Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцаў Салашэнка і Афанасьева могуць абмяняць на двух расейцаў


Акцыя пад амбасадай Расеі ў Кіеве ў падтрымку Генадзя Афанасьева і іншых зьняволеных, 8 траўня 2016 году

Акцыя пад амбасадай Расеі ў Кіеве ў падтрымку Генадзя Афанасьева і іншых зьняволеных, 8 траўня 2016 году

Украінцаў Юрыя Салашэнку і Генадзя Афанасьева Крэмль прапануе абмяняць на двух расейцаў — фігурантаў адэскай «справы 2 траўня».

Як заяўляюць у Кіеве, Салашэнка і Афанасьеў могуць быць экстрадаваныя ва Ўкраіну альбо на падставе канвэнцыі аб перадачы асуджаных асобаў, альбо ў рамках дыпляматычных перамоваў.

Міністар юстыцыі Павал Пятрэнка 9 чэрвеня паведаміў журналістам: «Цяпер ідуць два паралельныя працэсы: дыпляматычны і юрыдычны. Што тычыцца апошняга, то ўсе дакумэнты падрыхтаваныя і цяпер знаходзяцца ў РФ для прыняцьця рашэньня на падставе Канвэнцыі аб выдачы асуджаных». Міністар ня выключыў, што абодвух украінцаў могуць вярнуць на радзіму такім жа чынам, як вярнулі Надзею Саўчанку.

Тым часам кум расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, лідэр руху «Ўкраінскі выбар» Віктар Медвядчук, які браў удзел у перамовах па абмене ўкраінскай лётчыцы на расейскіх вайскоўцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева, у інтэрвію «Камсамольскай праўдзе ва Ўкраіне» заявіў, што Юрыя Салашэнку і Генадзя Афанасьева неўзабаве абмяняюць на двух фігурантаў справы аб трагічных падзеях у Адэсе 2 траўня 2014 году.

У выніку сутыкненьняў у цэнтры горада і пажару ў Доме прафсаюзаў тады загінулі 48 чалавек, больш за 200 атрымалі раненьні. Расьсьледаваньне гэтай справы да гэтага часу не завершанае.

Як расказала Радыё Свабода каардынатарка грамадзкай камісіі «Група 2 траўня» Тацяна Герасімава, відавочна, гаворка ідзе пра двух абвінавачаных у масавых беспарадках у Адэсе 2 траўня 2014 году — грамадзян Расеі Яўгенія Мяфедава і Максіма Сакауова, якія знаходзяцца пад вартай. «Іх выдача можа затармазіць сьледзтва.

Адзін з двух расейцаў падазраецца ў сур’ёзных правапарушэньнях на тэрыторыі Ўкраіны. З аднаго боку, добра б займець назад Афанасьева і Салашэнку, а зь іншага, — калі абвінавачанага па „справе 2 траўня“ адпусьцяць, то, магчыма, мы не даведаемся нейкія вельмі важныя рэчы пра тое, што адбывалася ў Адэсе больш за два гады таму. Калі сапраўды ёсьць такі намер абмяняць гэтых расейцаў на нашых палонных, то вельмі б хацелася, каб да гэтага моманту сьледчыя даведаліся ў іх як мага больш карыснай інфармацыі, у прыватнасьці, у Мяфедава пра яго ролю ў сэпаратысцкіх плынях на поўдні Ўкраіны, — кажа Тацяна Герасімава. — Ён не выпадкова апынуўся 2 траўня ў адэскім Доме прафсаюзаў. Гэты грамадзянін РФ удзельнічаў у Адэсе ў „маршах рускай вясны“, а ў Мікалаеве — у аўтапрабегу пад расейскімі сьцягамі з патрабаваньнем фэдэралізацыі Ўкраіны».

У канцы траўня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паведаміў, што «існуе папярэдняя дамоўленасьць» з кіраўніцтвам РФ аб вяртаньні Салашэнкі і Афанасьева, а кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства краіны Павал Клімкін заявіў, што вызваленьне гэтых двух украінцаў — пытаньне бліжэйшых тыдняў.

Як вядома, у Расеі Афанасьеву інкрымінавалі стварэньне на тэрыторыі Крыму тэрарыстычнай супольнасьці і прысудзілі ў 2015 годзе да сямігадовага зьняволеньня, а 73-гадовага Салашэнку ў РФ асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў шпіянажы.

XS
SM
MD
LG