Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і што можа сапсаваць футбольнае сьвята?


Цырымонія адкрыцьця Эўра-2016

Цырымонія адкрыцьця Эўра-2016

Сёньня ў Францыі стартуе чэмпіянат Эўропы па футболе. Спаборніцтвы будуць праходзіць на фоне маштабнага страйку работнікаў транспарту, пры падвышаным узроўні тэрарыстычнай пагрозы і зноў бяз зборнай Беларусі. Хто і што можа сапсаваць футбольнае сьвята?

Гэтае пытаньне сёньня на Свабодзе абмяркоўваюць тры аналітыкі: Ігар Карней, Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод.

Карней: Сёньня вялікае сьвята для аматараў «спорту № 1». Ёсьць шэраг нюансаў як з уласна спартовага гледзішча, так і з гледзішча сытуацыі, у якой першынство адбываецца.

УЭФА ўпершыню правядзе чэмпіянат Эўропы ў новым фармаце. Будуць ажно 24 зборныя, я думаю, многія аматары футболу памятаюць, што нават да пачатку 90-х гадоў у фінальнай частцы было толькі 8 камандаў. І вось пасьля 1996 году іх стала ўдвая больш, а цяпер аж 24. Такое прадстаўніцтва дазволіла істотна пашырыць геаграфію прысутнасьці. У Францыю прыехалі адразу 5 дэбютантаў спаборніцтва. Вядома, перад Эўра-2016 былі спадзяваньні, што пры такім раскладзе ў вырашальную стадыю мае рэальныя шанцы трапіць і Беларусь. Але, на жаль, Беларусь правяла няўцямны адборачны цыкль і засталася па-за футбольным сьвятам. Зрэшты, футбольныя экспэрты ў адзін голас кажуць, што пры той бессыстэмнасьці, якая пануе ў штабе галоўнай нацыянальнай каманды, спадзявацца на цуд было цалкам нерэальна.

А ў адсутнасьць на арэнах Францыі каманды Беларусі ў аматараў футболу ўзьнікае шырокая альтэрнатыва — заўзець за суседзяў, бо і Польшча, і Расея, і Ўкраіна здабылі жаданыя пуцёўкі і цяпер пазмагаюцца як мінімум за выхад у стадыю плэй-оф.

Беларусь правяла няўцямны адборачны цыкль і засталася па-за футбольным сьвятам.

Відавочна, што сёлетняя падтрымка будзе падмацоўвацца ня толькі геаграфічна, але і палітычна. Гэта найперш тычыцца зборных Расеі і Ўкраіны. Дзяржавы фактычна ў стане вайны, і стаўленьне да гэтых падзеяў радыкальна падзяліла грамадзкую думку.

Трэба сказаць, што Расея і Ўкраіна разьведзеныя па розных групах, і іх вочная сустрэча можа здарыцца толькі на далейшых этапах, ужо ў плэй-оф. Тым ня менш экспэрты прагназуюць, што ад першага дня расейска-ўкраінскія баталіі будуць ісьці на вуліцах, то бок па-за арэнамі.

Так ужо было падчас папярэдняга чэмпіянату Эўропы, які праходзіў ва Ўкраіне і ў Польшчы. Тады палякі жорстка спынілі спробы расейскіх заўзятараў учыніць марш пераможцаў па Варшаве. Хутчэй за ўсё, супраць расейцаў палякі салідарызуюцца з украінцамі, нягледзячы на тое, што іхнія зборныя гуляюць у адной групе.

Таксама расейцам трэба асьцерагацца яшчэ адной арганізаванай групоўкі — туркаў, бо адносіны Масквы і Анкары рэзка сапсаваліся пасьля інцыдэнту з вайсковым зьнішчальнікам, які заляцеў на тэрыторыю Турэччыны і быў зьбіты. А пасьля гэтага Масква прыняла глябальныя контразахады: і гандаль абмежавала, і нават забараніла расейскім турыстам адпачываць у Турэччыне.

Эўрапейскае першынства адпачатку праходзіць пры беспрэцэдэнтных мерах засьцярогі. Толькі на ахову парадку кінута блізу 100 тысяч паліцэйскіх і вайскоўцаў.

Зразумела, што тэракты апошняга часу не маглі застацца незаўважанымі. Загінулі дзясяткі французаў і замежнікаў. Таму і на стадыёнах, і ў фан-зонах, і на вуліцах агляд будзе пільны.

Нашы калегі нядаўна вярнуліся з Парыжу і пацьвярджаюць, што спыняюць і досыць пільна аглядаюць людзей ва ўсіх практычна месцах, дзе бываюць натоўпы — і ў музэях, і ў кінатэатрах, і на вакзалах, і ў гандлёвых цэнтрах. Пакуль што паліцыя дыктуе свае ўмовы.

Яшчэ адзін бок побытавых невыгодаў — ад работнікаў транспарту. Дзясяткі тысяч чалавек страйкуюць па ўсёй краіне ад траўня. Пратэстуюць найперш супраць рэформы працоўнага заканадаўства, якая зьмякчае ўмовы звальненьня супрацоўнікаў, дае кампаніям шырэйшыя правы зьніжаць заробкі і дазваляе рэгуляваць працоўны тыдзень.

Вынікам пратэсту ўжо сталі перабоі з палівам на аўтазалівачных станцыях, зрыў графіку руху чыгуначнага транспарту. Калі ўлічыць, што Францыя чакае прыезду 2,5 мільёнаў гледачоў, наступствы могуць быць непрадказальныя.

Пакуль уся ўвага — на футбольныя сустрэчы. Сёньня матчам Францыя — Румынія эўрапейскае сьвята футболу пачынаецца.

Карбалевіч: Сапраўды, здаецца, ніколі яшчэ чэмпіянат Эўропы па футболе не праходзіў у такой напружанай грамадзка-палітычнай сытуацыі. Калі казаць пра пагрозу тэракту, у Францыі дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча, уведзены ў студзені адразу пасьля тэрактаў. Варта ўзгадаць нейкую дзіўную гісторыю пра француза, які спрабаваў ва Ўкраіне купіць зброю і выбуховыя рэчы і быў затрыманы. Дык францускія органы неяк скептычна адрэагавалі на гэта.

Ніколі яшчэ чэмпіянат Эўропы па футболе не праходзіў у такой напружанай грамадзка-палітычнай сытуацыі.

А вось страйкі — гэта рэальнасьць. Францускія ўлады не знайшлі нічога лепшага, як прымеркаваць рэформу працоўнага заканадаўства акурат да Чэмпіянату Эўропы. Таму цяпер у некаторых раёнах Парыжу не прыбіраецца сьмецьце — адпаведныя камунальныя службы страйкуюць. Страйк, але ўжо пасьля пачатку чэмпіянату — з 11 па 14 чэрвеня — абяцаюць правесьці і пілёты авіякампаніі Air France. Машыністы пагражаюць заблякаваць лінію, якая вядзе да стадыёна «Стад дэ Франс».

Беларусы, як звычайна, аказваюцца чужымі на гэтым футбольным сьвяце жыцьця. Можна разважаць, чаму футбол у Беларусі ў заняпадзе. Зрэшты — а што ў Беларусі, якая сфэра не ў заняпадзе? А футбол — спорт № 1 у сьвеце. І гэта сёньня вялікі бізнэс. У Беларусі, як вядома, бізнэс слабы. Большасьць футбольных клюбаў дзяржаўныя. Дык калі дзяржпрадпрыемствы ў заняпадзе, няма грошай у мясцовых бюджэтах, то ня варта чакаць, што футбол будзе на пад’ёме.

Глод: Калі Ігар Карней разьбіраў палітычны складнік чэмпіянату Эўропы, я згадаў пачатак сваёй журналісцкай кар’еры. Гэта была праца ў газэце «Физкультурник Белоруссии». Я пісаў пра футбол і часта размаўляў з сакратаром Фэдэрацыі футболу БССР Сігізмундам Францавічам Лысакоўскім. Ён любіў паўтараць, узьнімаючы ўверх палец: «Ёсьць шмат відаў спорту, але партыйны — толькі адзін: ФУТБОЛ!». Спартовы чыноўнік меў на ўвазе, што ў ЦК у той час з усіх відаў спорту займаліся толькі футболам.

Францускія ўлады абяцаюць, што ўсе заўзятары могуць адчуваць сябе ў бясьпецы, нягледзячы на тэрарыстычную пагрозу.

З таго часу прайшло паўстагодзьдзя. Спорт і палітыка спляліся куды шчыльней, чым тады. Таму найперш хацелася б, каб у Францыі ніхто і нішто, нават палітыка (уявіце матч Украіна — Расея), не сапсавала сьвята. Бо гэта сапраўды сьвята для велізарнай колькасьці заўзятараў сьвету. Францускія ўлады абяцаюць, што ўсе заўзятары могуць адчуваць сябе ў бясьпецы, нягледзячы на тэрарыстычную пагрозу. Праваахоўныя органы будуць выкарыстоўваць найноўшыя сыстэмы маніторынгу, а спэцыяльнае мабільнае прыкладаньне папярэдзіць карыстальнікаў у выпадку небясьпекі.

Дай Бог, каб так і было.

Але трывога, мне падаецца, застаецца. А некаторыя былыя і цяперашнія супрацоўнікі спэцорганаў заяўляюць: імавернасьць нападу тэрарыстаў высокая. Францыя для іх прывабная краіна. І, вядома, гэта вялікая спакуса для «Ісламскай дзяржавы» — учыніць напад на важныя аб’екты інфраструктуры.

Мне б хацелася, каб ніякіх эксцэсаў на футбольным чэмпіянаце не было. І каб там усё прайшло добра.

Учора, праўда, футбольныя фанаты зладзілі беспарадкі ў Марсэлі. Там пабіліся мясцовыя жыхары з ангельскімі заўзятарамі. І паліцыя вымушана была ўжыць сьлезацечны газ. Паводле папярэдніх дадзеных, бойка пачалася пасьля таго, як адзін з брытанскіх фанатаў напаў на мясцовага жыхара каля бара. Біліся больш за 200 чалавек.

Нібыта, страшнаваты пачатак. Але хачу падкрэсьліць — гэта былі фанаты з Брытаніі. З той самай Брытаніі, чые заўзятары ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў лічацца самымі агрэсіўнымі па ўсёй Эўропе. Можа, на шчасьце, фанаты зь іншых краін ня будуць браць зь іх прыклад.

XS
SM
MD
LG