Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«КіеўПрайд-2016»: права на бясьпеку


Леташні «Марш роўнасьці». Кіеў, 6.06.2015
Леташні «Марш роўнасьці». Кіеў, 6.06.2015

Права на бясьпеку — у цэнтры ўвагі сёлетняга міжнароднага ЛГБТ-форуму «КіеўПрайд», які прайшоў у ўкраінскай сталіцы.

Летась на завяршальную падзею мерапрыемства — праваабарончы «Марш роўнасьці» — напалі праціўнікі ЛГБТ-супольнасьці, з-за чаго каля дваццаці чалавек пацярпелі. Сёлета паліцыя абяцае ўлічыць выклікі і зрабіць усё для бясьпечнага правядзеньня мерапрыемства. Між тым, прадстаўнікі некаторых палітычных сілаў Украіны ўжо заявілі аб намеры «процідзейнічаць» правядзеньню маршу, а некаторыя зь іх нават папярэдзілі пра верагоднасьць «крывавай кашы».

Сёлета «КіеўПрайд» — гэта каля 15 розных мерапрыемстваў на працягу тыдня: гэта дыскусіі, кінапаказы, выставы і сэмінары, распавядае дырэктар форуму Ганна Шарыгіна.

«КіеўПрайд» — гэта таксама пляцоўка і магчымасьць, каб актывісты і актывісткі з розных сфэраў маглі сустрэцца з ЛГБТ-актывістамі і актывісткамі і высьветліць усе пытаньні адно да аднаго, якія яны маюць«, — кажа яна.

Завяршае тыдзень форуму «Марш роўнасьці» 12 чэрвеня. Сёлета яго анансуюць як публічнае, цалкам адкрытае мерапрыемства — у адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, калі для ўдзелу ў маршы трэба было папярэдне рэгістравацца — і прадстаўнікі мэдыяў, у прыватнасьці, якія хацелі яго асьвятляць, ня ведалі да апошняга моманту, дзе ён будзе праходзіць.

Рыхтавацца да маршу пачалі за паўгода, і цяпер можна казаць пра ўзаемаразуменьне паміж удзельнікамі і прадстаўнікамі ўлады для яго правядзеньня, адзначае прадстаўнік аргкамітэту Руслана Панухнік.

«Сярод людзей, якія пацьвердзілі свой удзел, былі тры дэпутаты Эўрапарлямэнту, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, такіх як InterPride і Amnesty international, таксама народныя дэпутаты — іх каля 20, таксама мы плянуем запрасіць дэпутатаў Кіеўскай рады», — кажа яна.

Мандат на гвалт

Кола людзей, якія публічна далучаюцца да падтрымкі такіх падзей, як «Марш роўнасьці», пашыраецца, кажа журналістка Ірына Славінская. Яна, сярод іншых, далучылася да кампаніі ў падтрымку «КіеўПрайд».

Гэтыя постэры можна ўбачыць, у прыватнасьці, у кіеўскім мэтро. Па словах арганізатараў форуму, у Харкаве ім адмовілі ў разьмяшчэньні такіх плякатаў у тамтэйшай падземцы.

«Мне здаецца, што ў цэлым ва Ўкраіне вельмі важна абараняць права на мірныя пратэсты і мітынгі. У прынцыпе, за ўсё гэта мы змагаліся на Майдане ў 2013 годзе, калі студэнтаў 30 лістапада разагналі з аргумэнтам, што на плошчы трэба ставіць ёлку. Але мне здаецца, ніхто ня мае мандату на такі гвалт», — заўважае Ірына Славінская.

Узровень гамафобіі ва Ўкраіне і самога разуменьня праблемы грамадзянскай роўнасьці досыць далёкі ад прымальнага, хоць сёлета ёсьць усе шанцы, што «Марш роўнасьці» будзе бясьпечным, кажа Максім Эрыставі, сузаснавальнік Hromadske International і ЛГБТ-адвакат. Паводле яго слоў, гэтаму спрыяла актывізацыя дыскусіі аб становішчы ЛГБТ-людзей у грамадзтве.

«На жаль, ва Ўкраіне да гэтага часу амаль няма адкрытых ЛГБТ-людзей. Відавочна, многія баяцца, што дзяржава ня здольная абараніць іх хоць бы ад гвалту — няма спэцыяльнага закону, і няма на самай справе нейкай падтрымкі з боку праваахоўнікаў, калі такія напады адбываюцца. Таму большасьць людзей ня ведае нікога з ЛГБТ і лічыць, што гэта надуманая праблема», — кажа Эрыставі.

Гэтае мерапрыемства выкарыстоўваецца для расхістваньня сытуацыі ў краіне — сьпікер «Правага сэктару»

Напярэдадні ў фэйсбуку зьявілася выказваньне прадстаўніка «Правага сэктару» Арцёма Скарападзкага, што «12 чэрвеня ў Кіеве будзе крывавая каша». Гэтак Скарападзкі рэзюмуе працытаваную ім у пасьце заяву іншай арганізацыі — «Добраахвотніцкага руху АУН», які ўзначальвае Мікалай Каханоўскі. Пазьней і сам сьпікер, і некаторыя іншыя прадстаўнікі арганізацыі казалі, што гэта была не пагроза, а выснова, заснаваная на досьведзе правядзеньня «Маршаў роўнасьці» ў папярэднія гады.

Разам з тым яшчэ адзін прадстаўнік «Правага сэктару» Аляксей Бык у камэнтары Радыё Свабода заявіў, што арганізацыя плянуе контрзахады, аднак удакладніць, якія менавіта, адмовіўся.

«У той час, калі ў краіне вайна працягваецца, гэтая мера выкарыстоўваецца для адцягненьня ўвагі ад надзённых праблемаў і для расхістваньня сытуацыі ўнутры краіны, — лічыць Бык. — Таму „Правы сэктар“, як і іншыя нашы пабрацімскія арганізацыі, будзе процідзейнічаць правядзеньню гей-параду ўсімі магчымымі і даступнымі нам спосабамі».

Таксама на сайце Кіеўскай рады зьяўляецца пэтыцыя з патрабаваньнем забараніць марш, якая набрала 11 500 подпісаў з 10 000 неабходных для таго, каб іх патрабаваньні Кіеўская рада разглядзела на пасяджэньні.

Між тым, у прэс-службе Кіеўскай гарадзкой рады Радыё Свабода патлумачылі, што перад тым, як выносіць пытаньне на абмеркаваньне ў радзе, яго ўзгадняюць ў камісіях, чаго пакуль зроблена не было.

Ахоўваць парадак на «Маршы роўнасьці» будуць 6500 паліцыянтаў

Праваахоўнікі настроены рашуча абараняць «Марш роўнасьці». Пра гэта напярэдадні заявіла старшыня Нацпаліцыі Хація Дэканаідзэ.

Па словах прадстаўніка галоўнага ўпраўленьня ведамства Ігара Бойкі, аховай парадку падчас «Марша роўнасьці» будзе займацца 6500 паліцэйскіх. «Мы рыхтаваліся і гатовыя забясьпечваць грамадзкую бясьпеку. Марш пройдзе», — запэўнівае Бойка.

Раней у сацсетках зьяўляліся паведамленьні аб тым, што частка супрацоўнікаў супраць таго, каб абараняць «Марш роўнасьці», але Бойка гэта адмаўляе і называе правакацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG