працэдурныя бюракратычныя моманты маюць вялікую інэрцыю.

Ну і нарэшце, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд нядаўна падкрэсьліў, што для далейшых рашэньняў Вашынгтона вялікае значэньне будуць мець вынікі парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Захад не чакае тут цудаў, але хоча, каб трошкі быў стымул у беларускага кіраўніцтва ўсё ж такі няхай не дэмакратычна, але хоць на мілімэтар прыстойней, умоўна кажучы, гэтыя выбары правесьці. Ну і ў Амэрыцы ж будзе новы прэзыдэнт, і таму шэраг важных рашэньняў у зьвязку з гэтым адсоўваецца, каб ужо новая адміністрацыя брала за іх на сябе адказнасьць.

Працяг з боку ЗША санкцый у дачыненьні да Беларусі ніяк не супярэчыць рашэньням Эўразьвязу, якія санкцыі супраць нашай дзяржавы адмянілі. Санкцыі не прымаюцца пад капірку, яны супраць іншых людзей, кампаній. Да таго ж, гэта ўсё завязана яшчэ на 2004 годзе. ЗША ўвялі санкцыі значна раней за Эўропу. Эўразьвяз увёў санкцыі пасьля разгону Плошчы, на пачатку 2011 году. І зьвязаныя яны былі з рэпрэсіямі за Плошчу. Таму калі казаць проста, Лукашэнка выпусьціў Статкевіча, ня стала палітвязьняў — і фармальна адпала падстава ў гэтых санкцыях. А амэрыканцы яшчэ ў 2004 годзе прымалі Акт аб дэмакратыі, карацей, яны ў палоне сваіх даўніх рашэньняў. Натуральна, ЗША стараюцца збольшага ўзгадняць з Эўропай свае рашэньні, але ўсё адно гэта адносна аўтаномныя рэчы».

XS
SM
MD
LG