Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка-Пуцін: кожны пры сваіх


Так можна падвесьці вынік чарговага саміту лідэраў Беларусі і Расеі, які быў прымеркаваны да Трэцяга форуму рэгіёнаў РБ і РФ.

Можна было меркаваць, што форум павінен быў адыгрываць ролю пераканаўчай масоўкі, гэткага Ўсебеларуска-расейскага народнага сходу, сабору лепшых людзей дзьвюх краін, перад якім ўладары прамаўляюць сваё важкае слова.

За тое, што слова будзе менавіта такім, казала многае: і той факт, што Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін зусім нядаўна сустракаліся на саміце Эўразійскага саюзу ў Астане (для хуткай новай сустрэчы павінныя былі быць, мабыць, сур’ёзныя падставы), і тое, што спачатку Пуцін, а потым і Лукашэнка паскардзіліся, што ня сьпяць начамі, а Лукашэнка — дык і перад форумам, ну і самы форум, а не шараговае пасяджэньне Вышэйшага савету саюзу РБ і РФ, прадугледжваў нейкае лёсавызначальнае urbi et orbi. Але неяк нічога такога лёсавызначальнага не прагучала ані з трыбуны, ані, наколькі можна меркаваць, падчас асабістай сустрэчы двух кіраўнікоў.

Адно з самых вострых пытаньняў у двухбаковых адносінах — пытаньне цаны на газ — падчас саміту вырашанае не было, хоць яго абмеркаваньне і анансавалася. Як паведамляецца, па выніках перамоваў прэзыдэнты прынцыпова дыстанцыяваліся ад гэтай праблемы, даручыўшы вырашаць яе чыноўнікам.

Аднак працягласьць канфлікту і ўпартасьць бакоў сьведчылі хутчэй пра тое, што праблема можа быць вырашана менавіта на палітычным, гэта значыць на самым вышэйшым, узроўні. Цяпер кіраўнікі дзяржаў вярнулі яе на той узровень, дзе палітычна яна ня можа быць вырашана ў прынцыпе, іншымі словамі, выказалі гатоўнасьць яшчэ некаторы час пакідаць канфлікт нявырашаным. Магчыма, гэта рашэньне было і мудрым, толькі яго ніяк нельга аднесьці да посьпехаў саміту. У сваіх выступах Лукашэнка і Пуцін абмяняліся ня вельмі замаскіраванымі шпількамі.

Пуцін паабяцаў пашырыць доступ беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на расейскі рынак, але пры гэтым крыху мэлянхалічна адзначыў, што беларусам варта было б нарошчваць экспарт у Расею менавіта свайго харчаваньня, а не прапускаць транзытам падсанкцыйныя харчы з краінаў ЭЗ і Турэччыны. І нават трошкі прыгразіў, сказаўшы, што калі Беларусь будзе прапускаць падсанкцыйную прадукцыю, «беларускім вытворцам будзе складаней асвойваць расійскі рынак».

Дарэчы, у дзень гэтага сьвята беларуска-расейскага адзінства расейская мытня затрымала чарговую буйную партыю польскіх яблыкаў, якую беларускія саюзьнікі спрабавалі завезьці ў РФ.

Няцяжка здагадацца, каму была адрасавана гэтая шпілька Пуціна. Ён у курсе, як уладкаваная беларуская эканамічная мадэль, у курсе, што прадметам гонару яе архітэктараў зьяўляецца менавіта яе поўная кантраляванасьць. У тым ліку і такіх далікатных зьдзелак, як транзыт падсанкцыйных тавараў. Аднак і гасьцінны гаспадар не застаўся ў даўгу. Яшчэ на нядаўнім саміце Эўразійскага саюзу Лукашэнка рэзка крытыкаваў абмежаваньні і гандлёвыя бар’еры, якія захоўваюцца ў рамках саюзу. У Менску ён працягнуў гэта няўдзячны занятак. Няўдзячны таму, што, як паказаў і саміт Эўразійскага саюзу ў Астане, і цяперашняя сустрэча Масква зусім не сьпяшаецца адмяняць тыя самыя абмежаваньні і бар’еры.

Зрэшты, гэта крытыка нацэленая хутчэй на атрыманьне псыхалягічных бонусаў. Патрабуючы роўнасьці і адмены абмежаваньняў і бар’ераў, беларускі лідэр апэлюе да ідэалу, да прынцыпу эканамічнага саюзу. Так што той жа Пуцін ня можа сказаць — ня будзем адмяняць абмежаваньні, нам гэта нявыгадна. Нявыгадна, тады навошта стваралі саюз? Але, зрэшты, можаце і не адмяняць, але раз вы такія далёкія ад ідэалу, то і мы дазволім сабе ня быць ідэальнымі, — мае на ўвазе Лукашэнка.

Зрэшты, гэтыя ўзаемныя шпількі суправаджаліся і ўзьнёслай рыторыкай. Лукашэнка, зусім у стылі савецкай «Правды», казаў пра «патугі нядобразычліўцаў, якія спрабуюць убіць клін у адносіны Беларусі і Расеі». Вось ня спроба, вось не сапсаваць — а менавіта «патугі» і «убіць клін». У лепшых традыцыях.

Патугі, вядома, надзвычай шкодныя, але якое дачыненьне яны маюць, скажам, да цяперашняга газавага канфлікту? Або да транзыту падсанкцыйных тавараў? Ёсьць падазрэньне, што нядобразычліўцы тут ні пры чым. Але расейскім калегам знаёмую рыторыку слухаць прыемна, у адной школе ж вучыліся.

Паводле афіцыйных паведамленьняў тэма вайсковага супрацоўніцтва ў час перамоваў не закраналася. Зрэшты, напярэдадні саміту беларускі прэзыдэнт своеасабліва выказаўся і па ёй, пракамэнтаваўшы як канцэнтрацыю кантынгентаў сілаў НАТО ў Польшчы і краінах Балтыі, так і разьмяшчэньне ля ўсходняй мяжы Беларусі брыгадаў узброеных сіл РФ. Ён нагадаў, што існуе сумесная групоўка ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі.

«І ў аснове гэтай групоўкі — часткі беларускай арміі. У выпадку канфлікту яны першымі ўступаюць у бой і на працягу кароткага часу сюды падцягваюцца часткі, засяроджаныя на захадзе Расейскай Фэдэрацыі», — патлумачыў Лукашэнка. На першы погляд — паўтарэньне рыторыкі дзесяцігадовай даўніны, калі гаварылася, што калі на Маскву пойдуць танкі НАТО, беларусы будуць класьціся пад іх. Тагачасная формула была проста паўтораная, але зь невялікім удакладненьнем: у выпадку ўварваньня гэтых самых натаўскіх танкаў класьціся пад іх будуць па чарзе — спачатку беларусы, потым расейцы. Іншымі словамі, да зьяўленьня тых танкаў (даволі гіпатэтычнага) расейскіх войскаў у Беларусі ня будзе.

Гэта прыкметна кантрастуе з пазыцыяй краінаў Балтыі і Польшчы, якія дамагаюцца, каб кантынгенты найбольш магутных ў вайсковым сэнсе краінаў НАТО прысутнічалі на іх тэрыторыі ўжо зараз, калі расейскія танкі пакуль не прыйшлі. У афіцыйнага Менску іншы падыход. Ці згодная з такім падыходам Масква? Гэтага сьцьвярджаць нельга, але ніякіх новых ініцыятыў у вайсковай сфэры падчас сустрэчы ў вярхах у Менску агучана не было.

Падводзячы вынікі, варта сказаць, што саміт у Менску не прывёў да якіх-небудзь сур’ёзных палітычных рашэньняў. Яго вынікам ня стала і рэзкае пагаршэньне адносінаў, іх разрыў, зьмена Беларусьсю геапалітычных прыярытэтаў. Бакі зафіксавалі канфліктныя пытаньні, абмяняліся па іх думкамі, што само па сабе заўсёды карысна. Але ня больш за тое. Зараз, трэба думаць, Лукашэнка і Пуцін спакойна пасьпяць. Кожны пры сваіх.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG