Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ не зьвярталася да беларускіх праваахоўнікаў з нагоды візыту Мільчакова ў Беларусь


Аляксей Мільчакоў

Аляксей Мільчакоў

Служба бясьпекі Ўкраіны не расьсьледуе крымінальных спраў у дачыненьні да камандзіра атрада расейскіх нацыяналістаў «Русіч» Аляксея Мільчакова.

Пра гэта гаворыцца ў адказе СБУ на запыт Радыё Свабода.

Раней стала вядома, што напрыканцы траўня расейскі нацыст Аляксей Мільчакоў прыяжджаў у Віцебскую вобласьць. Як ён сам заявіў — «па справах». Пасьля гэтага Мільчакоў падкрэсьліваў, што ніякіх юрыдычных падставаў затрымліваць яго ці забараняць яму зьяўляцца на тэрыторыі Беларусі ў беларускіх уладаў няма, бо нават ва Ўкраіне супраць яго не ўзбуджана крымінальная справа.

Радыё Свабода накіравала запыт у СБУ з двума пытаньнямі: ці ўзбуджаныя на тэрыторыі Ўкраіны крымінальныя справы супраць Мільчакова і ці зьвязвалася СБУ зь беларускімі праваахоўнікамі з нагоды візыту Мільчакова ў Беларусь.

«Паводле стану на сёньня ў крымінальных вытворчасьцях, якія расьсьледуюцца сьледчымі органамі бясьпекі, паведамленьне пра падазрэньне згаданай Вамі ў запыце асобы не ажыцьцяўлялася. Запыты ў праваахоўныя органы Рэспублікі Беларусь не накіроўваліся», — гаворыцца ў адказе за подпісам сьпікера СБУ Алены Гітлянскай.

«Дадаткова паведамляем, што СБУ ўлічвае ў службовай дзейнасьці інфармацыю, у тым ліку з адкрытых крыніц, аб магчымым дачыненьні некаторых асобаў да зьдзяйсьненьня злачынстваў, расьсьледаваньне якіх, у адпаведнасьці з артыкулам 216 Крымінальнага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны, аднесена да падсьледнасьці сьледчых органаў бясьпекі. Ажыцьцяўляецца старанная праверка такой інфармацыі. У выпадку яе пацьверджаньня прымаюцца меры прававога рэгуляваньня», — падкрэсьлілі ў СБУ.

Трэба адзначыць, што ў кампэтэнцыю СБУ ўваходзяць далёка ня ўсе крымінальныя злачынствы. Напрыклад, паводле артыкулу 216 КПК Украіны, расьсьледаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці (арт. 258 КК) адносіцца да кампэтэнцыі СБУ, а вось удзел у незаконных узброеных фарміраваньнях (арт. 260 КК) да кампэтэнцыі органаў унутраных спраў. У дачыненьні да значнай часткі баевікоў «ДНР» і «ЛНР» ва Ўкраіне распачатыя крымінальныя справы менавіта за ўдзел у незаконных узброеных фарміраваньнях.

XS
SM
MD
LG