Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд Украіны можа адмяніць закон аб люстрацыі


Актывісты пікетуюць будынак Канстытуцыйнага судe ў Кіеве, 10 чэрвеня 2016 году.
Актывісты пікетуюць будынак Канстытуцыйнага судe ў Кіеве, 10 чэрвеня 2016 году.

Многія ўкраінскія СМІ, спасылаючыся на ананімныя крыніцы, сьцьвярджаюць, што папярэдне суд фактычна прызнаў люстрацыю незаконнай.

Дзясяткі актывістаў пікетуюць ў пятніцу будынак Канстытуцыйнага суду (КС) у Кіеве, пратэстуючы супраць магчымай адмены асноўных артыкулаў закону «Аб ачышчэньні ўлады» (аб люстрацыі). Многія ўкраінскія СМІ, спасылаючыся на ананімныя крыніцы, сьцьвярджаюць, што папярэдне КС фактычна прызнаў люстрацыю незаконнай. Гэта справа разглядаецца судом амаль год замест прадугледжаных трох месяцаў, і 10 чэрвеня КС у закрытым рэжыме прымае канчатковае рашэньне.

Як заявіў кіраўнік парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях прадухіленьня і процідзеяньня карупцыі Ягор Собалеў, «прызнаньне КС люстрацыі незаконнай будзе азначаць, што найбліжэйшае асяродзьдзе зьбеглага экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча зможа зноў займаць пасады ва ўрадзе і адміністрацыі прэзыдэнта, у свае крэслы вернуцца сотні пракурораў, кіраўнікоў падатковай міліцыі, якія былі вымушаныя раней сысьці з гэтых пасад у выніку закону „Аб ачышчэньні ўлады“. Відавочна, што ні дзейны прэзыдэнт, ні прадстаўнікі былой улады ўжо не баяцца ўкраінскага грамадзтва. Калі цяпер яны закрыюць для грамадзтва законны спосаб ачышчэньня ўлады, то ў нас застанецца толькі права на паўстаньне. І яны, у гэтым выпадку, будуць штурхаць Украіну да новага кровапраліцьця ».

Прыняцьця рашэньня Канстытуцыйным судом па люстрацыі дамагаюцца, у прыватнасьці, экс-паплечнікі Януковіча, лідэры «Апазыцыйнага блёку» — Сяргей Лёвачкін і Юрый Бойка. Ягор Собалеў не выключае, што адмова ад люстрацыі «будзе платай „Апазыцыйнаму блёку“ за падтрымку 2 чэрвеня яго дэпутатамі ў Вярхоўнай Радзе прапанаваных кіраўніком дзяржавы Пятром Парашэнкам зьменаў у Канстытуцыю адносна судзьдзяў і пракуратуры з адвакатамі».

Магчымую адмену КС ключавых артыкулаў закону аб люстрацыі Радыё Свабода пракамэнтаваў дырэктар кіеўскага Інстытуту аналізу і мэнэджмэнту палітыкі Руслан Бортнік:

«Калі гэта рашэньне будзе прынятае, то, безумоўна, яно ударыць, перш за ўсё, па Пятру Парашэнку, які паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў займае ўжо ня першае, а трэцяе або нават чацьвёртае месца ў рэйтынгу папулярнасьці ўкраінскіх палітыкаў. Фактычная адмена люстрацыі скароціць колькасьць прыхільнікаў прэзыдэнта ў патрыятычных колах. Такі магчымы вэрдыкт КС варта разглядаць у кантэксьце дамоўленасьцей цяперашніх і ранейшых уладаў, зьняволеных да зацьвярджэньня ў парлямэнце новага ўраду і новага Генэральнага пракурора. Пасьля адмовы ад люстрацыі варта чакаць узмацненьня жорсткасьці супрацьстаяньня ў Вярхоўнай Радзе паміж прэзыдэнцкай фракцыяй, з аднаго боку, і з другога — фракцыямі „Бацькаўшчына“ Юліі Цімашэнкі, „Самадапамога“ мэра Львова Андрэя Садовага і Радыкальнай партыі Алега Ляшко».

Закон «Аб ачышчэньні ўлады» быў прыняты Вярхоўнай Радай Украіны 16 верасьня 2014 году з «мэтай аднаўленьня даверу да ўлады і стварэньня ўмоў для пабудовы новай сыстэмы органаў улады ў адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі». 9 кастрычніка таго ж году ён быў падпісаны прэзыдэнтам Парашэнкам і праз тыдзень ўступіў у сілу. Закон абмяжоўвае права для высокапастаўленых чыноўнікаў часоў прэзыдэнта Віктара Януковіча займаць пасады ў органах дзяржаўнай улады на 5-10 гадоў. 20 студзеня 2015 году 47 дэпутатаў Вярхоўнай Рады падалі ў Канстытуцыйны Суд заяву аб праверцы закону на адпаведнасьць Канстытуцыі. Як паведаміла кіраўнік дэпартамэнту ў пытаньнях люстрацыі Міністэрства юстыцыі Ўкраіны Тацяна Казачэнка, пад дзеяньне закону «Аб ачышчэньні ўлады» за паўтара году з 5 тысяч патрапіла ўсяго толькі 940 чыноўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG