Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы едуць на гей-прайды ў Кіеў і Вільню


12 чэрвеня ў Кіеве адбудзецца гей-прайд, вакол якога ўжо больш як месяц кіпяць жарсьці.

Радыкалы пагражаюць не дапусьціць правядзеньня прайду. У канцы траўня кіраўнік прэсавай службы «Правага сэктару» Арцём Скарападзкі паабяцаў, што актывісты Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, прадстаўнікі іншых правых рухаў, што выступаюць супраць «садомскага граху», не дапусьцяць правядзеньня ў Кіеве гей-прайду і зладзяць там «крывавую кашу».

Гей-прайд у Кіеве 18 траўня 2013 году
Гей-прайд у Кіеве 18 траўня 2013 году

8 чэрвеня на некаторых расейскіх сайтах зьявілася інфармацыя, быццам бы кіеўскія паліцыянты заявілі, што адмаўляюцца «выконваць злачынныя загады кіраўніцтва і абараняць гей-прайд»:

«Пазыцыя кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі адносна гей-прайду зьяўляецца перадузятай... Мы, супрацоўнікі Нацыянальнай паліцыі, адмаўляемся выконваць злачынныя загады кіраўніцтва — біць патрыётаў, якія будуць процідзейнічаць гей-прайду», — гаворыцца ў заяве паліцыянтаў.

Кіеў, 6 чэрвеня 2015 году. Паліцыя затрымлівае людзей, якія атакавалі ўдзельнікаў гей-прайду
Кіеў, 6 чэрвеня 2015 году. Паліцыя затрымлівае людзей, якія атакавалі ўдзельнікаў гей-прайду

Адзін з арганізатараў шэсьця ў Кіеве Зоран Кісь абвяргае гэтую інфармацыю і кажа, што падрыхтоўка да гей-прайду ідзе поўным ходам:

«Ужо ёсьць інфармацыйныя „ўкіды“, правакацыі. У тым ліку — адмова паліцыянтаў ахоўваць марш. Цікава, што гэтая інфармацыя распаўсюджваецца праз расейскія і прарасейскія інфармацыйныя рэсурсы ва Ўкраіне і ў Расеі. Так, была заява трох чалавек, якія ў мінулым служылі ў добраахвотных падразьдзяленьнях, якія былі ўключаныя ў структуру МУС, але іх складана назваць паліцыянтамі. І мы нават ведаем, хто стаіць за гэтай правакацыяй.

Гей-прайд у Кіеве, 10 лістапада 2015 году
Гей-прайд у Кіеве, 10 лістапада 2015 году

Нацпаліцыя пацьвердзіла, што гатовая забясьпечыць бясьпеку. І гаворка ідзе не пра абарону, не пра ахову ЛГБТ, а менавіта пра абавязак паліцыі забясьпечваць права грамадзян на мірныя сходы. У нас вельмі добрае, канструктыўнае супрацоўніцтва з паліцыяй, нам абяцаюць беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі. 6,5 тысяч праваахоўнікаў будуць ахоўваць марш. Зь іх 1,5 тысячы — гэта Нацыянальная гвардыя, новая патрульная паліцыя таксама будзе прыцягнута. Такога ніколі не было. Летась праваахоўнікаў было каля 2 тысяч. Удзельнікаў таксама будзе шмат — мы чакаем больш за 1 тысячу. Гэта ў 4 разы больш, чым летась.

Канечне, нельга цалкам выключыць імавернасьць правакацыяў, сутычак, таму столькі будзе паліцыі. Але на тэрыторыю можна будзе трапіць толькі праз мэталашукальнікі, захады бясьпекі будуць.

Гей-прайд 10 лістапада 2015 году ў Кіеве
Гей-прайд 10 лістапада 2015 году ў Кіеве

Што да гасьцей: ужо прыехала вялікая дэлегацыя зь Мюнхэну, у тым ліку і намесьнік мэра. Абяцае прыехаць спэцыяльны пасланьнік ЗША па правах ЛГБТ-супольнасьці Рэндзі Бэры. Будзе некалькі дэпутатаў Эўрапарлямэнту, у прыватнасьці Рэбэка Хармс, Софі інт Вэльд з Галяндыі. Прадстаўнікі дыпмісіяў, акрэдытаваных ва Ўкраіне, таксама гатовыя наведаць мерапрыемства. 5 дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны пацьвердзілі свой удзел у маршы».

У Беларусі апошнія спробы правесьці гей-прайды былі ў 2010 годзе, калі АМАП жорстка разагнаў і зьбіў дэманстрантаў на сталічнай вуліцы Сурганава, і ў 2011 годзе, калі 10 чалавек зь вясёлкавымі сьцягамі сабраліся на ўскраіне горада, у Шабанах. Таму беларусы езьдзяць на гей-прайды ў суседнія краіны — Польшчу, Літву, Украіну.

Праваабаронца Натальля Манькоўская распавяла:

Натальля Манькоўская
Натальля Манькоўская

«Што тычыцца ўдзелу беларусаў, у прыватным парадку некаторыя актывісты едуць у Кіеў, а так, каб арганізавана, то не.

Калі параўноўваць заканадаўства, стаўленьне да ЛГБТ-супольнасьці ва Ўкраіне і ў Беларусі, то ва Ўкраіне лепш са свабодай мірных сходаў, там няма такіх драконаўскіх законаў, як у Беларусі, дзе чалавека нават за адзіночны пікет без дазволу ўладаў могуць аштрафаваць ці нават пасадзіць на суткі. У Беларусі, каб выказаць сваё меркаваньне і выйсьці з плякатам нават на адзіночны пікет, трэба за 2 тыдні прасіць дазволу ва ўладаў, заключаць дамову зь міліцыяй, з хуткай дапамогай, камунальнікамі. То бок беларускае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах абсалютна не адпавядае сучасным міжнародным нормам, гэта адзначала і Вэнэцыянская камісія. Я ўжо не кажу пра тое, што калі выйсьці без дазволу, то высокая рызыка міліцэйскага гвалту. Так было ў 2010 годзе, калі была спроба правесьці прайд — людзей проста разагналі і жорстка зьбілі.

Гей-прайд 25 траўня 2013 году ў Кіеве
Гей-прайд 25 траўня 2013 году ў Кіеве

У Кіеве, вядома, сытуацыя іншая, заканадаўчых абмежаваньняў няма. Але там ёсьць вялікая небясьпека гвалтоўных атак з боку контраманіфэстантаў альбо проста хуліганаў. У мінулым годзе ад хуліганаў моцна пацярпеў паліцыянт, які ледзь не памёр: у яго кінулі гранату, і аскепак трапіў у артэрыю. Таму ў Кіеве цяпер ёсьць вялікая рызыка гвалту, і паліцыя вельмі патрэбная. Яе праца там вельмі важная і павінна быць арганізаваная на высокім узроўні.

Калі падсумаваць, то са свабодай мірных сходаў ва Ўкраіне нашмат лепш, але ёсьць рызыка гвалтоўных дзеяньняў з боку радыкальна настроеных груповак. А што тычыцца стаўленьня грамадзтва да ЛГБТ-супольнасьці, то ніхто гэтага не вымяраў, ніякіх рэпрэзэнтатыўных сацыялягічных дасьледаваньняў не праводзілася ні ў Беларусі, ні ва Ўкраіне».

Едуць у Кіеў і прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускага Хэльсынскага камітэту — у якасьці назіральнікаў, распавяла праваабаронца Наста Лойка.

Наста Лойка
Наста Лойка

«Ва Ўкраіне ёсьць ініцыятыва па грамадзкім назіраньні OZON, мы разам зь імі працавалі ў 2014 годзе на Майдане. На гей-прайдзе ў Кіеве таксама будзем працаваць разам.

Ведаю таксама, што беларусы зьбіраюцца браць удзел у Baltic Pride 2016, што адбудзецца ў Вільні з 16 па 22 чэрвеня. А 18 чэрвеня па праспэкце Гедыміна пройдзе Марш роўнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG