Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вонкавая прывабнасьць нацыянальнай ідэі


Кадр з кліпа «Мова нанова»

Кадр з кліпа «Мова нанова»

Кліп праекту «Мова нанова» атрымаў немалы рэзананс у інтэлектуальных колах.

Siarhej Chareūski:

– «Трагікамэдыя... Філёзафы, культуролягі, літаратары... Мэтры ўцягнуліся ў дыскусію... Задалі маштаб!»

Згодны пра маштаб, ня згодны пра «трагікамэдыю». Беларускасьць – гэта трэнд. Гэта бачаць і бізнэсоўцы, і ўрадоўцы. І філёзафы, і культуролягі, і літаратары. Таму калі раскручаны брэнд «Мова нанова» выдае прадукт, ён прыцягвае ўвагу.

Я адразу адзначыў для сябе нізкую мастацкую вартасьць кліпу. І што не было б дыскусій на тэму сэксізму, калі б пэўныя грамадзкія стэрэатыпы адносіна дачыненьняў мужчына/жанчына былі паказаныя зь якасным гумарам, зь іроніяй.

Мяркую, гадоў 20-25 таму выбуху дыскусій не было б. Што заўгодна якой заўгодна якасьці беларускай мовай успрымалася на «ура!». Усё толькі пачыналася з распаўсюдам беларускай нацыянальнай ідэі. Культурных прадуктаў па-беларуску было папросту мала. Час зьмяніўся, культурны слой нарос, ня гледзячы на супраціў афіцыёзу.

Я шмат што эстэтычна не ўспрымаю ў «белсправе». Але я бачу як людзі ахвотна набываюць т-шотку з «Пагоняй», наляпанай на тканіну безь якой-кольвек дызайнэрскай думкі. Абы як прыляпляюць арнамэнт на што заўгодна – людзі купляюць. Я разумею, што згаладаліся. Разумею, што купляюць і эстэты, і ня вельмі. Купляюць што ёсьць, бо пакуль важная сутнасьць, а ня форма. Бо час зьмяніўся яшчэ ў тым пляне, што беларусапрыхільных людзей паболела. На ўсіх вонкавага хараства пакуль не хапае.

Дваццаць гадоў таму адзін француз – трэнэр па мас-мэдыях – распавядаў нашай інтэрнацыянальнай групе студэнтаў, як нельга рабіць СМІ. Трэнэр шмат правёў часу ў СССР і пасьмейваўся з савецкага стылю падачы інфармацыі. Напрыклад, калі на захадзе пісалі «памёр лідэр СССР Леанід Брэжнеў» і пасьля давалі расшыфроўку, хто гэта ёсьць, у савецкай вэрсіі самае галоўнае падавалася ў канцы. А на пачатку ішоў пералік рэгаліяў: стопяцьсто герой усялякага сацыялістычнага, тысячу разоў ардэнаносец і г.д.

Але трэнэр заўжды падкрэсьліваў, што ў кожным выпадку СМІ мусіць арыентавацца на чытача. Бяры шырэй: вытворца – на спажыўца.

Я кажу трэнэру, маўляў, дык вось нашая самая чытаная апазыцыйная газэта так па-савецку і падае матэрыялы, а людзям падабаецца, яны так звыклі, як быць? Француз не знайшоўся што адказаць, прызнаў, што пастаўлены ў тупік. Прафэсіяналізм VS звычка спажыўца.

У кантэксьце роліка «Мова нанова» той самы падзел. Вытворца ведае, што прадукт шмат хто прыме ў якой заўгодна якасьці. Больш за тое, вытворца сам гадаваўся на падобнай анты/эстэтыцы, і ня бачыць патрэбы марнаваць рэсурсы на прафэсіяналаў.

Іншы прыклад візуалізацыі беларускай ідэі – sakolka.by. Тут укладаецца шмат часу, ведаў і ўмельства. Вытворца ведае, што купляць будуць ня надта масава. Бо эстэтычная якасная рэч вымагае большых высілкаў і часу, чым няякасная штампоўка.

Дык што лепей: болей і хутчэй, але няякасна, чым меней і марудней, але эстэтна? Ва ўмовах уціску, дзе нацыянальнаму адведзены невялікі лімітаваны працэнт.

«Мова нанова», як і некаторыя іншыя ўдзельнікі працэсу нізавой беларусізацыі, зрабілі стаўку на хуткасьць і колькасьць. Ці ж можна за гэта папракнуць? Людзі працуюць, ёсьць эфэкт, попыт урэшце.

Нас ужо вельмі шмат. Казус «Мова нанова» вырашыцца, калі будзе канкурэнцыя.

Месца пад сонцам хопіць усім. У тым ліку людзям з рознымі ўяўленьнямі пра эстэтыку.

Зрэшты, канкурэнцыя ўжо пачалася, і пачалася яна «зь нізоў». З грамадзкіх ініцыятываў, якія, мяркую, сталіся нечаканымі для ўлады па сваёй запатрабаванасьці ў грамадзтве. У грамадзтве, дзе каб аддаць дзіця ў беларускамоўную гімназію, трэба начаваць у чарзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG