Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагрэс не стаіць на месцы, шпіёнскія прылады рашуча крочаць у жыцьцё людзей, далёкіх ад заняткаў агента 007. У інтэрнэце ёсьць ролік з прыладамі, якімі карыстаўся Джэймс Бонд у розныя гады і якія зрабіліся з часам прадметамі звычайнага карыстаньня.

Газавы пісталет? Газавы балёнік? Электрашокер? У ранейшыя часы адназначна шпіёнскія прылады, сёньня могуць быць рэчамі з жаночай сумачкі. Памятаецца, як ў 1990-х пачалося павальнае захапленьне такімі пісталетамі. Бізнэсоўцы, юрысты, рэкеціры стараліся мець іх у кішэні. Ясна: афіцыйна патрэбны быў інструктаж, дазвол, але ці кожны такі «ствол» трапіў на абавязковы ўлік? Невядома.

Днямі ў Менску арыштавалі чалавека, які хацеў прадаць наручны гадзіньнік і бірульку зь міні-відэакамэрай. Дамовіліся аб «кантрольнай закупцы» па звычайнай абвестцы. Узялі чалавека і – дахаты: паказвай, што яшчэ маеш. А там асадкі, акуляры сонечныя, нейкая драбяза, і ў кожным разе з відэакамэрай. Сродкі для сакрэтнага збору інфармацыі! Крымінальная справа, выбачайце грамадзянін.

Што ж, напэўна людзі з пагонамі задаволены. Канечне, гэта не шпіёна засьпець на гарачым, але таксама можна пасадзіць. За апошні час у Расеі былі выпадкі: за асадку альбо за гузік з відэакамэрай судзілі. А мы з Расеяй — адна дзяржава, «саюзная».

З другога боку, адкуль такія цацкі да нас могуць трапляць? Адтуль напэўна, дзе народу 140 мільёнаў і можа, натуральна, існаваць попыт. А значыць — і шырокі інтэрнэт-гандаль. Прагугліце, пераканаецеся самі. Заўважце: не для шпіёнаў, ім павінны выдаваць патрэбныя прылады бясплатна, а — для звычайнага пакупніка. Зь ім і размова адпаведная — заходзім і чытаем — «Канечне ж, усім хацелася б мець у сваім хатнім арсэнале шпіёнскія штучкі». Чаму? Таму што цікава. Раз. Другое — тлумачаць вам — «у кожнага ў жыцьці ўзьнікае сытуацыя, калі неабходна прасачыць за кімсьці, падслухаць кагосьці, запісаць перадаваную па каналах сувязі інфармацыю — адным словам, шпіёніць». Слова шпіёніць, між іншым, напісана без двукосься. Магчыма — празь непісьменнасьць прадаўцоў, яны й коскі не заўсёды ставяць. З другога боку, усё ўспрымаецца як гульня, як успрымалася ў школьныя гады. І ўрэшце паняцьце «шпіёніць» страціла былую небясьпеку, жахлівы сэнс, перастала выклікаць дрыжыкі, стала словам з «хатняга ўжытку».

Пытаньне: ці ўзьнікала ў вас такая патрэба — «пашпіёніць»? Прасачыць, падслухаць? У мяне — не. Але ў расейскага пакупніка, як можна меркаваць, такое здараецца. Прадаўцы прызнаюцца, што разьлічваюць на людзей, якія вядуць «актыўную жыцьцёвую дзейнасьць», якім важная ўласная бясьпека. Хаця «шпіёнскія штучкі» прыдадуцца і звычайным людзям, тлумачаць магчымым пакупнікам.

Дык у якіх сытуацыях дапамогуць расейскаму пакупніку такія «штучкі»? Напрыклад, калі відэа- альбо аўдыёзапіс можа стаць доказам вашай невінаватасьці ў сытуацыі, калі па-іншаму вы даказаць нічога ня зможаце. Лёгіка ёсьць? Спрачацца ня будзеш. Дапусьцім, запіс з аўтамабільнага відэарэгістратара. Ці зьяўляецца гэты прыбор шпіёнскім? Але ня будзем паглыбляцца ў тэму. Узгадаем толькі адзін з тавараў, якія прапануюцца, гэта — «дэтэктар жучкоў», які, дарагія пакупнікі, дапаможа вам спраўдзіць кватэру, машыну, офіс… Штучка нібы «шпіёнская», але прызначана супрацьдзейнічаць шпіянажу, праўда? Аднак пытаньне: каб яе нехта прадаваў па абвестцы ў нас, то што б яго магло чакаць?

Напісаў я гэта і адчуў, што апынуўся на хісткай глебе. У нашым разуменьні шпіёніць — гэта калі спрабуюць нейкія дзяржаўныя сакрэты цішком выкрасьці. Вайсковыя, эканамічныя, палітычныя, дыпляматычныя. Сфатаграфаваць плян «Барбароса», як нейкі Шцірліц, альбо схему атамнай бомбы ў разрэзе, як людзі, што працавалі на Берыю. Ці ўзгадаць палкоўніка Пянькоўскага, які перафатаграфаваў схему разьмяшчэньня шахтаў з савецкімі балістычнымі ракетамі. Шпіён? Адназначна. Нават калі карыстаўся звычайным фотаапаратам, набытым у савецкай краме.

А вось калі нехта, умоўна кажучы, з дапамогай гузіка ці акуляраў зафіксуе, як у краме мяняюць цэньнікі на пратэрмінаваных прадуктах, ніякім шпіянажам не запахне. Але прадаўца гузіка могуць, між тым, пасадзіць. Як затрыманага днямі сталічнага жыхара. І што вы пра гэта думаеце? Дапусьцім, у яго быў у шуфлядзе гузік зь відэакамэрай, але сакрэтаў дзяржаўных намеру красьці ня меў, кантактаў абавязкова з пакупнікамі-шпіёнамі не шукаў, да «здрады радзімы» нікога не схіляў. Але справа можа быць крымінальнай! Хіба не абсурд?

Чалавек зь незвычайнымі акулярамі — шпіён? Ці аматар гульні ў шпіёнаў, які не дагуляў ў дзяцінстве? Урэшце, калі ў нас заводзяць добра хоць нячастыя «шпіёнскія справы», што мы ведаем рэальна аб іх? Нічога. Ці сапраўды нехта з дапамогай гузіка зафатаграфаваў нешта канкрэтнае па заданьні агента 007, ці яму проста падабаюцца ўсякія «шпіёнскія штучкі»? Ніякай інфармацыі.

Усім вядома, што ў любым сучасным тэлефоне і відэакамэра, і фотаапарат, і дыктафон. Нават калі яны вам, скажам, асабліва не патрэбныя. Але, як можна дапусьціць, за каршэнь схапіць могуць! Бо — «шпіёнская штучка», непрыкметна можна рабіць запіс. Прынамсі не афішуючы. Значыць, калі раптам «спусьцяць плян», як у часы Яжова і Берыі, то «шпіёнскіх» спраў можна накляпаць сёньня колькі заўгодна? У пецярых акуляры знойдуць, у дзесяці гузікі, у ста — бірулькі, а ў тысяч айфон абавязкова «для незаконнага збору інфармацыі». Якой інфармацыі? Гэта будзе няважна, калі трэба будзе выконваць і перавыконваць плян.

Між іншым, здымкі «схаванай камэрай» сёньня — рэч вельмі распаўсюджаная. Асабліва на тэлебачаньні. Ці не прыцягвае «органы» такі від незаконнага збору інфармацыі?

І такі прыклад: пры дапамозе сацыяльных сетак у адкрытым доступе сабраная фота- і відэаінфармацыя, якая дазваляе зь вялікай ступеньню верагоднасьці засьведчыць — хто зьбіў над Данбасам пасажырскі самалёт. Каго ў гэтым разе перасьледаваць: тых, хто высьветліў, хто сваімі здымкамі дапамог? Ці вінаватых у ваенным злачынстве? Баюся, што першых маглі б назваць «зборшчыкамі сакрэтнай інфармацыі», значыць — вінаватымі.

Апошняя навіна: вядомая Sony запатэнтавала лінзы для вачэй, з дапамогай якіх можна рабіць відэа і здымкі. Паміргаў вокам — камэра ўключылася, паміргаў зноў — выключылася. Вызначаць каманды будзе датчык: наўмысна ты міргнуў ці міжволі атрымалася. Дарэчы, прадугледжана і перадача інфармацыі з дапамогай модуля бездратовай сувязі.

Якая спакуса паявіцца для аматараў гульні ў шпіёнаў! Пытаньне: што будуць рабіць нашы Пінкертоны? Ці пасьпяваць за часам? Ці — дзейнічаць з учорашняга часу, «строга, але справядліва»?

XS
SM
MD
LG