Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фронтаўцы зьвінавацілі Мацьвіенку ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Прапанова старшыні Савету Фэдэрацыі Расеі Валянціны Мацьвіенкі ўвесьці агульную візу «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі — гэта ўмяшаньне ва ўнутраную палітыку Беларусі і спроба навязаць ёй «інтэграцыйныя» працэсы, у якіх зацікаўленая толькі Расея.

Такую заяву зрабілі намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў і сябра гэтай партыі Алесь Міхалевіч. Партыйцы напісалі ліст Валянціне Мацьвіенцы, у якім выклалі сваю пазыцыю адносна ейнай прапановы, агучанай падчас форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

Зварот да расейскай функцыянэркі Кастусёў і Міхалевіч падпісалі як былыя кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году і прадстаўнікі Партыі БНФ.

«Такога роду прапановы вядуць да поўнай страты незалежнасьці Беларусі. Усе інтэграцыйныя саюзы і аб’яднаньні, створаныя з ініцыятывы Расейскай Фэдэрацыі на постсавецкай прасторы, ужо прывялі да частковай страты незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі і зьніжэньня ўзроўню жыцьця яе насельніцтва», — лічыць Рыгор Кастусёў.

«Афіцыйных камэнтароў у сувязі з выказваньнем Мацьвіенкі ад прадстаўнікоў беларускай улады няма, і гэта зразумела: яны не наважацца пярэчыць расейскаму боку, бо залежаць ад яго фінансава. У іх на тое ня хопіць мужнасьці і сьмеласьці, — кажа палітык. — Тыя інтэграцыйныя праекты з Расеяй, якія ёсьць, не ідуць на карысьць Беларусі. Няма свабоднага перамяшчэньня тавараў, паслугаў, людзкіх рэсурсаў у межах гэтак званага Эўразійскага саюзу. Беларусь цярпіць страты. Пастаянна адбываюцца з Расеяй то „малочныя войны“, то „газавыя войны“. Наша заява — гэта спроба супрацьстаяць шкодным для Беларусі памкненьням з боку Расеі».

Кастусёў і Міхалевіч прапануюць старшыні Савету Фэдэрацыі Расеі зьмяніць падыходы да «пытаньняў наладжваньня ўзаемадачыненьняў», каб дачыненьні «выбудоўваліся на ўзаемавыгадным супрацоўніцтве з карысьцю для грамадзян абедзьвюх дзяржаў».

«У адваротным выпадку, калі ў вас адсутнічаюць прапановы і ідэі, якія спрыяюць выхаду эканомік дзьвюх дзяржаў з зацяжнога крызісу і павышэньню ўзроўню жыцьця насельніцтва, мы патрабуем ад вас спыніць усялякія выказваньні і прапановы па пытаньнях расейска-беларускай інтэграцыі», — пішуць Мацьвіенцы Рыгор Кастусёў і Алесь Міхалевіч.

На думку Кастусёва, іхны з Алесем Міхалевічам ліст пакажа, што ў Беларусі ёсьць палітычныя сілы, якія разглядаюць цяперашнюю інтэграцыю з Расеяй як шкодную для Беларусі.

Старшыня Савету Фэдэрацыі Расеі Валянціна Мацьвіенка заклікала паскорыць увядзеньне агульнай візы так званай саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі:

«Лічу, што нельга лішне зацягваць з рашэньнем гэтай задачы. Гэтае пытаньне знаходзіцца ў стадыі абмеркаваньня. Расея ўнесла такую прапанову».

Кіраўніца верхняй палаты расейскага парлямэнту адзначыла, што, на погляд Расеі, «увядзеньне агульнай візы стане вялізным стымулам для паглыбленьня ўсебаковай інтэграцыі Расеі і Беларусі, павелічэньня зьнешняга турпатоку ў абедзьве краіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG